ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Нядзеля – дзень для душы

На шляху да святасці

За мітуснёй сучаснага свету чалавек часта не заўважае, што адны клопаты змяняюць другія, на месца адных запатрабаванняў прыходзяць іншыя... Жыццё становіцца падобным на гонку, што нагадвае бег па замкнёным коле. Нядзельны жа дзень прапануе на момант спыніцца і паглядзець у нябёсы.
Ці можна ў нядзелю працаваць?
    Бог працаваў шэсць дзён, а на сёмы адпачыў. Праз гэта Творца паказаў чалавецтву, што сёмы дзень – дзень спакою. “Памятай дзень святы святкаваць”, – гаворыцца ў трэцяй запаведзі Дэкалога. Касцёл нагадвае пра тое, што ў нядзелю і святы чалавек павінен пазбягаць усялякай працы, якая прыносіць яму матэрыяльную выгаду, і, наогул, служэння сабе самому.
    У хрысціян не прынята пакідаць на нядзелю якія б там ні было хатнія справы (уборку, мыццё бялізны і г. д.). У некаторых хрысціянскіх краінах устрымліваюцца нават ад гатавання ежы, рыхтуючы яе напярэдадні. Сапраўдны вернік ніколі не мае працы, якая не можа пачакаць да заўтра. Менавіта таму старэйшыя людзі часта гавораць, што ў нядзелю нават нітку ў вушка іголкі нельга ўсадзіць. А ўсё таму, што хрысціянін верыць, што ўсе забароны і абмежаванні Бог стварыў для яго ж шчасця.
Працаваць у нядзелю не рэкамендуецца, а вось рабіць добрыя справы заахвочваецца. Таму людзі, якія здзяйсняюць грамадска-карысную працу ў ня-дзелю, не робяць граху. Іх служба бласлаўлёная Творцам. Уласна таму святыя айцы заклікалі хрысціян у нядзельныя дні наведваць хворых, дапамагаць патрабуючым, карміць галодных і г. д. І нават калі добрыя справы вымагаюць прыкладання фізічных сіл, яны спадобныя Богу.
    У большасці краін свету нядзеля з’яўляецца афіцыйным выхадным днём. Але не ўсе маюць адпачынак у гэты дзень: напрыклад, медыцынскія работнікі, ратавальнікі, вадзіцелі, прадаўцы. Вернікі, якія вымушаны працаваць у нядзелю, зусім не пазбаўлены магчымасці выконваць трэцюю запаведзь. Вольны час пры магчымасці яны могуць прысвяціць малітве і чытанню Святога Пісання, а наведванне святыні – перанесці на суботу. Увечары ў шматлікіх парафіях здзяйсняецца Імша нядзельнага дня.
    Многія хрысціяне працуюць у нядзелю, бо незадаволены сваім сталым заробкам. Гэта можа быць вымушаным рашэннем чалавека (не хапае сродкаў на існаванне) або нежаданнем апускаць высокую планку ўзроўню жыцця (узнікаюць усё новыя і новыя запатрабаванні). У першым выпадку чалавек міжвольна змагаецца за выжыванне і таму не падлягае асуджэнню, а ў другім – клапоціцца пра сябе ў дзень, які павінен быць прысвечаны Богу. Гэта можа выклікаць Божую кару.
   
    Якім павінен быць нядзельны адпачынак?
    Арганізм чалавека перыядычна перажывае напружанне і стамляецца. Таму сілы неабходна аднаўляць: дыхаць свежым паветрам, добра харчавацца, больш рухацца або наадварот – знаходзіцца ў стане спакою.
    У нядзелю трэба адпачываць з карысцю для душы. Можна ляжаць у ложку, але з кнігай, якая дапамагае духоўна ўзрастаць. Можна выйсці з сям’ёй у кінатэатр на які-небудзь добры фільм, а потым разам абмеркаваць убачанае. Душа павінна “насычацца”. Яна паклікана ўдасканальвацца, бо створана для вечнасці.
    Пры гэтым трэба размяжоўваць адну вельмі важную рэч. Калі па часе адпачынак працягваецца даўжэй, чым тое неабходна для аднаўлення сіл, то ён плаўна пераходзіць у стадыю забавы. На гэтым этапе чалавек робіць свядомы выбар і шукае спосаб, куды прыкласці адноўленыя сілы: заняцца спортам, сха- дзіць на пікнік. У нявінных задавальненнях няма граху. Але калі чалавек увесь час прысвячае выключна сабе, гэта супярэчыць трэцяй Божай запаведзі.
    Цэлы дзень нядзелі за забавамі праводзіць няправільна. Гэта дзень духоўнага спакою і служэння Богу. Яго неабходна прысвяціць усяму таму, што ўзбагачае духоўна: чытанню рэлігіёзнай літаратуры, вядзенню адпаведных размоў, здзяйсненню добрых учынкаў. У нядзелю вернікам належыць “устрымлівацца ад тых спраў і працы, якія перашкаджаюць адпаведнаму пакланенню Богу, радасці, характэрнай для свята, ці належнаму адпачынку душы і цела” (ККП, 1246–1247). Аптымальны варыянт – сумяшчаць цялесны і душэўны адпачынак. Напрыклад, вудзіць рыбу і разважаць над апошнімі падзеямі са свайго жыцця (робячы пры гэтым глыбокі рахунак сумлення). Або паехаць на экскурсію, каб памаліцца ля помніка духоўнай архітэктуры.
   
    Як належыць перажываць святы дзень?
    Кожная нядзеля – малая Пасха, дзень Уваскрасення Хрыста. Касцёл разглядае нядзелю як вялікае свята. Менавіта таму ў гэты дзень кожны католік, згодна з Кодэксам кананічнага права, пакліканы ўдзельнічаць у святой Імшы і па магчымасці прыступаць да Камуніі. І гэта не толькі абавязак, але і вялікі дар для чалавека, які паверыў у Хрыста: ужо тут, на зямлі, ён мае магчымасць “дакранацца” да самаго Бога. Таму той, хто не прымае ўдзел у нядзельным набажэнстве, пазбаўляе сябе духоўнай радасці. Вернікі, якія не могуць прысутнічаць на нядзельнай святой Імшы ў святыні, павінны імкнуцца ўдзельнічаць у ёй пасродкам радыё, тэлебачання або праз інтэрнэт. У крайнім выпадку, калі чуюць званы, якія склікаюць вернікаў у касцёл, павінны зрабіць на сабе знак крыжа і ў думках стаць перад алтаром Пана, выказаўшы праз гэта набожнае жаданне прысутнічаць пры бяскроўнай ахвяры. Але ўдзелам у святой Імшы святкаванне нядзельнага дня абмяжоўвацца не павінна. Акрамя гэтага, можна здзяйсняць учынкі міласэрнасці ў адносінах да бліжніх, дзяліцца любоўю і радасцю з акружаючымі.
    Пажадана вызваліцца ад зямных спраў і прысвяціць час, якога можа не ставаць у буднія дні, малітве, разважанню над Божым словам. Душа павінна напоўніцца святымі думкамі, пачуццямі і жаданнямі. Кожны нядзельны дзень уяўляе вялікі подзвіг Збаўцы і паўнату Божай любові. Таму ў ідэале ўвесь тыдзень павінен быць падрыхтоўкай да гэтага вялікага дня.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.