ГРОДНА
Серада,
22 мая
2024 года
 

Малымі крокамі да Пана...

Слова рэдактара

22-457-pdf byБог стаў Чалавекам, каб чалавек стаў Богам”. З мэтай добра перажыць гэтую праўду, унікнуць у яе, неабходна спыніцца, задумацца. Менавіта для гэтага служыць Адвэнт (ад лац. “adventus” – прыбыццё, прыход). Падчас яго мы, з аднаго боку, узгадваем першы прыход Езуса – нараджэнне ў хлеўчыку, а з другога – рыхтуемся да Яго паўторнага прыйсця ў канцы часоў, пасля якога, як гаворыцца ў Бібліі, Бог будзе ўсім ва ўсіх, і кожная сляза будзе выцерта.
    Касцёл навучае, што Адвэнт – час радаснага чакання Хрыста, і адначасова заахвочвае ўсіх да адрачэння і нават пакуты. У Евангеллі на пачатак гэтага перыяду чуем: “Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі. (...) Таму чувайце і маліцеся ўвесь час” (Лк 21, 34–36).
Чуванне і малітва – гэта суцішэнне і абвастрэнне пачуццяў, прыслухоўванне да сябе, іншага чалавека, Бога. Гэта таксама гатоўнасць да нечаканага, раптоўнага, таго, што павінна прыйсці. Аднак, каб чуванне было эфектыўным, неабходна сачыць не толькі за душой, але і за целам. Адсюль заахвочванне да посту. Неабавязкова ад ежы: у большай ступені ад таго, што нас знявольвае, робіць абцяжаранымі – фізічна, разумова і духоўна. Да таго ж кожнае свята больш радаснае, калі рыхтуючыся ў чымсьці сабе адмаўляем. Перажываючы чарговы Адвэнт, трэба ўсвядоміць, чаго на самой справе не хапае нашаму чаканню, каб адчуць сапраўдную радасць і супакой. Можа, яно заглушана іншымі рэчамі?
    Чытаючы Апостальскія пасланні св. Паўла, можна заўважыць, што першыя хрысціяне з радасцю чакалі паўторнага прыходу Хрыста. Поўныя надзеі, былі перакананыя, што гэта вось-вось здарыцца. Сёння ж, гледзячы на свет і сучасных хрысціян, нярэдка можа скласціся ўражанне, што ў іх жыцці ўвогуле не было чакання Жаніха. Яны не выходзілі Яму насустрач. Ніколі.
    Гэтай надзеі чакання сёння ўсё часцей усім нам не хапае. Не стае пераканання, што сапраўды адбываецца штосьці значнае. Гаворка не аб эмоцыях.
    Св. Павел заахвочвае трываць у супакоі, сярод штодзённай працы, без нейкіх непатрэбных жэстаў, што робяцца толькі з-за знешніх прычын. Чакаць трэба пастаянна, з надзеяй і верай, прыняўшы ласку і прагненне, якое абуджае ў нашых сэрцах Езус.
   
   Дарагія Чытачы! Як веруючыя людзі мы павінны напаўняць сваё асяроддзе радасцю ад пераканання, што накіроўваемся на сустрэчу Таго, Які ёсць, быў і прыходзіць, каб завяршыць гісторыю свету. Да гэтага спаткання неабходна падрыхтавацца праз розныя адрачэнні і чаканне. Належыць паклапаціцца пра тое, каб нашыя сэрцы поўніліся любоўю да кожнага чалавека. Калі такой будзе пастава, то Адвэнт на самой справе стане часам радаснага чакання прыходу Хрыста: як у час свят Божага Нараджэння, так і ў апошні дзень.
    У касцёлах падчас Адвэнту часта можна ўбачыць сімвалічную лесвіцу, па якой сыходзіць Пан Езус. Няхай яна адновіць у нас уменне чакаць і прыгадае, што больш упэўнена вядуць да мэты маленькія крокі. Вялікія – цяжка выканаць, яны хутка стамляюць. Малыя ж можа адолець кожны без задышкі і стомленасці. Выйдзем жа з радасцю насустрач нашаму Пану!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  224

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.