ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Хто прыдумаў споведзь? (2)

Хрысціянскія традыцыі

Такім чынам, з папярэдняга разважання адназначна вынікае, што споведзь устанавілі не ксяндзы, а Езус Хрыстус, таму што гэты сакрамант з’яўляецца плёнам Яго мукі і ўваскрасення. Гэта твор Бога, які злучае людзей паміж сабой і з сабой. Прабачэнне грахоў з’яўляецца дарам міласэрнага Айца. Яно мае таксама касцёльнае вымярэнне, паколькі здзяйсняецца ў Касцёле і адначасова прадугледжвае абавязак паяднання з братамі і з супольнасцю Касцёла, паколькі кожны грэх парушае гэтае адзінства.
Святар як прадстаўнік Касцёла, які ўдзельнічае ва ўладзе даравання грахоў, даручанай Хрыстом, выконваючы ролю суддзі, урача і настаўніка, павінен спачатку высветліць стан сумлення пэнітэнта. Таму неабходны згрызоты сумлення ў грэшніка, г.зн. шчырае прызнанне сваіх грахоў перад святаром. Хрыстос праз святара прабачае грахі чалавеку і вяртае яго ў адзінства з Касцёлам альбо паглыбляе гэтае адзінства.
Сакрамант пакаяння і паяднання з’яўляецца таксама дапаўненнем і працягам першай сустрэчы чалавека з Хрыстом, якая адбылася падчас святога хросту. Такім чынам, кожная споведзь – гэта таямніца сустрэчы пэнітэнта з уваскрослым Хрыстом, які адорвае спакоем грэшніка, што вяртаецца. Хрысціянін становіцца тады атрымальнікам радаснай навіны аб прабачэнні і ўваскрасае да новага жыцця. “Я не магу зразумець, – кажа адзін з урачоў, – чаму некаторыя людзі лічаць споведзь прыкрым актам пакаяння, бо я знаходжу ў ёй вялізную радасць паяднання”.
    Споведзь не прыніжае годнасць чалавека, а наадварот – узносіць яго да вялікай годнасці Божага дзіцяці. Святы апостал Пётр тройчы выракся Хрыста, але меў адвагу прызнацца ў гэтым і з жалем у сэрцы прасіў прабачэння. Мы ведаем, да якой годнасці яго ўзнёс Хрыстос. Інакш учыніў Іуда, таму ён скончыў сваё жыццё трагічна.
    Грахі чалавека могуць быць вельмі вялікія. Паскаль калісьці цудоўна сказаў: “Чалавеча, калі б ты поўнасцю адчуў подласць сваіх грахоў, у цябе ад болю разарвалася б сэрца”. Хрыстос падчас споведзі звяртаецца да кожнага: “Сыне, адпускаюцца твае грахі” (Мк 2, 5); “І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы” (Ян 8, 11); “Калі будуць грахі вашыя, як барвовае, – як снег адбялю” (параўн.: Іс 1, 18). Сакрамант споведзі з’яўляецца справай Божай дабрыні і міласэрнасці адносна блуднага сына, які кідаецца ў абдымкі Бога. Ён дае чалавеку спакой і ўнутраную раўнавагу, задавальненне і адчуванне сэнсу жыцця. Прыносіць радасць ад сустрэчы з Богам, ад адноўленай прыязнасці, ад паяднання з Касцёлам і людзьмі. Прыводзіць да адшукання або росту асвячаючай ласкі, вяртання цнот і дароў Святога Духа, чысціні сумлення, даравання вечнай кары, вяртання згубленых заслуг за добрыя ўчынкі, перамогі над сваімі залежнасцямі і слабасцямі. Аналізуючы такія вялікія дабрадзействы сакраманту пакаяння і паяднання, мы ніколі не павінны адчуваць паралізуючага страху, які рабіў бы немагчымым падыход да канфесіянала. Мы часта баімся пайсці да ўрача ці рашыцца на аперацыю, але робім гэта для таго, каб выратаваць, можа, некалькі гадоў свайго жыцця. А ідучы да споведзі, мы ратуем для сябе вечнае жыццё.
    Такім чынам, мы павінны часта прыступаць да сакраманту пакаяння і паяднання. Не трэба абмяжоўваць сябе толькі выкананнем абавязковага мінімуму – адзін раз на год у велікодны перыяд, – карыстаймася ласкамі гэтага сакраманту з нагоды свят Божага Нараджэння, Божага Цела, Усіх Святых, рэкалекцый або місій, з нагоды Дня нараджэння ці Імянін, гадавіны шлюбу і заўсёды, калі здзяйсняецца цяжкі грэх, каб стала трываць у асвячаючай ласцы. Вернікі, якія штодзённа прыступаюць да святой Камуніі, няхай практыкуюць споведзь штомесяц, дзеці і моладзь – споведзь у першыя пятніцы. Святы Айцец Ян Павел ІІ спавядаўся кожны тыдзень. Часта, раз на два тыдні, прыступаюць да споведзі біскупы, святары, манаскія сёстры і клерыкі. Езус чакае і запрашае ўсіх: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28). Таму не адкладайма гэтай сустрэчы на потым, бо можам ужо не паспець. Адкрыйма шырока сэрцы Пану, які, магчыма, ужо так доўга нас чакае. “Божа літасцівы, змілуйся нада мной. Акажы міласэрнасць, грэх мой даруй” (Пс 51).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.