ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Гаршкі з мёдам

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Сябар! У жыцці часам здаецца, што бацькі адрасуюць у Твой бок зашмат настаўленняў: іх сотні, а Ты адзін. Як з імі ўсімі зладзіць? Іншы раз не хапае сіл і жадання, каб адолець хоць палову з іх. Але да бацькоў усё ж трэба прыслухоўвацца, бо яны маюць рацыю.
   
    Сёння прапануем Табе паразважаць над тым, як усякія павучанні не мінаюць бясследна.
Прыйшоў аднойчы сын да бацькоў і кажа:
    – Тата і мама, каторы раз я слухаю вашы заўвагі, але выправіцца не магу.
    Якая тады карысць вучыцца ў вас, калі я зноў і зноў памыляюся?
    Бацька ўважліва паглядзеў на сына і адказаў:
    – Мой даражэнькі, вазьмі два гаршкі – адзін з мёдам, а другі пусты.
    Хлопец так і зрабіў.
    – А цяпер, – сказаў бацька, – пералі некалькі разоў мёд з аднаго гаршка ў іншы.
    Сын паслухаўся.
    – Зараз заглянь у пусты гаршчок. Адчуваешь, як пахне мёдам?
    Хлопец паглядзеў на яго і кажа:
    – Ойча, пахне вельмі прыемна. Дарэчы, крыху густога мёду засталося на донцы...
    – Вось так і нашыя павучанні асядаюць у тваёй душы, – сказала мама. – Калі ты засвоіш у жыцці хоць частку таго, чаму мы цябе вучым, Бог па міласці сваёй запоўніць недахоп і ўратуе тваю душу. Бо і зямная гаспадыня не сыпле перац у гаршчок, які пахне мёдам. Так і Бог не пакіне цябе, калі захаваеш у душы хоць пачатак праведнасці.
Задумайся:
    - Чаму хлопчык засумняваўся ў тым, што тату і маму трэба слухацца?
    - Якім чынам бацька адказаў на пытанне сына?
    - Што зрабіў хлопец па просьбе бацькі?
    - Ці застаўся другі гаршчок пустым?
    - Які ўрок засвоіў сын пасля размовы з татам і мамай?
   
Увага!
    Працягваецца конкурс малюнкаў “Мая катэхеза”.
    Да ўдзелу запрашаюцца маленькія чытачы, якім прапануецца адлюстраваць у малюнку свой занятак па катэхезе. Гэта можа быць выява вясёлага катэхета ў класе, сумеснай размовы з бацькамі, развучвання малітваў з бабуляй і інш. Ніякіх абмежаванняў у фантазіі і колерах!
    Пакажыце, як Вы даведваецеся пра Бога.
    Удзельнікі конкурсу будуць узнагароджаны прызамі.
   
    Чакаем Вашых лістоў на адрас рэдакцыі:
    230025, г. Гродна, вул. К. Маркса, 4.
   
    Спяшайцеся!
    Вынікі конкурсу будуць аб’яўлены ў нумары газеты за 9 кастрычніка.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.