ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Цярпенне вядзе да паўнаты жыцця

Слова рэдактара

 Мы штодзённа з’яўляемся сведкамі фізічнага і духоўнага цярпення маладых і старэйшых, багатых і бедных людзей. Яно закранае і вучоных, і неадукаваных, тых, хто мае ўладу, і звычайных грамадзян. Прысутнічае ў жыцці як веруючых, так і далёкіх ад веры асоб. Цярпенне з’яўляецца адной з праблем, з якой чалавецтва змагаецца на працягу тысяч гадоў, увесь час нанова шукаючы адказы на мноства звязаных з ім пытанняў.
    Вядомы французскі пісьменнік Анатоль Франс некалі напісаў: “Гісторыю ўсіх людзей можна перадаць 3-ма словамі: нараджэнне, цярпенне, смерць”. Толькі ў дзіцячых казках і выдуманых апавяданнях героі жывуць доўга і шчасліва. У рэальным жыцці ж адбываецца інакш – пакуты складаюць істотную частку зямнога існавання.
Часта цярпенне з’яўляецца таямніцай, бо перарастае нашу здольнасць разумення. Чалавек не можа поўнасцю яе зразумець, так сама, як не можа ўнікнуць у іншыя таямніцы веры, бо яны знаходзяцца ў Божых руках. Мы здольны зразумець каштоўнасць і неабходнасць цярпення ў духу веры. Аднак, калі яно закранае нас, з цяжкасцю можам яго прыняць, бо баімся болю і ўласнай слабасці. Гэта складанае выпрабаванне для нашай веры. У такія моманты часта здаецца, што свет несправядлівы. Нярэдка тады, пакрыўдзіўшыся на Бога і людзей, мы выказваем свой пратэст і злосць, замыкаемся ў сабе. Губляем жаданне жыць і сам сэнс жыцця. Хочам як мага хутчэй з гэтым пакончыць.
    Але калі прымаем цярпенне і згаджаемся з ім, яно становіцца ўзбагачальным вопытам, і нават бласлаўленнем. Так адбываецца, калі чалавек, які перажывае цярпенне, нібы кідаецца ў абдымкі Езуса, пакутуе разам з Ім. Такая пастава адкрывае вочы на многія справы, якія здаваліся няважнымі, вучыць пакоры.
    Цярпенне, прынятае як выпрабаванне, можа ўмацаваць веру, а часам дапамагае знайсці Бога нанова. Гэта таксама сустрэча з Панам, хоць і можа здавацца, што Ён пакідае чалавека ў цярпенні. Бо Бог прысутны там, дзе здзяйсняецца таямніца пакут. Цярпенне з’яўляецца пакліканнем да яшчэ большай любові. А любоў – гэта паўната веры.
    11 лютага бягучага года мы адзначалі 25-ты Сусветны дзень хворых. Устанаўліваючы гэтае свята, св. Ян Павел ІІ хацеў звярнуць увагу вернікаў на хрысціянскі сэнс цярпення. Аднак гэта не толькі свята ўсіх хворых, але і дзень рахунку сумлення для здаровых людзей. Сёння, калі мы зачыняемся на “надворках” уласных клопатаў і праблем, часта такім жа чынам закрываемся на патрэбы іншага чалавека. Гэты дзень усім здаровым людзям павінен прыгадаць пра церпячых братоў, зрабіць адчувальнымі да бліжняга, заахвоціць да добрых учынкаў, а ўсіх пакутуючых – навучыць пакоры і поўнаму даверу сваіх штодзённых клопатаў Пану Богу, дапамагчы ўсвядоміць, што праз сваё цярпенне яны здольны ўчыніць шмат дабра.
   
      Дарагія Чытачы!
    Трэба памятаць, што кожнае цярпенне мае збаўчы сэнс – вядзе да паўнаты жыцця. Прыняцце духоўных ці цялесных пакут у значнай меры залежыць ад веры і ўнутранай паставы. Дык няхай у нашым жыцці будзе месца для малітвы аб зразуменні вартасці цярпення, аб адкрытых сэрцах і мужнасці, каб прыняць крыж, які Пан дае кожнаму з нас.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.