ГРОДНА
Аўторак,
18 студзеня
2022 года
 

10 прычын маліцца Ружанцам

На шляху да святасці

Для чалавека вельмі важнай з’яўляецца мэта і матывацыя для дасягнення гэтай мэты. Наша мэта вельмі выразная – дасягнуць Неба. Адным з найбольш эфектыўных сродкаў дасягнення вечнага выратавання з’яўляецца малітва. Малітву можна назваць ключом да выратавання. Малітва для жыцця нашай душы – тое ж, што кісларод для нашых лёгкіх. Вось чаму святы Аўгустын сцвярджаў: “Хто моліцца добра, той жыве добра. Хто жыве добра, памірае добра. А хто памірае добра, у таго ўсё добра”. Таксама мы маем магутную заступніцу перад тронам Госпада, якая дапамагае нам дасягнуць Неба і матывуе нас засяродзіць нашыя намаганні на Богу – гэта, вядома, Найсвяцейшая Панна Марыя.
Любімая малітва Марыі
    Ёсць малітва, якая напаўняе сэрца Багародзіцы радасцю. Гэта “Вітай, Марыя” і, асабліва, малітва Ружанца. Кожны раз, калі мы звяртаемся да Марыі са шчырым сэрцам, Яе сэрца радуецца. Таму прапануем вашай увазе 10 пунктаў, якія матывуюць нас маліцца святым Ружанцам.
   
    1. Божая Маці Фацімская
    Найсвяцейшая Панна Марыя шэсць разоў з’яўлялася тром маленькім пастушкам у Фаціме (Партугалія). І кожны раз Маці Божая казала: “Маліцеся Ружанцам”.
   
    2. Яе тытул
    Напрыканцы сваіх аб’яўленняў Божая Маці назвала сябе “Каралевай Ружанца”. Таму, калі Яна шэсць разоў настойвала на неабходнасці маліцца Ружанцам і сама называла сябе “Каралевай Ружанца”, здаровы сэнс падказвае нам, што Яна сапраўды хоча, каб мы так маліліся!

    3. Папа Ян Павел II
    Гэты вялікі святы сучаснасці і сапраўдны духоўны гігант настойліва рэкамендаваў усім маліцца святым Ружанцам. У сваім пасланні “Ружанец Панны Марыі” намеснік Хрыста настойваў на тым, каб мы чыталі гэтую малітву. У пачатку свайго пантыфікату ён сам сказаў, што Ружанец з’яўляецца яго самай любімай малітвай.
   
    4. Дзеля сям’і
    У тым жа дакуменце св. Ян Павел II настойваў на тым, каб мы маліліся Ружанцам за сям’ю, якая знаходзіцца пад пагрозай і ва ўмовах глыбокага крызісу. З ростам колькасці разводаў, легалізацыяй аднаполых шлюбаў, з той колькасцю дзяцей, якія засталіся без сямейнага цяпла, сёння мы больш чым калі павінны маліцца Ружанцам. Святы Айцец цытуе Слугу Божага а. Патрыка Пэйтана: “Сям’я, якая моліцца разам, застаецца разам”.
   
    5. Дзеля супакою ў свеце Гэты дакумент
    св. Яна Паўла II быў апублікаваны неўзабаве пасля тэракту з хмарачосамі ў Нью-Ёрку. Такім чынам, яшчэ адна інтэнцыя для малітвы Ружанца сёння – гэта супакой ва ўсім свеце. Перад абліччам пагрозы ядзернай зброі і росту агульнай напружанасці паміж народамі, Ружанец можа быць нашым шчытом і абаронай. У канцы Першай сусветнай вайны Найсвяцейшая Багародзіца ў Фаціме ясна сказала, што вайна наступіла ў выніку граху, і калі людзі не перастануць грашыць, то выбухне сусветная вайна яшчэ страшнейшая за гэтую. Праз дваццаць гадоў – Другая сусветная вайна. Яго Эксцэленцыя кс. абп Фултан Джон Шын казаў, што сусветныя войны – гэта вынік мноства асобных войнаў у сэрцах грэшнікаў, якія распаўсюдзіліся на паселішчы, гарады, краіны і кантыненты. Грэх нараджае вайну, малітва нараджае святло ў сэрцах, розумах, душах і гармонію паміж народамі.
   
    6. Дзеля бяспекі нашых дзяцей
    Яшчэ ніколі грамадства не было такім небяспечным у адносінах да нашых дзяцей і падлеткаў. Вялікае значэнне мае чысціня. Сучасныя СМІ, інтэрнэт, разнастайная рэклама, сучасныя фільмы і тэлевізійныя праграмы люта перашкаджаюць цноце чысціні. Прама скажам, часам складваецца ўражанне, што мы жывём у “грамадстве парнаграфіі”. Адданасць Маці Божай і малітве Ружанца можа служыць шчытом супраць гэтага націску. Карацей кажучы, мы павінны атуліць нашых дзяцей у чыстым і бязгрэшным сэрцы Марыі; Яна – аазіс, прытулак, бяспечны каўчэг і наша абарона. Калі вы, як Ной, яго сям’я і жывёлы, шукаеце абароны ад патопу ў каўчэзе, каўчэг Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Багародзіцы безумоўна стане бяспечным прытулкам.
   
    7. Каб “упарадкаваць наш беспарадак”
    У выніку першароднага граху, які ўсе мы атрымліваем у спадчыну, наша жыццё адзначана бязладнасцю. Наша мысленне, наша воля, эмацыйны стан, наша душа, намеры, наша сямейнае і сацыяльнае жыццё маюць пэўныя расстройствы. Святы Ігнацый Лаёла казаў, што мы робім духоўныя практыкаванні для таго, каб “навесці парадак” у нашым жыцці. Грэх выклікае фрустрацыю, малітва прыносіць душэўны парадак. Малітва да Найсвяцейшай Багаро-дзіцы насычае нашу душу і напаўняе яе Духам Святым, а Дух Святы – Бог парадку. Праз малітву Ружанца Маці Божая можа дапамагчы нам перамагчы неўпарадкаванасці нашага жыцця.
   
    8. Для ўнутранага супакою душы і розуму
    Яшчэ адным выдатным плёнам ружанцовай малітвы з’яўляецца супакой розуму, сэрца і душы. Усе мы прагнем супакою, а Найсвяцейшая Багародзіца з’яўляецца, між іншым, “Каралевай супакою” і можа выпрасіць для нас той супакой, якога так прагнуць нашыя сэрцы.
   
    9. Гэта біблейская малітва
    Святы папа Ян Павел II сказаў, што Ружанец з’яўляецца кароткім пераказам усяго Евангелля. Ён сапраўды заснаваны на Бібліі, нават малітвы “Ойча наш” і “Вітай, Марыя” маюць сваю аснову ў Евангеллі. Таму, горача молячыся Ружанцам, мы лепш пазнаём Езуса і Марыю і ўлюбляемся ў Іх, а затым можам стаць Іх палымянымі апосталамі ў свеце. Папа Францішак у сваім пасланні на Вялікі пост нагадаў нам: “Усё шырэй распаўсюджваецца глабалізацыя абыякавасці, таму што ў свеце не хапае Божай любові. Гэтая любоў можа быць запалена з дапамогай любові Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Ружанца – сапраўды біблейскай малітвы”.
   
    10. Каб перамагчы нашыя нягоды
    Давід павінен быў змагацца супраць злоснага волата Галіяфа. Стратэгічна не было ніякага спосабу, якім маленькі, неспрактыкаваны, непадрыхтаваны пастух мог перамагчы волата Галіяфа. Ён быў нібы мурашка супраць слана. Тым не менш, Біблія адкрывае нам вельмі канкрэтную ісціну: няма нічога немагчымага з Богам. Давід цалкам даверыўся Богу, Валадару Нябёс. І мы ўсе ведаем, чым гэта скончылася. Перамогай, дзякуючы ўмяшанню Бога. Сёння мы акружаны такой колькасцю “Галіяфаў”, што цяжка падлічыць. Тым не менш, наша дапамога ў Богу, які стварыў неба і зямлю. Звернемся за дапамогай да Каралевы неба і зямлі і выйграем гэтую бітву. Езус з’яўляецца Каралём неба і зямлі, а Найсвяцейшая Панна Марыя – наша Каралева. Знойдзем прытулак пад Яе нябеснай мантыяй!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  348

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.