ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Больш за паўвека без славутага храма

Парафіі і святыні

55 гадоў таму была зруйнавана Фара Вітаўта – адна з найпрыгажэйшых каталіцкіх святынь Беларусі. Неад’емная частка гродзенскай ідэнтычнасці праіснавала ў розных архітэктурных варыянтах 600 гадоў. Перажыла пажары і войны. Знішчана ў мірны час у ноч з 28 на 29 лістапада 1961 года.
Рашэнне пра разбурэнне храма было прынята на пасяджэнні гарвыканкама. Яго мэтазгоднасць тлумачылася планам “генеральнай забудовы горада”. На самой жа справе галоўная прычына такога рашэння – моцнае раздражненне партыйных кіраўнікоў колькасцю храмаў у цэнтры горада.
    Знішчыць святыню вырашылі з дапамогай узрыўчаткі. Працу даручылі спецыялістам з Ленінграда, якімі кіравала маладая дзяўчына. Калі справа была зроблена, па горадзе пайшлі чуткі, быццам тая моцна захварэла. “Гэта Божае пакаранне”, – перагаворваліся мясцовыя жыхары.
    На месцы велічнай Фары засталіся толькі руіны. Навакольныя вуліцы пакрыў чырвоны пыл. Гродзенцы, якія былі сведкамі страшнай падзеі, успамінаюць, што касцёл нібыта страшнай рукой быў падняты ўверх, а потым на вачах пачаў таяць. “Добра памятаю той дзень, – звяртаецца да мінулых падзей у дакладзе на Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе ў Гродне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. – Я ехаў на аўтобусе ў школу. На Савецкай плошчы нехта сказаў: «Усё, касцёла няма»...
Пасля ўрокаў пайшоў на плошчу і ўбачыў руіны разбуранай святыні. Гэта была сапраўдная духоўная i культурная катастрофа. Горад у адначассі страціў свой гістарычны выгляд”.
    “З самай раніцы ля месца трагедыі маліліся і плакалі людзі, – узгадвае Тэрэза Белавусава, карэнная гарадзенка. – Мой бацька Іосіф Яскілевіч не мог зразумець, як можна было так па-варварску знішчыць унікальны помнік архітэктуры. І вельмі моцна шкадаваў, што нашчадкі не ўбачаць прыгожы велічны храм. Памятаю, тата збіраў на руінах цэглу, якая засталася ад узарванага касцёла. А калі да нас прыязджалі госці, бацька даваў ім на развітанне «часцінку» Фары. Людзей вельмі кранаў гэты жэст. Яны разумелі, наколькі каштоўна атрымаць з рук веруючага чалавека кавалак намоленай вякамі цэглы, у якой хаваецца гісторыя каталіцкай святыні... Успамінаю, як раней дзецьмі разам з бацькам прыходзілі да Фары Вітаўта. Мы з цікавасцю разглядалі масіўныя дзверы, якія ў той момант ужо былі закалочаны дошкамі. Дзівіліся вялікім замочным свідравінам. Тата распавядаў, што ў храме быў вельмі прыгожы алтар. Праз высокія стрэльчатыя вокны ў святыню пранікала шмат сонечнага святла. Яркія промні траплялі на вітражы, і складвалася ўражанне, што людзі пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі”.
   
    Частку рэлігійных прадметаў з касцёла пашчасціла ўберагчы
    У 2014 годзе на месцы зруйнаванага храма быў усталяваны памятны знакВядома, што перад разбурэннем Фары Вітаўта ўдалося ўратаваць частку аргана. Мясцовыя парафіяне паспелі перанесці яго ў катэдру. Разам з арганам – фігуру Езуса Уваскрослага, келіхі і манстранцыю, а таксама фігуру Маці Божай. Ацалеў і крыж, што стаяў над табернаклем. У 1943 годзе ён разам з абсталяваннем касцёла быў выкінуты немцамі на вуліцу. Адтуль яго забрала і захоўвала дома Яніна Кур’ята. У 1944 годзе падчас адной з бамбардзіровак усе дамы навокал былі знішчаны, а дом Яніны застаўся цэлым. З таго часу сям’я стала лічыць крыж цудоўным. Пасля ІІ Сусветнай вайны Кур’яты пераехалі ў Элк (Польшча). Аднойчы да іх завітаў з душпастырскім візітам кс. Казімір Храстоўскі. Святар успамінае, як падняў крыж уверх і “на некалькі хвілін рука замерла, пасля чаго, хоць бачыў гэтае распяцце ўпершыню, пачуў уласныя словы: «гэта крыж з касцёла»”. Гаспадары пацвердзілі тое і расказалі ксяндзу гісторыю рэліквіі. Затым быў састаўлены дакумент перадачы крыжа. Пазней ён быў змешчаны на алтары ў кляштары ў Сточку.
   
    (у тэксце выкарыстаны матэрыялы з кнігі “Гародня X–XX стст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам” і інтэрнэт-старонкі olsztyn.gosc.pl)
   
Дзеля папулярызацыі гісторыі і архітэктурнай каштоўнасці святыні была створана папяровая 3D-мадэль Фары Вітаўта. Рэалізаваны мультымедыйны праект “Гародня. 50 год без Фары Вітаўта”, у межах якога выдадзена кніга і дыск з унікальнымі фатаграфіямі, гісторыяй існавання і знішчэння храма, успамінамі жыхароў горада і даследаваннямі гісторыкаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.