ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Апостальства Божай міласэрнасці

Юбілей

Амаль 20 гадоў таму быў заснаваны Таварыства апосталаў Божай міласэрнасці. Да чаго імкнуцца яго ўдзельнікі? Хто можа далучыцца да супольнасці?
З нагоды 90-годдзя з дня нараджэння святой сястры Фаустыны мітрапаліт Кракаўскі арцыбіскуп кардынал Францішак Махарскі адрасаваў Кангрэгацыі, да якой належала святая, ліст. У ім ён выказаў думку аб стварэнні арганізацыі, якая б дала магчымасць людзям, што не адносяцца да Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, удзельнічаць пад яе кіраўніцтвам у ажыццяўленні місіі святой сястры Фаустыны. Менш чым праз год, 6 сакавіка 1996 года, па просьбе Генеральнай ігуменні маці Паўліны Сломкі кардынал Махарскі заснаваў Таварыства апосталаў Божай міласэрнасці “Faustinum” з цэнтрам у санктуарыі ў Кракаве-Лагеўніках. Прысвоіў апостальству юрыдычны статус рэлігійнай арганізацыі і зацвердзіў яго статут.
Галоўнай задачай таварыства з’яўляецца фармацыя яго ўдзельнікаў, накіраваная на паглыбленне таямніцы міласэрнай любові Бога да чалавека і міласэрнасці ў агульначалавечых адносінах. Апосталы павінны імкнуцца выкарыстоўваць любую магчымасць, каб заўсёды і ўсюды абвяшчаць міласэрную любоў Бога праз справу, слова і малітву, станавіцца ініцыятарамі канкрэтных спраў міласэрнасці альбо ўключацца ва ўжо існуючыя. Акрамя ўсяго, яны мусяць служыць малітвай, просячы Божай міласэрнасці для ўсяго свету.
    Таварыства “Faustinum” яднае святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў. Спачатку ў якасці валанцёраў, а затым і членаў таварыства.
    Валанцёры “Faustinum” прымаюць на сябе мінімальныя абавязацельствы як хрысціяне: клапаціцца аб пазнанні таямніцы Божай міласэрнасці, развіваць у сабе спадзяванне, якое выяўляецца ў выкананні Божай волі, здзяйсняць на працягу дня хоць адзін добры ўчынак міласэрнай любові да Езуса, маліцца Вяночкам да Божай міласэрнасці. Каб стаць валанцёрам “Faustinum”, неабходна запоўніць спецыяльную дэкларацыю і выслаць яе на адрас таварыства. Старшыня “Faustinum” падпісвае ліст, тым самым пацвярджаючы прыняцце ў супольнасць.
    Пасля праходжання гадавога валанцёрскага тэрміну можна застацца ў “Faustinum” у якасці валанцёра або падаць заяўку на ўступленне ў членства. Члены таварыства глыбей пранікаюць у духоўнасць і апостальскую місію святой сястры Фаустыны, становячыся блізкімі супрацоўнікамі Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. У іх абавязкі ўвахо-дзяць: рэгулярнае прыняцце святых сакрамантаў, клопат аб развіцці ў сабе жыццёвай пазіцыі спадзявання на Бога і міласэрнасці ў адносінах да блізкіх, шанаванне Божай міласэрнасці ў формах, перададзеных Хрыстом праз святую сястру Фаустыну, а таксама падпарадкаванне статуту, правілам і пастановам таварыства.
    Уступленне ў членства абавязвае праходжанне пачатковай фармацыі, якая абапіраецца на рэкалекцыі і доўжыцца чатыры гады. Складаецца з трох цыклаў: біблейскага, унутранага духоўнага жыцця, а таксама духоўнасці і місіі святой сястры Фаустыны. Заканчваецца пісьмовым тэстам. Станоўчая адзнака дае права насіць значок “Faustinum” і ўдзельнічаць у пастаяннай фармацыі Таварыства апосталаў Божай міласэрнасці.
    Фармацыя ажыццяўляецца ў групах і індывідуальна пад кіраўніцтвам Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці і пад духоўным кіраўніцтвам святароў Таварыства Езуса. Там, дзе няма сясцёр Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці, за фармацыю адказваюць святары, якія абавязваюцца весці яе ў адпаведнасці з праграмай, распрацаванай у таварыстве. Лепшаму засваенню фармацыйнага працэсу дапамагаюць кніжныя публікацыі выдавецтва “Misericordia” і штоквартальны часопіс “Пасланне Міласэрнасці” – друкаваны орган “Faustinum”.
    Таварыства падтрымлівае кантакты з рознымі суполкамі, складнікамі Апостальства Божай міласэрнасці ва ўсім свеце. Арганізоўвае нацыянальныя і міжнародныя кангрэсы, сімпозіумы, з’езды і сустрэчы апосталаў Божай міласэрнасці. Па меры магчымасці і неабходнасці, ладзіць пілігрымкі, асабліва ў месцы, звязаныя з жыццём і місіяй святой сястры Фаустыны. Члены і валанцёры “Faustinum” з’язджаюцца падчас штогадовых дзён засяроджання, пастаянных падчас Адвэнту і Вялікага посту, а таксама ў дні засяроджання асобных абшчын, якія дзейнічаюць у парафіях або Дамах Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. Удзельнікі таварыства сустракаюцца таксама і з іншых нагод – для адпачынку і зносін.
    Паколькі “Faustinum” валодае касцёльнай праваздольнасцю, таварыства можа ствараць свае абшчыны не толькі пры Дамах Кангрэгацыі, але і ў парафіях. Каб гэта зрабіць, пробашчу неабходна атрымаць згоду ад біскупа ардынарыя і напісаць просьбу да кіраўніцтва. У парафіі павінны існаваць умовы для ажыццяўлення фармацыі, а таксама налічвацца не менш за 10 членаў апостальства (не валанцёраў). Да афіцыйнай установы таварыства “Faustinum” у парафіі дзейнічае фармацыя, якую вядзе адказны за яе святар.
   
    ЦІКАВА
    “Faustinum” з’яўляецца той “новай кангрэгацыяй”, якую святая сястра Фаустына, паводле жадання Езуса, павінна была заснаваць. Больш за сто гадоў да стварэння Апостальства Божай міласэрнасці Марыя Францыска Казлоўская (у манастве Фелікса) заснавала ў Плоцку жаночую манаскую кангрэгацыю мар’явітак ад лац. “Mariae vita” – жыццё Марыі. Манахіня мела такія ж бачанні, як і сястра Фаустына. З-за недакладнага распазнання волі Бога і адсутнасці пакоры ў душы, кангрэгацыя спачатку была распушчана, а затым і ўвогуле адлучана ад каталіцкага касцёла. Сёння колькасць членаў гэтага руху паступова скарачаецца.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.