ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Вынікі Анкеты чытача газеты "Слова Жыцця"

Рэдакцыя


Вось і прыйшоў час падвесці вынікі апытання, прапанаванага ў апошнім нумары газеты за 2015 год. Цешыць, што некаторыя з Вас узяліся за паперу і даслалі свае меркаванні ў рэдакцыю. Трынаццаць лістоў адзначаны прызамі. Хутка яны трапяць да сваіх уладальнікаў. А пакуль што прааналізуем Вашы адказы.
Прыемна здзівіла, што палова рэспандэнтаў з’яўляюцца пастаяннымі чытачамі “Слова Жыцця”: набываюць газету на працягу 15-18 гадоў. Астатнія чытаюць выданне апошнія 3-6 гадоў. Чаму? “Газета цікавая”, у ёй раскрываюцца шматлікія тэмы, якія “кранаюць за жывое”. Выданне “карыснае ў рэлігійнай адукацыі”, “дапамагае ў маральным выхаванні”. З газеты “пазнаю шмат новага”, “многаму вучуся”. “Часамі, калі ў мяне кепскі настрой, злосць або крыўда на кагосьці, я чытаю «Слова Жыцця» і супакойваюся, прабачаю бліжніх, стараюся рабіць менш дрэнных учынкаў”. “Намагаюся як мага больш нумароў захаваць, каб праз нейкі час вярнуцца да прачытанага”. Некаторыя называюць “Слова Жыцця” любімай газетай, якую чытаюць ад “А” да “Я”.
Большасць рэспандэнтаў лічыць выданне патрэбным, бо з яго можна даведацца аб жыцці Касцёла, і асабліва вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі. 84% апытаных чытаюць кожны нумар газеты, 8% – час ад часу і яшчэ 8% – у інтэрнэце. Амаль усе рэспандэнты пазнаёміліся з газетай у касцёле.
    Цешыць, што большасць чытачоў распавядае пра тое, аб чым даведалася з газеты, сваім сябрам, знаёмым, калегам. “Нашу з сабой і зачытваю”, “дару”, “даю чытаць праваслаўным, пасля чаго абмяркоўваем і вучымся адзін у аднаго”. “Распавядаю знаёмым пра праўды веры, аб якіх даведваюся з рубрык «Слова рэдактара», «Слова для жыцця», «Разважанні з Божым словам». Імкнуся данесці людзям, што вера – гэта вялікая таямніца, перададзеная нам Богам”.
    Высветлілася, што знешні выгляд задавальняе чытачоў. Прагучала і цікавае меркаванне, што “не па адзенні сустракаюць”.
    76% рэспадэнтаў пачынаюць чытаць “Слова Жыцця” з першай старонкі, 24% – з апошняй. Найбольш цікавыя рубрыкі, на погляд чытачоў, гэта “Слова рэдактара”, “Лепш пытаць, чым памыляцца”, “Разважанні з Божым словам”, “Ад шчырага сэрца”. На наступнай пазіцыі размясціліся рубрыкі “На службе Богу”, “Учора, сёння, заўтра”, “Варта ведаць”, “Адпачынак са «Словам»”, “Каляндар падзей”, “Знаёмімся з нашымі касцёламі”. Крыху менш зацікаўленасці да “Слова для жыцця”, “З каталіцкага друку”, “На скрыжаванні”, “Фотафакта”. Кожны выказаў сваё меркаванне наконт таго, без якой рубрыкі газета магла б абысціся. Супадзенняў амаль што не выяўлена. А гэта сведчыць пра тое, што погляды чытачоў разыходзяцца і засяроджваць увагу на гэтым пытанні няма сэнсу.
    Рэспандэнты выказаліся, што найбольшую зацікаўленасць выклікаюць гісторыі навяртанняў, пакліканняў, цудаў. У душу западаюць евангелізацыйныя публікацыі, якія “дапамагаюць шукаць Бога”, “паглыбляюць змест веры”. Карысна даведацца аб літургічных святах, звычаях, таямніцы Божай міласэрнасці, звярнуцца да выказванняў іерархаў, Божага слова. Прыцягваюць увагу аповеды пра святых, святароў, святыні. Заўсёды актуальнымі застаюцца тэмы сям’і, жыццядзейнасці Касцёла ў Беларусі і свеце.
    Сярод артыкулаў, што засталіся ў памяці – “10 прычын маліцца Ружанцам”, “Кс. Міхал Ластоўскі: знайдзі час на Ружанец”, “У Ружанцы – сіла”, “5 спосабаў добра перажыць св. Імшу”, “Хто без граху?”, “Via Dolorosa”, “Бог адкрывае сэрца і пранікае ў душу”, “На Святой Зямлі асвяцілі табліцы з надпісамі па-беларуску”, “Абрад вігілійнай вячэры”, “Юбілейны год семінарыі з Заснавальнікам”, “Харызматычныя рэкалекцыі ў Росі і Лідзе”, артыкулы пра кс. Чэслава Паўлюкевіча, прыпавесці. Знаходзяць водгукі ў сэрцы чытачоў публікацыі на тэмы Божай міласэрнасці і сям’і. “Праводзілі вігілійны вечар па абрадзе, апісаным у газеце”. “З задавальненнем чытаю пра святароў і сясцёр, якіх я трошкі ведаю, з якімі мяне зводзіў лёс”. “Засталася пад уражаннем ад песні «Магутны Божа», якую вывучыла на памяць”. “Дзякуй, што друкуеце «Успамінаем у малітве памерлых душпастараў»”.
    Стала вядома, што некаторыя артыкулы напісаны складана, а гэта выклікае цяжкасці ва ўспрыманні. Рэдакцыя абавязкова ўлічыць Вашыя заўвагі.
    Адзін з рэспандэнтаў выказаўся адносна прапанаваных у апытанні адказаў. “Не падабаецца, што часам не знаходжу патрэбнага варыянта, і, увогуле, не павінна быць адказаў для няверуючых, таму што яны не адкрываюць сайт і газету”. На гэта трэба заўважыць наступнае: у апытанні прапануюцца аб’ектыўныя варыянты адказаў. Існуе верагоднасць, што чалавек выпадкова зойдзе на сайт і захоча пакінуць у прапанаваным апытанні свой голас. Або, напрыклад, да кагосьці незнарок трапіла газета. Калі не можаце выбраць прапанаваны варыянт, шукайце найбольш прыбліжаны да Вашай думкі адказ. Яшчэ адна заўвага датычылася выявы Маці Божай Міласэрнасці на першай старонцы газеты. “Чаму не пасярэдзіне?”. Выява знаходзіцца ў правым верхнім куце, таму што па закону перцэпцыі ўвага чалавека першапачаткова скіроўваецца туды. Гэтае месца вельмі важнае, таму менавіта там мы бачым Маці Божую Міласэрнасці. Стыль і афармленне газеты распрацаваны групай спецыялістаў на чале з галоўным рэдактарам для камфортнага ўспрымання чытача. У планах і далей мадыфікаваць знешні выгляд выдання, таму кожнае Ваша меркаванне з’яўляецца каштоўным.
    Шмат водгукаў прыйшло ў рэдакцыю адносна таго, што можа зрабіць выданне больш цікавым. Многія з іх узяты пад увагу і будуць адлюстраваны ў наступных нумарах.
    Адносна некалькіх прапаноў патрэбна зрабіць некаторыя заўвагі. “Можна было б змяшчаць малітвы…”. Як вы паспелі заўважыць, з пачаткам новага года ў газеце з’явілася новая рубрыка “Езу, Ты гэтым займіся”. Рэдакцыя імкнецца дапамагчы знайсці малітвы з розных нагод і ў розных патрэбах. “Хочацца больш чытаць пра святых”. Нагадваем, што з біяграфіямі беатыфікаваных і кананізаваных асоб Вы можаце пазнаёміцца ў раздзеле рубрыкі “На скрыжаванні” пад назвай “Асоба месяца”, а таксама з іншых публікацый. Па меры магчымасцей, рэдакцыя і далей будзе змяшчаць у газеце гісторыі з жыцця святых. “Дабаўце друкаваных старонак”. “Слова Жыцця” – адзіная газета на тэрыторыі Беларусі, якая выходзіць рэгулярна кожны другі тыдзень на трох мовах – беларускай, рускай і польскай. Шмат часу пайшло на тое, каб газета чыталася: з’яўляліся цікавыя рубрыкі і тэксты, выданне стала каляровым. Ёсць і іншыя планы – павелічэнне колькасці старонак, выпуск спецыяльных нумароў. Але каб гэта рэалізаваць, патрэбна дапамога людзей і фінансавая падтрымка. З гэтай нагоды рэдакцыя дзякуе ўсім чытачам і заахвочвае да далейшага супрацоўніцтва.
   
Прызы за запаўненне анкеты атрымліваюць:
    - Тэрэса Карповіч, в. Анжадава
    - Ірына Мацкевіч, г. Гродна
    - Уладзімір Кузьміч, г. Іўе
    - Меланія Пелуновіч, г. Гродна
    - Уладзімір Ілюковіч, а/г Ліпнішкі
    - Рамуальда Чарнецкая, г. Свіслач
    - Наталля Сакалова, а/г Тапілішкі
    - Вольга М., г. Гродна
    - Тэрэса Белаусава, г. Гродна
    - Лілія Світа, в. Міжэвічы
    - Алена Аўдзей, в. Вішнеўка
    - Аляксандр Шарко, г.п. Воранава
    - Ганна Прохарава, в. Вавёрка

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.