ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Блізкія па роду і духу

З жыцця Касцёла

Як паведаміла Ватыканскае радыё, у канцы кастрычніка Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Папскага інстытута Яна Паўла ІІ – арганізацыі, якая займаецца вывучэннем пытанняў, звязаных з сям’ёй і сужэнствам. Пантыфік заўважыў, што актуальнай сёння з’яўляецца тэма “блізкасці” Касцёла. Пажадаў, каб тэалогія і душпастырства сем’яў ішлі разам. На гэтай падставе прапануем паразважаць над тэмай душпастырства сем’яў у Гродзенскай дыяцэзіі.
Сям’я – гэта хатні Касцёл
    Кожны пробашч дыяцэзіі становіцца душпастырам сем’яў, якімі апекуецца ў парафіі. У сваю чаргу ўсякі вернік уваходзіць у гэтую супольнасць, таму што з’яўляецца бацькам або маці, сынам або дачкой. Душпастырства сем’яў нельга вылучыць са структуры Касцёла, паколькі ўсе верныя складаюць адну вялікую хрысціянскую сям’ю.
    Як жа духавенства сёння клапоціцца аб сем’ях? Ва ўсіх парафіях адбываецца адпаведная падрыхтоўка нарачоных да прыняцця сакраманту шлюбу. Штогадова ва ўрачыстасць Святой Сям’і сужэнцы аднаўляюць прысягу і разам з дзецьмі схіляюць галовы на бласлаўленне перад Найсвяцейшым Сакрамантам. У перыяд Божага Нараджэння адбываецца душпастырскае наведванне сем’яў. Асвячаецца жыллё, а пробашч можа бліжэй пазнаёміцца з вернікамі. У свабоднай абстаноўцы парафіяне могуць задаць святару разнастайныя хвалюючыя пытанні. Як правіла, для бацькоў і дзяцей падчас Адвэнту і Вялікага посту ў парафіях ладзяцца рэкалекцыі.
Рэкалекцыі-ўікэнды па аднаўленні і паглыбленні сямейнай еднасці і любові ладзіць рух свецкіх “Сужэнскія сустрэчы”. Іх праводзяць адпаведна падрыхтаваныя пары і святар. Спатканні дапамагаюць мужу і жонцы нанова адкрыць таямніцу шлюбу, адчуць свежасць узаемных пачуццяў. Дарэчы, бліжэйшыя такія рэкалекцыі адбудуцца 25–27 лістапада ў Баранавічах. Арганізатары выказваюць спадзяванні, што такі ўікэнд у будучым можа прайсці і ў Гродне.
   
    У пошуках адказаў на пытанні
    Спецыяльныя духоўныя практыкаванні для сем’яў перыядычна арганізоўваюць манаскія супольнасці, харызма якіх звязана з клопатам пра сям’ю. Каля 7-мі гадоў таму па ініцыятыве сясцёр назарэтанак у дыяцэзіі паўстала Асацыяцыя Святой Сям’і з Назарэта. У яе ўваходзяць сужэнцы, якія прагнуць жыць па прыкладзе Марыі і св. Юзафа, пераймаць іх у пакоры, любові і прабачэнні. Асацыяцыя збірае на сваіх сустрэчах усіх жадаючых. У кожную 4-ую нядзелю месяца такія спатканні адбываюцца пры кляштары сясцёр назарэтанак у Гродне. Агульныя сустрэчы некалькі разоў на год праходзяць у Навагрудку.
    Амаль на працягу 20-ці гадоў у Гродне дзейнічае Каталіцкая сямейная кансультацыя. Ва ўстанове працуюць псіхолагі, кансультант па справах сямейнага жыцця, інструктар натуральнага планавання сям’і, кансультант па праблемах наркаманіі і алкагалізму, дарадчык па сямейным жыцці. Усе паслугі спецыялістаў бясплатныя. У найбольшых гродзенскіх парафіях адкрыты філіялы сямейнай кансультацыі, дзе адбываюцца перадшлюбныя курсы і размовы з супрацоўнікамі ўстановы. Выязная кансультацыя штогадова адкрываецца падчас адпустовай урачыстасці ў Тракелях, дзе на працягу многіх гадоў знаходзіцца цудадзейны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Нашых Сем’яў. Узначальвае Каталіцкую сямейную кансультацыю ў дыяцэзіі кс. Павел Салабуда.
 Шчаслівая тая сям’я, якая жыве з Богам   Пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне дзейнічае Школа сямейнага жыцця, якая штогод аб’яўляе набор навучэнцаў на курс, накіраваны на падрыхтоўку семейных кансультантаў. Апекуецца школай а. Дзмітрый Лабкоў CSsR. “Мы рыхтуем кадры, якія затым змогуць дапамагаць у сваіх парафіях: напрыклад, у падрыхтоўцы пар да шлюбу, – зазначае душпастыр. – Сёння сем’і патрабуюць індывідуальнага падыходу, шукаюць адказы на канкрэтныя пытанні. Таму кваліфікаваныя сямейныя кансультанты – якраз той накірунак, у якім патрэбна развівацца”.
    Усе праграмы душпастырскай працы з сем’ямі зацвярджае Рада па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, якую ўзначальвае бп Антоній Дзям’янка.
   
    З’яднаца для натхнення
    Немалаважную ролю адыгрываюць сустрэчы сем’яў, дзе існуе магчымасць наладзіць кантакт, знайсці падтрымку, падзяліцца вопытам. На ўсебеларускім узроўні гэта Нацыянальная пілігрымка сем’яў, якая штогод ладзіцца ў розных святых месцах краіны.
 З уваходам у сям’ю Хрыста ўзыходзіць духоўнае сонца, якое ўсіх асвятляе, сагравае і падбадзёрвае   У Гродзенскай дыяцэзіі такія спатканні прайшлі ў Тракелях, Гудагаі і Гродне. 2 месяцы таму нацыянальная пілігрымка сабрала беларускія сем’і ў Браславе. У мерапрымстве прынялі ўдзел і прадстаўнікі гродзенскай дыяцэзіі. “Мне запомнілася праца ў групах, – распавядае Вольга Салосіна. – Панавала атмасфера шчырага дыялогу. Сужэнцы не толькі закраналі станоўчыя моманты свайго жыцця, але і дзяліліся цяжкасцямі, што перажываюць у сям’і. Такія «жывыя» сведчанні кранаюць чалавека мацней, чым навука святара з амбона. Мне здаецца, што падобнага ўзаемадзеяння паміж сем’ямі ў нашай дыяцэзіі не хапае”.
    У маі бягучага года ў Баранавічах адбыўся Першы агульнабеларускі сямейны кангрэс. У ім прынялі ўдзел члены шматлікіх сямейных рухаў, прысутных у Беларусі.
    На Гродзеншчыне ўжо стала добрай традыцыяй Дыяцэзіяльная сустрэча сем’яў. Другі год запар яна пройдзе ў Лідзе. Спатканне мае на мэце з’яднаць сем’і праз малітву, сведчанні і будаванне супольнасці.
    Цудоўнай нагодай для ўмацавання сям’і з’яўляюцца розныя святы. Адзін з апошніх прыкладаў таму – Фестываль сям’і, які адбыўся ў маі бягучага года ў Навагрудку. Ініцыятарам мерапрыемства выступіла парафія св. Міхала Арханёла. “Мы хацелі падкрэсліць вартасць і прыгажосць сямейнага жыцця, – адзначае пробашч кс. Юрый Жэгарын. – Вельмі важная ў ім прысутнасць хрысціянскіх каштоўнасцей, галоўная з якіх – любоў. Менавіта яна з’яўляецца матывам кожнага дзеяння, без яе нічога немагчыма зрабіць. А адсюль і адзінства, вернасць і разуменне ў сям’і”.
   
    У цэнтры саюза мужчыны і жанчыны – Бог
    “Сапраўдная радасць, якая перажываецца ў сям’і, – гэта не штосьці выпадковае, – заўважае папа Францішак. – Яна з’яўляецца плёнам глыбокай гармоніі паміж людзьмі, што дазваляе адчуць прыгажосць прабывання разам, узаемнай падтрымкі на жыццёвым шляху. У аснове радасці заўсёды знаходзіцца прысутнасць Бога, Яго адкрытай, міласэрнай і цярплівай любові да ўсіх”. Пра гэта павінна памятаць кожная сям’я: як у смутку, так і ў радасці.
   
Дыяцэзіяльная сустрэча сем’яў
    Спатканне адбудзецца 12 лістапада ў лідскай парафіі Святой Сям’і. Сужэнцы і іх дзеці памоляцца аб тым, каб быць моцнымі ў Богу, захоўваючы вернасць каштоўнасцям, якія з’яўляюцца фундаментам сямейнага інстытута.
   
    Праграма:
    10.30 – рэгістрацыя груп і прывітанне;
    11.00 – канферэнцыя для сем’яў;
    – праграма для дзяцей (з аніматарамі);
    11.30 – перапынак на каву;
    12.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту;
    13.00 – сведчанні сужэнцаў;
    13.45 – перапынак на абед;
    14.15 – св. Імша з аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў (узначаліць біскуп Аляксандр Кашкевіч);
    – акт аддання сем’яў Маці Божай;
    – заканчэнне.
    У праграме прадугледжаны абед у індывідуальным парадку. Пры сабе мець бутэрброды і гарбату ў тэрмасе.
    Падрабязная інфармацыя па тэлефонах:
    (8-0152) 74-00-73, (8-029) 784-05-72.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.