ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Ці мае права Касцёл умешвацца ў асабістае жыццё чалавека?

Задай пытанне

Ці мае права і ці павінен Касцёл умешвацца ў асабістае жыццё чалавека, нават калі гэта не датычыць духоўных аспектаў?
Касцёл вандруе разам з усім чалавецтвам па дарогах гісторыі. Ён знаходзіцца ў свеце, хаця ён не са свету (параўн.: Ян 17, 14–16), але прызваны служыць яму, ідучы за сваім унутраным пакліканнем.
    Што датычыць Рыма-Каталіцкага Касцёла, то ён мае апалітычны характар. Касцёл – гэта Божая сям’я, і да яго праз хрост належаць людзі розных поглядаў. Задача Касцёла – абвяшчаць Добрую Навіну і весці Божы люд да вечнага жыцця. Выконваючы місію абвяшчэння Евангелля, Касцёл у імя Хрыста не дыктуе, але нагадвае чалавеку пра яго асабістую годнасць і пакліканне да супольнасці асоб. Ён вучыць чалавека патрабаванням справядлівасці і спакою, якія адпавядаюць Божай мудрасці. Касцёл мае права быць для верніка настаўнікам праўд веры, аднак не толькі дагматычных, але таксама і маральных, што вынікаюць з самой чалавечай прыроды і з Евангелля, словы якога прызначаны не толькі для слухання, але і для ажыццяўлення (параўн.: Мц 7, 24; Лк 6, 46– 47; Ян 14, 21. 23–24; Як 1, 22).
Для Касцёла сацыяльнае вучэнне не з’яўляецца нейкім прывілеем, адхіленнем ці клопатам пра асабістую карысць або ўмяшаннем у чужыя справы. Касцёл мае права евангелізаваць сацыяльную сферу, г. зн. абвяшчаць Евангелле ў складаным свеце вытворчасці, працы, прадпрымальніцтва, фінансаў, гандлю, палітыкі, юрыспрудэнцыі, культуры, грамадскіх адносін, у якіх жыве чалавек – чалец Касцёла. Гэта права адначасова з’яўляецца абавязкам, паколькі Касцёл не можа адрачыся ад яго, не здрадзіўшы самому сабе і не парушыўшы вернасць Хрысту: “Гора мне, калі б я не абвяшчаў Евангелля” (1 Кар 9, 16). Перасцярога, якую св. Павел скіроўвае да сябе, гучыць у сумленні Касцёла як заклік прайсці ўсе магчымыя шляхі евангелізацыі: не толькі тыя, якія вядуць да сумлення асобнага чалавека, але і тыя, што накіраваны да грамадскіх інстытутаў. З аднаго боку, нельга абмяжоўваць рэлігію рамкамі прыватнага жыцця, а з другога, нельга лічыць хрысціянскую навіну толькі прапаведаваннем выключна пазазямнога збаўлення, якое не здольна асвятліць нашае жыццё на зямлі. Задача Касцёла – заўсёды і ўсюды абвяшчаць маральныя прынцыпы, у тым ліку тыя, што належаць да грамадскага парадку, і тым самым ацэньваць усякую людскую справу, калі гэтага патрабуюць асноўныя правы чалавечай асобы і збаўленне душ. Касцёл навучае і ацэньвае дзеянні згодна з Евангеллем, але ніколі не дыктуе. Бог стварыў чалавека свабодным. Тут верніку важна разумець розніцу: чым з’яўляецца свабода, а што такое ўсёдазволенасць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.