ГРОДНА
Панядзелак,
07 кастрычніка
2024 года
 

Мучаніцы з Навагрудка – каштоўны і нятленны скарб

З жыцця Касцёла

4 верасня ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца літургічны ўспамін бл. Марыі Стэлы і 10-ці яе паплечніц, мучаніц з Навагрудка. Манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта былі расстраляны ў Батароўскім лесе 1 жніўня 1943 года. Сёстры назарэтанкі аддалі сваё жыццё, каб выратаваць 120 чалавек, пераважна бацькаў сем’яў, і кс. Аляксандра Зянкевіча. Ахвяра манахінь не забытая і праз многія гады пасля іх мучаніцкай смерці. Бласлаўлёныя назарэтанкі заклікаюць нас любіць Касцёл і яго пастыраў, вучаць, што супраць здзекаў, гвалту, несправядлівасці трэба змагацца сілай любові і праз цярпенне прыносіць супакой свету.
Урачыстасці ў гонар бласлаўлёных З нагоды 75-годдзя мучаніцкай смерці 11-ці бласлаўлёных сясцёр назарэтанак у Навагрудку прайшлі памятныя мерапрыемствы.
    28 ліпеня ў Батароўскім лесе – на месцы расстрэлу манахінь – адбылася св. Імша, падчас якой прысутныя дзякавалі Пану за дар бласлаўлёных мучаніц для Касцёла на Гродзеншчыне і Касцёла ў Беларусі. Праз іх заступніцтва ўдзельнікі Імшы прасілі Бога аб ласцы глыбокай, моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Яго і бліжніх для саміх сябе, сваіх сем’яў, супольнасцей, да якіх належаць. Таксама маліліся за народы, якія перажываюць войны і тэрарыстычныя замахі, за краіны, дзе адбываюцца ўнутраныя канфлікты, каб насілле і нянавісць саступілі месца паяднанню і прабачэнню.
На месца, якое было акроплена крывёю мучаніц, пасля 7-ці дзён шляху прыбыла група пілігрымаў з Гродна. У пешай пілігрымцы прыйшлі таксама вернікі Пінскай дыяцэзіі з Новай Мышы, даехалі на веласіпедах паломнікі з Крамяніцы (дэканат Ваўкавыск). Прысутнічалі і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, мясцовых органаў дзяржаўных улад, святары, манаскія сёстры і вернікі з розных месцаў нашай краіны і з замежжа. Ушанаваць гераічны подзвіг сваіх папярэдніц прыбылі шматлікія манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта на чале з генеральнай настаяцельніцай с. Янай Завеяй.
    Св. Імшу ў лесе, дзе 75 гадоў таму разгарнуліся драматычныя падзеі, узначаліў абп Тадэвуш Войда, Мітрапаліт Беластоцкі (Польшча). Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі абп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і апостальскі візітатар для грэкакатолікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
    Звяртаючыся да сабраных з гаміліяй, кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што “гэты прыгожы лес стаў Кальварыяй, на якой сёстры па прыкладзе Езуса ахвяравалі сваё жыццё за бліжніх. Гэтае месца заклікае нас да новага асэнсавання Божага закона аб любові да бліжняга, каб пазбегнуць падобных трагедый. Мы рэалізуем вобраз Бога ў сабе, калі любім бліжняга, прабачаем яго правіны, баронім жыццё ад зачацця да натуральнай смерці, умацоўваем мір і справядлівасць у свеце, дбаем пра годнасць чалавека... Праз нас Бог уваходзіць у гісторыю, каб сваёй ласкай і супакоем напоўніць зямлю”.
У “Белай Фары”, куды сёстры  хадзілі на малітву, сёння  захоўваюцца іх астанкі    Іерарх падкрэсліў, што страшная трагедыя, якая здарылася тут шмат гадоў таму, заклікае ўсіх да рахунку сумлення з любові да бліжняга і да веры. A пацвердзіць гэта, па словах арцыбіскупа, магчыма толькі сведчаннем свайго жыцця паводле вучэння і прыкладу Хрыста.
    Па словах арцыпастыра, успамінаем падзеі 75-гадовай даўнасці не для таго, каб разрываць загоеныя раны і пасыпаць іх соллю, але для таго, каб на памылках мінулага выхоўваць новыя пакаленні і каб падобнае ніколі не паўтарылася.
    Падчас Эўхарыстыі сабраныя маліліся таксама аб беатыфікацыі с. Малгажаты Банась – 12-ай назарэтанкі з Навагрудка, якая пазбегла мучаніцкай смерці.
    Пасля Імшы прысутныя мелі магчымасць асабіста ўшанаваць рэліквіі бласлаўлёных назарэтанак.
   
    Фарны касцёл у Навагрудку атрымаў статус санктуарыя
    Урачыстае абвяшчэнне касцёла Перамянення Пана санктуарыем бл. Марыі Стэлы і 10-ці яе паплечніц адбылося 29 ліпеня на заканчэнне ўрачыстасцей 75-годдзя мучаніцкай смерці манахінь.
 Апостальскі нунцый у Беларусі абп Габар Пінтэр узначальвае  св. Імшу на заканчэнне ўрачыстасці   У св. Імшы, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі абп Габар Пінтэр, прынялі ўдзел шматлікія духоўныя і свецкія асобы, а таксама манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
    На распачацце ўрачыстасці да сабраных звярнуўся кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх распавёў пра веліч ахвяры бласлаўлёных манахінь і падзякаваў Богу за дар сясцёр мучаніц для Касцёла: “Здаецца, што ніхто выключна ўласнымі сіламі не здольны адважыцца на такую гераічную любоў. Аднак гісторыя ведае прыклады мучанікаў, якія, умацаваныя Божай ласкай, здолелі дасягнуць вяршыні святасці на шляху менавіта такой бязмежнай любові да бліжняга, як ахвяра ўласнага жыцця. Да ліку герояў веры належаць і бласлаўлёныя сёстры мучаніцы з Навагрудка”.
    Затым прысутных прывітаў кс. абп Габар Пінтэр.
    У гаміліі прадстаўнік Святога Айца таксама падкрэсліў моц ахвярнай любові: “Сёння перамога мучанікаў і іх сведчанне моцай Бога працягваюць прыносіць плён у Беларусі, у Касцёле, які атрымлівае ўзмацненне ад іх ахвяры”. Іерарх дадаў, што сёстры сярод тэрору вайны праз малітву, ахвяру і салідарнасць раздзялілі лёс праследаваных людзей. Бог паклікаў усю іх супольнасць да асаблівай місіі. Аб’яднаныя любоўю, яны разам пайшлі на смерць і разам былі ўзнесены да хвалы алтара.
Удзельнікі ўрачыстасці ўшаноўваюць рэліквіі бласлаўлёных мучаніц     Найбольш кранальнай часткай св. Імшы стала працэсія з дарамі. Падчас яе ўдзельнікі шэсця склалі на алтар Пана, між іншым, сцяг навагрудскай школы, дзе служылі загінуўшыя сёстры назарэтанкі. Яго прынеслі былыя навучэнцы сясцёр мучаніц, якія прыбылі на ўрачыстасць, каб ушанаваць выхавацельніц. Сваёй прысутнасцю яны ажывілі ўспаміны пра бласлаўлёных манахінь, дазволіўшы вернікам дакрануцца да вялікай гісторыі.
    Новы санктуарый, дзе змешчаны рэліквіі мучаніц, стане месцам асаблівай памяці, абвяшчэння і перадачы наступным пакаленням сведчання гераічнай любові да Бога і бліжняга, якое сёстры назарэтанкі з Навагрудка склалі ў часы ІІ Сусветнай вайны. Прыклад бласлаўлёных манахінь і іх бязмежная вернасць Хрысту Пану і Яго Евангеллю павінны ўзбудзіць у сэрцах сучасных хрысціян жаданне супрацоўніцтва з Божай ласкай і нястомнага ўзрастання ў асабістай святасці.
   
    Па прыкладзе бласлаўлёных сясцёр
   Памятны здымак пілігрымаў на месцы мучаніцтва сясцёр Сёстры назарэтанкі, якія зараз служаць у Навагрудку, працягваюць справу бласлаўлёных мучаніц. Яны займаюцца апостальскай дзейнасцю, катэхізацыяй, працуюць закрыстыянкамі, выпякаюць аплаткі і гостыі, як іх папярэдніцы, служаць сем’ям і такім чынам рэалізуюць сваю харызму – пашыраюць Валадарства Божай любові.
    “Бласлаўлёныя назарэтанкі склалі сябе ў ахвяру за сем’і, – гаворыць с. Назарыя Міклаш. – У сучасным свеце сужэнствы таксама знаходзяцца ў небяспецы. І хоць праблемы, з якімі яны сутыкаюцца, ляжаць зусім у іншай плоскасці, чым раней, яны з’яўляюцца не менш важнымі і патрабуюць вырашэння. Мы стараемся быць руплівымі і ахвярнымі ў сваім служэнні сем’ям: спяшаемся з дапамогай усім патрабуючым і дапамагаем ім у вырашэнні складаных жыццёвых сітуацый. Арганізоўваем сустрэчы і рэкалекцыі, апекуемся Таварыствам імя Найсвяцейшай Сям’і, а таксама аказваем малітоўную падтрымку сем’ям і выпрошваем для іх патрэбныя ласкі”.
    С. Назарыя таксама адзначае, што назарэтанкі з Навагрудка прыкладваюць шмат намаганняў дзеля таго, каб памяць аб сёстрах мучаніцах жыла, а іх культ няспынна пашыраўся. Яны гасцінна сустракаюць пілігрымаў і турыстаў, знаёмяць іх з фарным касцёлам і распавядаюць гісторыю бласлаўлёных манахінь.
    “Навагрудскую фару на працягу года наведвае шмат людзей. Яны абавязкова заходзяць у бакавую капліцу, дзе ў саркафагу знаходзяцца рэліквіі мучаніц, і давяраюць іх заступніцтву свае сем’і, радасці і смуткі, просяць апекі, бо вераць, што будуць выслуханы”, – падкрэслівае манахіня.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  86

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.