ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Добрая катэхеза – гэта навука добрага жыцця

Слова рэдактара

 Распачаўся чарговы навучальны год для дзяцей і моладзі, а таксама чарговы катэхетычны год у нашых касцёлах. Касцёл у Беларусі ўвесь час развіваецца, а таму і справа катэхізацыі не стаіць на месцы. Усё лепшыя і зручнейшыя ўмовы ў нашых катэхетычных класах, усё больш магчымасцей дапасавання гадзін заняткаў для катэхізуемых, а таксама больш рознага тыпу дапаможных матэрыялаў для катэхетаў. Вялікая колькасць свецкіх катэхетаў навучаецца ў катэхетычных інстытутах у Беларусі. А таму ўсё гатова, каб добра распачаць чарговы катэхетычны год. Але гэта яшчэ не ўсё. У гэтыя дні ў нашых касцёлах зачытваюцца лісты ксяндзоў біскупаў, якія заахвочваюць нас прымаць удзел у катэхізацыі: дзяцей і моладзь, дарослых і пажылых людзей, сем’і і розныя спецыялізаваныя групы. І менавіта гэта самае важнае – каб у катэхетычных класах былі мы, нашы дзеці і моладзь, што з’яўляюцца будучыняй Касцёла і краіны, маладыя сем’і і старэйшыя людзі, паколькі пазнаваць Бога можна на працягу ўсяго жыцця, не абмяжоўваючыся толькі пазнаннем асноўных праўд веры.
Перш за ўсё, варта сабе і сваім дзецям так скласці план заняткаў, каб у ім было месца таксама для навукі рэлігіі. На жаль, тлумачэнні тыпу “у майго дзіцяці зашмат школы ці іншых заняткаў” або “маё дзіця ўжо прыступіла да Першай Камуніі” вядуць нашых дзяцей да жыцця без сэнсу і мэты. Вельмі многія бацькі скардзяцца на розныя цяжкасці ў выхаванні маладога пакалення (а сёння гэта найперш інтэрнэт). Катэхеза, у сваю чаргу, з’яўляецца нібы прыжком з парашутам, які дапамагае бяспечна прызямліцца – дзеці і моладзь, якія прымаюць удзел у катэхезе, робяць менавіта такі бяспечны скок у далейшае жыццё. Таму мы павінны знайсці час і жаданне, каб каталіцкая адукацыя ў нашай краіне была на высокім узроўні.
    Катэхізацыя датычыць не толькі маладога пакалення, але таксама старэйшых людзей, а асаблівым чынам нашых сямей. Буйнейшыя парафіі даюць вернікам магчымасць наведвання розных парафіяльных груп – г.зв. спецыялізаванае душпастарства – або проста ўдзелу ў катэхезе для дарослых. Калі ў Вашай парафіі не існуе такой групы, Вы можаце сабрацца разам з жадаючымі асобамі і папрасіць ксяндза пробашча арганізаваць такія сустрэчы. На жаль, праблемай з’яўляецца таксама ўпэўненасць у тым, што “дастаткова” катэхізацыі да Першай св. Камуніі. І многіх бацькоў здзіўляе факт, што пасля гэтай урачыстасці дзіця зноў павінна наведваць заняткі рэлігіі. Гэта ж усё роўна як скончыць толькі класы пачатковай школы. У такой сітуацыі трэба перш за ўсё катэхізаваць бацькоў, каб яны зразумелі гэта і змянілі свой стыль мыслення, каб добра паклапаціліся пра рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей.
    Навука веры – гэта не толькі пацеры. Гэта пазнанне Хрыста, сяброўства з Ім. Але і на гэтым яшчэ не ўсё. Катэхеза вучыць кожнага з нас жыць у супольнасці Касцёла, а таксама быць адказным у сваім штодзённым жыцці. Менавіта дзякуючы катэхезе мы становімся добрымі грамадзянамі. Калі мы будзем памятаць пра гэта, наша краіна заўсёды будзе краінай хрысціянскай, краінай добрых і адказных людзей. А быць добрым хрысціянінам і сумленным грамадзянінам, як мне здаецца, – мара кожнага бацькі і маці, кожнага катэхета, кіраўніка дзяржавы і г.д.
    Добрая катэхеза – гэта навука добрага жыцця. Такая навука перш за ўсё павінна быць у нашых сем’ях, паколькі менавіта бацькі становяцца першымі катэхетамі для сваіх дзяцей. Хачу кожнаму ў гэтым новым катэхетычным годзе пажадаць, каб катэхеза была Евангеллем жыцця чалавека, жыцця з Хрыстом, добрага жыцця.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.