ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Пахавальныя звычаі: міфы і рэальнасць

Інтэрв'ю

Падчас пахавання людзі часта завешваюць люстэркі, кладуць хлеб на стале каля крыжа. Калі выносяць цела, пераварочваюць лавы і табурэткі, на якіх стаяла труна, сыплюць зерне, лічаць кветкі, каб была парная колькасць… Чыняць розныя непатрэбныя рэчы замест таго, каб засяродзіцца на малітве і рахунку сумлення. Раскажыце, калі ласка, у газеце, якіх звычаяў з няведання прытрымліваюцца хрысціяне і як трэба правільна праводзіць абрад пахавання.
    Немчыновіч Ганна, г. Свіслач
   
    На гэтыя і іншыя пытанні адказвае кс. Юрый Медушэўскі, пробашч парафіі свсв. апап. Пятра і Паўла ў в. Мядзведзічы (Пінская дыяцэзія).

   - Ці даводзілася Вам сутыкацца ў душпастырскай практыцы з людскімі забабонамі падчас пахавання? Раскажыце, як рэагавалі на такія сітуацыі.
    - Сутыкаюся з забабонамі амаль што на кожным пахаванні. І што цікава: людзі ўпэўніваюць сябе, што прытрымліваюцца старажытнай традыцыі, якую павінны свята захоўваць, бо інакш згубяць самасвядомасць. На такое перакананне я маю толькі адно пытанне: а што наконт хрысціянскай самасвядомасці? Святое Пісанне нам канкрэтна гаворыць: дзе скарб твой, там і сэрца тваё. Калі ставім Хрыста на другое месца, то чаму пасля патрабуем захавання Яго абяцання аб збаўленні? Часцей за ўсё стараюся падобнымі словамі заахвоціць людзей да малітоўнай падтрымкі душы памерлага. Спрабую папярэдзіць выкананне забабонаў: калі прыходжу ў дом, дзе знаходзіцца памерлы, лумачу, што за чым будзе адбывацца. Тады людзі не мітусяцца, а засяроджваюцца на малітве.

    - Напэўна, распаўсюджванню забабонаў спрыяюць асаблівасці псіхікі чалавека...
    - Аднойчы паехаў з манаскай сястрой на пахаванне. Яна ўзяла з сабою слоічак з асвечанай вадою, бо не было малога крапідла. Прыехалі на могілкі, памаліліся. Бачу, што сястра хоча выліць рэшту вады ў магілу. Я асцярожна яе стрымаў, папрасіў выліць ваду пад дрэва. Пасля растлумачыў, што людзі звярнулі б увагу на гэты жэст і надалі яму глыбокі сэнс. Магла нарадзіцца новая традыцыя. І ніхто б пасля не ўспомніў, адкуль яна пайшла.
   
    - Адзін з самых старажытных звычаяў – завешваць люстэркі ў доме, дзе знаходзіцца памерлы. Вядома, у яго не хрысціянскія карані?
    Калі не памыляюся, нежывое цела чалавека выдзяляе фосфар, а люстэрка яго ўпітвае. І калі не закрыць люстэрка, то пазней сілуэт памерлага можа ў ім адбіцца. Справа тыпічна хімічная. А людзі прыдумваюць, што гэта памерлы прыходзіць, бо хоча яшчэ затрымацца побач з імі.
   
    - Страшна падумаць, але большасць павер’яў заснаваны на... эгаізме чалавека. Нават у хвіліны смерці бліжняга людзі думаюць пра сябе: “як выправадзіць смерць з хаты”, “не наклікаць бяды”... Менавіта таму многія баяцца азірацца, ідучы ў пахавальнай працэсіі, ставяць у хаце шклянку з вадой, накрываючы лустай хлеба, пераварочваюць лаўкі ці стол, дзе стаяла труна, каб ніхто ў гэтым годзе не памёр.
    - Так, сапраўды, перад абліччам смерці, калі няма даверу да Бога, выходзіць і страх, і бунт адносна Провіду. Таму чалавек не згаджаецца са смерцю блізкіх і абураецца на Усявышняга, а часам і блюзнерыць.
    І атрымліваецца, што смерць блізкага чалавека, якая павінна ўзмацняць нашу веру, наадварот, забівае яе. Здаралася мне хаваць людзей у глыбокарэлігійных сем’ях, дзе ў момант пахавання ніхто не галасіў, прыгаворваючы: “А чаго ты туды ідзеш?”, “А чаму ты не ўстаеш?” і да т. п. У іх малітвах адчувалася ўдзячнасць Богу за дар жыцця і збаўлення. Дарэчы, успамінаю суседа, які ў маладосці ў касцёл асабліва не хадзіў, не кажучы ўжо пра сакраментальнае жыццё. Але менавіта смерць дзядулі, якога вельмі моцна любіў, прывяла яго ў касцёл, прымусіла задумацца над сваім жыццём і кардынальна змяніць яго ў лепшы бок. Сёння ён святар.
   
    - Часам людзі робяць некаторыя сімвалічныя жэсты, не разумеючы іх сапраўднага значэння. Вось, напрыклад, вочы закрываюць з боязі, каб нябожчык “не ўглядаўся, каго забраць з сабой”. На самой жа справе, хрысціяне робяць гэта, прыпадабняючы памерлага да спячага. Бо, згодна Бібліі, чакаецца другое прыйсце Хрыста, калі ўсе памерлыя абудзяцца.
    - Тое ж адбываецца і з сімвалічным жэстам кідання зямлі на труну падчас развітання. Некаторыя лічаць, што тым самым засцерагаюць сябе ад нябожчыка: каб не прыходзіў і не палохаў. А на самой справе? Святар кідае зямлю на труну і прамаўляе словы: “Памятай, што ты з пылу паўстаў, і ў пыл вернешся”. Так і вернікі, кідаючы жменю зямлі, павінны прыпамінаць сабе гэтую праўду.
   
    - На пахаванні можна назіраць за тым, як моцна людзі прывязаны да матэрыяльнага свету. Некаторыя кладуць у труну асабістыя рэчы памерлага...
    - Часам даходзіць да камічных сітуацый. Адзін вартаўнік распавядаў, што некалькі сутак чуў на могілках музыку. Вядома, быў моцна напалоханы. Як пазней высветлілася, родныя паклалі ў труну магнітафон, які любіў памерлы, і ён граў, пакуль не селі батарэйкі... Аднойчы назіраў, як у труну клалі грошы. Хацелася ў такой сітуацыі спытаць, што па чым у небе можна набыць.
   
    - Што, згодна хрысціянскаму звычаю, павінна быць у труне?
    - У асяроддзі, дзе я служу, заўсёды даюць у рукі ружанец. Думаю, гэтага больш чым дастаткова.
   
    - У выпадку крэмацыі святыя рэчы спальваюцца разам з целам?
    - Так, асвечаныя рэчы выкідаць нельга, таму іх спальванне – натуральная справа.
   
    - А ці трэба на пахаванні прысутнічаць дзецям? Раней гэта было распаўсюджанай практыкай.
    - Пытанне даволі асабістае. Трэба звярнуць увагу, наколькі дзіця падрыхтавана. Важна расказаць яму, што адбываецца. Некаторыя дарослыя замест таго, каб растлумачыць сэнс хрысціянскай веры, палохаюць дзяцей памерлымі: нібы калі тыя не будуць слухацца, то нябожчыкі па іх прыйдуць. І тады, вядома, дзіця будзе пазбягаць пахавання, расцэньваць яго як выключна негатыўны момант у жыцці чалавека. А пры нармальным падыходзе і добрым тлумачэнні прысутнасць дзіцяці на пахаванні – гэта пераказ веры.
   
    - З якой мэтай ладзяцца памінкі? Як яны павінны праходзіць?
    - Памінкі праводзяць для таго, каб сям’я магла сабрацца разам. Бо вядома, на штодзень усе бегаюць, мітусяцца. Пахаванне – гэта момант прыпынку і супакою, якія, між іншым, спрыяюць аб’яднанню сям’і. Ведаю адну вёску, дзе ўжо стала традыцыяй правядзенне памінак без алкаголю. І хоць раней усе ёй супраціўляліся, зараз падтрымліваюць і радуюцца, што трываюць у духу добрай памяці аб памерлым, не ператвараючы пахавання ў вяселле.
   
    - І што атрымліваецца? Большасць пахавальных звычаяў – гэта забабоны, назапашаныя чалавецтвам на працягу стагоддзяў?
    - Відаць, што так. Варта памятаць: адзінае, чаго ад нас патрабуе памерлы на шляху да неба, – малітоўная падтрымка, і толькі.
   
Як правільна праводзіць абрад пахавання:
   
    1. Малітва родных і суседзяў пры труне памерлага ад моманту злажэння цела да прыбыцця святара.
    2. Першая стацыя ў доме памерлага (праводзіць святар).
    3. Момант развітання родных з памерлым.
    4. Другая стацыя – пахавальная св. Імша з абрадам развітання (у касцёле або ў капліцы на могілках).
    5. Трэцяя стацыя – малітва на могілках.
    6. Пасля заканчэння малітвы пры апусканні труны спяваецца “Анёл Панскі”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.