ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Святы заступнік з Падуі

Нашы заступнікі перад Богам

Cв. Антоній Падуанскі ўшаноўваецца шматлікімі вернікамі за цуды, учыненыя праз яго заступніцтва. Нягледзячы на тое, што мінула ўжо амаль 8 стагоддзяў пасля яго смерці, святы па-ранейшаму карыстаецца вялікай пашанай у вернікаў, асабліва ў жыхароў мястэчка Адэльск, дзе кожны год 13 чэрвеня праходзіць фэст у гонар св. Антонія.
Св. Антоній Адэльскі – так мы называлі і называем гэтага святога. Аб ім я даведаўся найперш ад сваіх бацькоў і бабулі. Кожны раз, калі мы прыходзілі ў касцёл, заўсёды спачатку ішлі маліцца да алтара св. Антонія. Мяне вельмі заварожвалі воты, якія знаходзіліся над алтаром. Я распытваў бацькоў, што азначаюць такія знакі і чаму яны там знаходзяцца. Даведаўшыся, што гэта сімвалы ўдзячнасці ад людзей за атрыманыя ласкі, пранікся вялікай пашанай да св. Антонія і, будучы падлеткам, часта маліўся каля алтара з цудоўным абразом святога.
Калі ў 1961 годзе наша сям’я пераехала ў Гродна, я як парафіянін францысканскага касцёла часта маліўся перад абразом св. Антонія ў святыні, асабліва падчас экзаменаў у школе, пры паступленні ў інстытут і ў студэнцкія гады. Нярэдка прыходзіў да алтара святога ў пабернардынскі касцёл.
    Але трэба адзначыць, што культам св. Антонія я прасякнуўся менавіта ў адэльскай парафіі. Маё дзяцінства прыпала на гады ганенняў на веру, калі ў мястэчку доўгі час не было святара. Аднак на адпуст у гонар св. Антонія вернікі заўсёды дабіваліся ва Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей дазволу, каб прыехаў ксёндз з іншай парафіі. Памятаю, якія натоўпы людзей прымалі ўдзел у адпустовых набажэнствах… Здавалася, што ўвесь навакольны свет з’язджаўся ў Адэльск. Людзей прыцягваў таксама кірмаш, які адбываўся падчас фэсту.
    Культ св. Антонія яшчэ больш развіўся ў мясцовасці пасля таго, як у сярэдзіне 50-ых гадоў мінулага стагоддзя пробашчам быў прызначаны кс. Пётр Барташэвіч, таленавіты казнадзей і апякун моладзі. Міністрантам я шмат часу праводзіў у закрыстыі і на свае вочы бачыў, як парафіяне прасілі святара, каб той памаліўся ў іх асабістых інтэнцыях да св. Антонія. Людзі моцна верылі ў дапамогу святога, таму звярталіся да яго. На мяне, падлетка, гэта рабіла вялікае ўражанне. Не пабаюся сказаць, што мая духоўная фармацыя адбывалася пад наглядам св. Антонія. Культ святога і вера людзей у яго дапамогу ў часы, калі ўсюды казалі, што рэлігія – гэта опіум для народа, былі такімі значнымі, што ўсе захады атэістаў не змаглі парушыць фундамент Касцёла.
    Сёння нельга сабе ўявіць Адэльск без св. Антонія і адпусту ў яго гонар. Да ўрачыстасці прымеркаваны розныя набажэнствы, нават апоўначы. Прыемна бачыць, што традыцыя прамаўляць Ружанец усёй сям’ёй, ходзячы навокал касцёла, трывае да гэтага часу, як і абыходжанне галоўнага алтара на каленях. Дзякуючы намаганням былога пробашча кс. Валерыя Быкоўскага ў Адэльску ўстанавілі скульптуру святога. Цяпер ён вітае і праводзіць падарожнікаў, што завіталі ў мястэчка. Цяперашні пробашч кс. Віталій Внароўскі распачаў маштабныя рамонтныя працы ў касцёле, якія, напэўна, будуць спрыяць далейшаму развіццю культу св. Антонія.
    Вядома, што святы з’яўляецца апекуном, які дапамагае знаходзіць згубленыя рэчы. Менавіта ў мяне гэта чамусьці асацыявалася са страчанай верай, таму лічыў неабходным маліцца да святога, каб адшукаць яе. Будучы ўжо святаром і біскупам, я часта прыбягаю да гэтага параўнання, бо справа згубы веры вельмі актуальна ў наш час. Веру, што праз заступніцтва св. Антонія сучасны чалавек можа нанова адшукаць веру і жыць ёю. Таму ў наш час прагрэсіруючай секулярызацыі варта звяртацца да святога і прасіць яго дапамогі, каб заставацца моцнымі верай і хрысціянскім сведчаннем.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.