ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Марыя – наша Нябесная Маці

З жыцця Касцёла

У 10-ю гадавіну каранацыі цудадзейнага абраза МБ Кангрэгацкай маліліся за сем’і, дзяцей і моладзь, а таксама за ўсіх вернікаў Гродна і ваколіц

10-ю гадавіну каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай адзначылі ў Гродне. Ва ўрачыстасцях, якія адбыліся ў касцёле св. Францішка Ксаверыя, прынялі ўдзел шматлікія вернікі, якія дзякавалі Марыі за ўсе атрыманыя праз Яе заступніцтва ласкі.
Ужо традыцыйна духоўная падрыхтоўка да ўрачыстасці пачалася 4 жніўня святой Імшой і адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту. Затым апоўначы ў катэдры была адпраўлена святая Імша пад кіраўніцтвам кс. б-па Юзафа Станеўскага. У сваёй гаміліі іерарх адзначыў, што сёлетнія ўрачыстасці маюць выключны характар, паколькі яны звязаны з 10-й гадавінай каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай.
    “Вернікі Гродна заўсёды знаходзяць час, каб прыйсці і памаліцца пры абразе Маці Божай Кангрэгацкай, даручаюць Марыі свае сем’і, выпрошваюць патрэбныя ласкі. Маці Божая Кангрэгацкая ніколі не самотная, Яна заўсёды вядзе дыялог з чалавекам”, – сказаў кс. бп Юзаф.
    Пасля набажэнства было адноўлена сутачнае чуванне, у якім прынялі ўдзел асобныя парафіі горада.
    Вечарам наступнага дня была адпраўлена адпуставая святая Імша, падчас якой вернікі дзякавалі Найсвяцейшай Панне Марыі ў Яе цудоўным абразе за ўсе атрыманыя ласкі і маліліся аб умацаванні веры і вернасці Богу для кожнага чалавека.
Да шматлікіх вернікаў, якія сабраліся на Імшы, з гаміліяй звярнуўся кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх расказаў сярэднявечную легенду пра караля і яго дачку. Прынцэса павінна была атрымаць у спадчыну ўсё каралеўства, таму каралю было вельмі важна, каб яна выбрала добрага мужа. Кароль абвясціў, што патэнцыяльны кандыдат на зяця павінен прынесці жамчужыну, якая была б большай за тую, што ёсць у каралевы. Адазвалася мноства кавалераў, але ніхто не прынёс большай і прыгажэйшай жамчужыны. Тады кароль, страціўшы цярплівасць з-за празмернай колькасці смельчакоў, выдаў распараджэнне: той, хто з’явіцца, але не выканае ўмовы, будзе пакараны смерцю. Пілігрымкі маладзёнаў у каралеўскі палац адразу спыніліся. Праз некаторы час у горад прыехаў чужаземны рыцар. Паколькі ён быў адважны, мудры і разважлівы, ён вельмі спадабаўся каралю. Калі кароль даведаўся, што рыцар плануе прыняць удзел у конкурсе і дабівацца рукі прынцэсы, ён рашуча яго адгаворваў. Кароль не хацеў, каб рыцар быў асуджаны на смерць. Але той не адступаў. Ён папрасіў тры дні і вярнуўся са старой маршчыністай жанчынай, сівой, як голуб. З любоўю і павагай рыцар узяў яе за руку, падышоў да караля і сказаў, што гэта яго маці і яна – самая каштоўная і прыгожая жамчужына. Кароль узрушыўся, бо прыгадаў сабе сваю ўжо памерлую маці, і дазволіў рыцару ажаніцца з прынцэсай, а разам з ёй аддаў яму ўсё сваё каралеўства.
  Падчас працэсіі з копіяй цудатворнага абраза  “Гэтая прыгожая і кранальная легенда прыгадвае нам, што няма на свеце больш ахвярнай, адданай і бескарыслівай любові, чым любоў маці. У сэрцы кожнага чалавека мама займае асаблівае месца. Да яе мы прыходзім са сваімі радасцямі, смуткамі, клопатамі і цярпеннямі. У яе шукаем парады і падтрымкі. І нават калі пасля цяжкасцей зямнога жыцця маці адыдзе ў вечнасць, мы ўсё роўна далей адчуваем яе блізасць, бо яна прысутнічае ў нашых малітвах, думках і ўспамінах”, – казаў ксёндз біскуп. “Пан Езус, сапраўдны Бог і адначасова сапраўдны чалавек, таксама меў сваю маці, і для Яго, як і для кожнага чалавека, Марыя была самай блізкай і дарагой асобай на зямлі. І хоць з Евангелля мы не многае даведваемся пра Яе зямное жыццё, пра пачуцці, якімі Яна адорвала Сына, не выклікае сумненняў, што паміж Езусам і Марыяй існавала асаблівая сувязь любові, удзячнасці і пашаны. Сярод малітваў, якія Езус узносіў да Нябеснага Айца, сталай была малітва ўдзячнасці за дар Маці, якую Пан Бог выбраў як свой шэдэўр яшчэ да стварэння свету”.
    Кс. бп Аляксандр таксама падкрэсліў, што Марыя з’яўляецца дарам для Езуса, а згодна з Яго воляй, стала дарам таксама для кожнага з нас. Ужо на працягу дзвюх тысяч гадоў хрысціянскі люд ушаноўвае Марыю як сваю Маці. Сведчаць пра гэта незлічоныя касцёлы і капліцы, прысвечаныя Ёй, цудоўныя малітвы і песні, напісаныя ў Яе гонар, вядомыя сваімі ласкамі абразы і фігуры Маці Божай, рассеяныя па ўсім свеце, марыйныя санктуарыі, у якія накіроўваюцца пілігрымы, каб праслаўляць Найсвяцейшую Маці і прасіць Яе аб заступніцтве ў сваіх патрэбах.
    “І хоць людзі ўшаноўваюць Марыю пад рознымі тытуламі і вызнаннямі, сутнасць марыйнай пабожнасці заўсёды тая самая. Мы верым, што Марыя з’яўляецца нашай Нябеснай Маці, і з даверам просім Яе заступніцтва, каб Яна малілася за нас”, – сказаў іерарх.
    Ужо больш за тры з паловай стагоддзі вернікі Гродна і ваколіц усхваляюць Марыю ў цудатворным абразе. Маці Божая Кангрэгацкая з’яўляецца заступніцай не толькі студэнтаў, Яна адорвае сваёй мацярынскай любоўю кожнага, хто з верай да Яе прыходзіць. Захаваліся сведчанні шматлікіх цудаў і ласкаў, атрыманых праз Яе заступніцтва. Пра магутнасць заступніцтва Марыі сведчыць таксама вялікая колькасць вотаў, змешчаных каля абраза. Але мы ведаем, што не ўсе цуды былі запісаны, не кожны адораны ласкамі склаў пра гэта сведчанне. Большасць цудаў і ласкаў назаўсёды застануцца таямніцай, вядомай толькі Богу.
    “Сабраныя ля ног Марыі, прысутнай у гэтым цудатворным абразе, мы дзякуем Пану Богу за цудоўны дар Найсвяцейшай Панны Марыі. Дзякуем за тое, што маем да каго звяртацца ў кожнай нашай патрэбе, маем каму даручаць усе нашыя клопаты і нягоды нашых сэрцаў”, – заахвоціў сабраных вернікаў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. “Мы можам быць упэўнены, што Марыя не пакіне нас адных, не пакіне ў складаных хвілінах жыцця, таму ў Яе мацярынскіх абдымках мы заўсёды адчуваем сябе так добра, бяспечна і шчасліва. Кожная маці прагне шчасця для сваіх дзяцей. Марыя як наша Нябесная Маці клапоціцца перш за ўсё пра наша збаўленне, таму Яна дае нам сваю мацярынскую параду. Ідучы праз жыццё, мы павінны слухаць Езуса і паступаць паводле Яго навукі. Тады мы не заблукаем і бяспечна дабярэмся да мэты нашай зямной пілігрымкі”, – падсумаваў іерарх.
    На заканчэнне ўрачыстасці адбылася працэсія з копіяй абраза Маці Божай Кангрэгацкай.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.