ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Рыхтуемся да Сусветных дзён моладзі ў Кракаве!

З жыцця Касцёла

У межах падрыхтоўкі да СДМ моладзь з душпастарства “OPEN” сабралася на ўводную катэхезу. Маладыя людзі сустрэліся на святой Імшы для супольнай малітвы, а пасля прынялі ўдзел у прэзентацыі сусветнага з’езда.
    “Мэтай нашай сустрэчы з’яўляецца духоўная і арганізацыйная падрыхтоўка да моладзевай сустрэчы ў Кракаве”, – заўважыў на пачатку схода каардынатар СДМ у Беларусі ксёндз Антоній Грэмза.
    Прэзентацыя складалася з дзвюх частак: выступлення душпастара і сведчанняў маладых людзей, якія прымалі ўдзел у СДМ. Многія адкрылі для сябе шмат новага і цікавага, некаторыя пачулі пра моладзевы з’езд упершыню.
Дык што такое Сусветныя дні моладзі і з якой мэтай яны праводзяцца?
СДМ
    Міжнародныя сустрэчы моладзі з усяго свету, якія разам са сваімі катэхетамі, святарамі, пастарамі, біскупамі і Папам Рымскім збіраюцца ў адным месцы, каб вызнаць веру ў Езуса Хрыста.

    Гісторыя
    Заснавальнікам і першым гаспадаром СДМ быў святы Ян Павел ІІ, які сабраў маладых людзей у Рыме ў 1984 годзе з нагоды Надзвычайнага Юбілею Адкуплення. Наступная сустрэча адбылася праз год у тым жа месцы.
    Першыя две сустрэчы далі імпульс Папе для зацвярджэння ініцыятывы, якая трывае па сённяшні дзень. Напярэдадні Божага Нараджэння ў 1985 годзе ў прысутнасці Кардыналаў і супрацоўнікаў Рымскай Курыі Ян Павел ІІ выказаў жаданне, каб Дні моладзі адбываліся ў кожную Вербную нядзелю ў дыяцэзіях і раз на 2-3 гады ў якасці міжнародных сустрэч.
   
    Храналогія
    СДМ праходзілі ў 1987 годзе (Буэнас-Айрэс, Аргентына), 1989 (Санцьяга-дэ-Кампастэла, Іспанія), 1991 (Чанстахова, Польшча), 1993 (Дэнвер, ЗША), 1995 (Маніла, Філіпіны), 1997 (Парыж, Францыя), 2000 (Рым, Італія), 2002 (Таронта, Канада), 2005 (Кёльн, Германія), 2008 (Сіднэй, Аўстралія), 2011 (Мадрыд, Іспанія), 2013 (Рыа-дэ-Жанейра, Бразілія). У 2016 годзе СДМ адбудуцца ў Кракаве з 25 па 31 ліпеня.
   
    Мэта
   Досвед вялікай супольнасці паўсюднага Касцёла, слуханне Божага слова, ажыццяўленне сакраманту пакаяння і Эўхарыстыі, радаснае абвяшчэнне Езуса Хрыста як Госпада і Збаўцы.
   
    Структура
   
    СДМ складаюцца з дзвюх падзей – “Дні ў дыяцэзіях” (так званы “Місійны тыдзень”) і “Цэнтральныя падзеі”. Падчас “Дзён у дыяцэзіях” маладыя людзі знаходзяцца на тэрыторыі ўсёй краіны, якая з’яўляецца гаспадаром СДМ. Гэта час інтэграцыі, узаемнага спазнання, знаёмства з культурай і рэгіёнам. На дадзеным этапе право-дзяцця разнастайныя экскурсіі, сумесныя забавы. Арганізатарамі ладзяцца шматлікія фестывалі, праекты і справы.
    Падчас “Цэнтральных падзей” адбываецца тыднёвы побыт моладзі на тэрыторыі галоўнага арганізацыйнага горада. У панядзелак моладзь прыязджае ў дыяцэзію, у аўторак прымае ўдзел у цырымоніі адкрыцця. З серады па пятніцу адбываецца катэхізацыя маладых людзей. У суботу – малітоўнае чуванне і вячэрняя сустрэча з Папам. У нядзелю на заканчэнне СДМ Святы Айцец адпраўляе святую Імшу.
   
    Тэма
    СДМ патрабуюць добрай падрыхтоўкі з пункту гледжання зместу, над якім маладыя людзі разважаюць, збіраючыся ў моўных групах. Тэматыку СДМ вызначае Папа Рымскі, які скіроўвае для моладзі спецыяльнае пасланне – зварот. Падчас СДМ змест тэмы паглыбляецца на працягу трохдзённых сустрэч, якія называюцца катэхетычным трыдуумам. Тэма надыходзячай сустрэчы ў Кракаве – “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць” (Мц 5, 7).
   
    Сімвалы
    Сустрэчам спадарожнічаюць два асаблівыя сімвалы, якія моладзі падарыў святы Ян Павел II. Гэтымі знакамі з’яўляюцца Крыж СДМ і абраз Маці Божай “Salus Populi Romani”. Сімвалы спадарожнічаюць маладым людзям падчас СДМ. Акрамя таго, адбываецца іх перыгрынацыя па ўсім свеце.
   
    Удзельнікі
    СДМ арыентаваны на маладых людзей з усяго свету. Нягледзячы на тое, што з’езд арганізуецца Касцёлам, у моладзевай сустрэчы з Папам можа прыняць удзел любы малады чалавек, незалежна ад веравызнання. Разам з моладдзю ў сустрэчах прымаюць удзел і тыя, хто ёй спадарожнічае: біскупы, святары, манаскія браты і сёстры, семінарысты, а таксама свецкія настаўнікі і прафесары. Як правіла, сустрэчы вельмі шматлюдныя. У СДМ у Філіпінах прынялі ўдзел больш за 4 мільёны чалавек! У Рыа-дэ-Жанейра – больш за 3 мільёны, у Рыме – больш за 2 мільёны.
   
    Працягласць
    Каля двух тыдняў.
   
    Падрыхтоўка
    Пачынаецца з прыняццем рашэння аб удзеле ў СДМ.
   
   
У тэму
    Як паведамляе ксёндз Антоній Грэмза, 17 кастрычніка ў пабрыгіцкім касцёле былі асвечаны мініяцюры Крыжа і абраза Маці Божай “Salus Populi Romani” – духоўных сімвалаў СДМ. Адбылося іх урачыстае ўручэнне для ўсіх дэлегацый моладзі з кожнай парафіі горада Гродна. У бліжэйшы час мініяцюры духоўных сімвалаў СДМ плануецца ўручыць моладзі з усіх дыяцэзій Беларусі.

   
    Далучайцеся да моладзі, што рыхтуецца да з’езда ў Кракаве, у сваіх парафіях! Вопыт супольнасці – адзін з найпрыгажэйшых пладоў удзелу ў СДМ.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.