ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце

З жыцця Касцёла

Сінадальныя Айцы з усіх рэгіёнаў свету вядуць разважанні і дыскусіі пра пакліканне і місію сям’і ў Касцёле і ў грамадстве

4–25 кастрычніка ў Ватыкане праходзіць пасяджэнне Сінода Біскупаў на тэму сям’і.
На форуме, у якім прымаюць удзел 270 Айцоў Сінода, эксперты, аўдытары, дэлегаты iншых хрысцiянскiх веравызнанняў і 18 сужэнскiх пар, разглядаюцца выклiкi i праблемы, з якiмi спатыкаецца сучасная сям’я. Касцёл у Беларусі на форуме прадстаўляе старшыня беларускага епіскапата Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Пачаткам Сінода Біскупаў на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце” стала св. Імша ў базілiцы св. Пятра ў Ватыкане, якую ўзначаліў папа Францішак. У гамiлii Святы Айцец падкрэсліў, што ў сучасным цяжкiм сацыяльным i сямейным кантэксце Касцёл павiнен перажываць сваю мiсiю адносна сям’i ў вернасцi, праўдзе i любовi. Вернасць, па словах Папы, павiнна праяўляцца ў абароне адзiнасцi i непарыўнасцi сужэнства, а таксама ў абароне найбольш каштоўнага Божага дару, якiм ёсць жыццё, у падтрымцы шматдзетных сем’яў i абароне вернай любовi.
    Пантыфік адзначыў, што праўда павiнна не паддавацца ўплывам моды i часовых меркаванняў, а таксама баранiць чалавека ад трансфармацыі плоднай любовi ў эгаiзм. Таксама Папа звярнуў увагу на тое, што любоў павiнна спадарожнiчаць Касцёлу ў выконваннi яго мiсii і што Касцёл павiнен заставацца любячай мацi, якая лечыць раны алеем мiласэрнасцi.

   “Сінод – гэта выраз жыцця Касцёла”
    5 кастрычніка ў Ватыкане прайшла першая агульная кангрэгацыя Сінода Біскупаў на тэму сям’і. Адкрываючы яе, папа Францішак адзначыў, што Сінод не з’яўляецца кангрэсам, парламентам ці сенатам; гэта выражэнне жыцця Касцёла, які крочыць побач, каб вачыма веры i з сэрцам Бога адкрываць рэчаіснасць i ў духу калегiяльнасцi перад вачыма мець дабро Касцёла i сям’i паводле прынцыпу, што найвышэйшае права – гэта збаўленне душ.
    Затым Генеральны рэлятар Сiнода кардынал Петэр Эрдзё ў сваім выступленні прадставiў выклiкi сучаснай сям’i, з якiх найбольш небяспечнымi з’яўляюцца змяншэнне колькасцi нараджальнасці, аборты, стэрылiзацыя, iндывідуалiзм i аддзяленне ў спажывецкiм грамадстве сексуальнасцi ад пракрэацыi патомства. Нагадваючы пра паклiканне сям’i, іерарх казаў аб яе святасцi i непарушнасцi. Прадстаўляючы мiсiю сям’i, кардынал звярнуў увагу на неабходнасць фармацыi сужэнцаў i святароў.
    Таксама была звернута ўвага на неабходнасць душпастарскага падыходу да разведзеных i тых, хто ўступіў у новыя сужэнскiя саюзы з захаваннем пры гэтым прынцыпу непарушнасцi сям’i. Трэба, як адзначыў прамоўца, быць мiласэрным да iх, але мiласэрнасць мае патрэбу ў навяртанні, без чаго такія людзі не могуць прымаць святую Камунiю. Кардынал гаварыў i аб патрэбе душпастарскай апекi гомасексуалістаў, не дапускаючы пры гэтым нiякай аналогii памiж iх саюзамi i сям’ёй.
    У апошняй частцы свайго ўводнага даклада кардынал падкрэсліў важнасць практыкі ўсынаўлення дзяцей, што можа быць “асаблівай формай сямейнага апостальства”. Іерарх заклікаў Касцёл да навяртання, каб стаў “больш жывым, асабовым, супольнасным” і сведчыў аб “самай вялікай міласэрнасці” Бога.
   
    Гендэрызм і фемінізм сярод тэм,
   узнятых у “малых групах”

    Гаворка ішла пра цяжкасці культурнага характару, у тым ліку фемінізм, які часта прэсінгуе сям’ю, сцвярджаючы, што сужэнства з’яўляецца формай ціску на жанчын, што мацярынства – гэта адна з форм насілля ў адносінах да жанчын, а выхаванне дзяцей пазбаўляе жанчын магчымасці рэалізаваць свае амбіцыі. Таксама была закранута праблема гендэрызму. Удзельнікі адзначылі, што гэтая ідэалогія імкнецца знішчыць сужэнства і сям’ю шляхам садзейнічання ліквідацыі гендарных адрозненняў. Было адзначана, што гендарная ідэалогія ўсё больш адлюстравана ў навучальных праграмах і заканадаўстве. Усе ўдзельнікі выказалі перакананасць у неабходнасці выразнага сігналу з боку Сінода аб пагрозе гендэрызму для сям’і.
    У ходзе дыскусій часта гучала меркаванне, што нягледзячы на шматлікія цяжкасці, Касцёл павінен абвяшчаць натуральнае сужэнства паміж мужчынам і жанчынай, якое не залежыць ад нацыянальных або нават рэлігійных абумоўленасцей і адносіцца да кожнага чалавека. Пра гэта, як было адзначана, гаворыцца ў Старым і Новым Запаветах, і гэта з’яўляецца фундаментальнай культурнай спадчынай усяго чалавецтва.
   
  “Сям’я нараджае патрэбу сувязі вернасці, шчырасці, даверу, супрацоўніцтва, пашаны” (папа Францішак)  Сінод падтрымаў
   увядзенне Папам новых
   норм “сужэнскага працэсу”

    Удзельнікі Сінода Біскупаў на тэму сям’і падтрымалі ўвядзенне папам Францішкам новых норм, пакліканых паспрыяць паскарэнню прызнання несапраўднасці сужэнства. Адпаведныя дакументы Святога Айца былі апублікаваны два месяцы таму і ўвойдуць у сілу 8 снежня, з пачаткам Юбілейнага Года Міласэрнасці. Адно з галоўных новаўвядзенняў тычыцца надання мясцовым біскупам паўнаты судовай улады, у тым ліку ў пытаннях аб прызнанні несапраўднасці сужэнства. У адпаведнасці з новымі законамі, кожны біскуп мае магчымасць правядзення працэсу ў кароткі тэрмін, калі несапраўднасць сужэнства пацвярджаецца відавочнымі фактамі. Такім чынам, папа Францішак жадае большай блізкасці касцёльных структур да вернікаў.
   
    Давід – самы малодшы ўдзельнік Сінода
    Пасля першых агульных сходаў Cінода Біскупаў на тэму сям’і найбольш папулярным яго ўдзельнікам з’яўляецца італьянец Давід Палоні. У залу Cінода ён прыбывае разам са сваімі бацькамі Масімам і Патрыцыяй. Для чатырохмесячнага немаўляці Давід адзначаецца небывалым спакоем. У Давіда адзінаццаць братоў і сясцёр, старэйшаму з якіх 19 гадоў. Усе яны жывуць у Галандыі. Яго бацькі ўжо на працягу адзінаццаці гадоў з’яўляюцца місіянерамі Неакатэхуменату. На Сінодзе гэта адна з дзвюх італьянскіх сем’яў, якія ўдзельнічаюць у якасці аўдытараў.
    Сiнод, падчас якога вядуцца разважанні і дыскусіі пра пакліканне і місію сям’і ў Касцёле і ў грамадстве, каб зрабіць дбайны духоўны і душпастарскі аналіз і вызначыць найбольш адпаведныя шляхі для дапамогі Касцёла сужэнствам, завершыцца 25 кастрычнiка ўрачыстай святой Iмшой у базілiцы св. Пятра.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.