ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Воранава

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Паселішча ўпершыню ўзгадваецца ў XVI ст. пад назвай Балотна, Блотна – ад мясцовай рэчкі Балатнянка, якая сёння ўжо ператварылася ў ручай. На пачатку XVII ст. гэта ўжо мястэчка, таксама ўзгадваецца як Верэнова, Воранаў. Належала Гаштольдам, Масевічам, Зарэцкім, Сцыпіёнам.
    Касцёл быў заснаваны тут у першай палове XVI ст. па фундацыі магната Гаштольда, тагачаснага ўладальніка Блотны. Новы драўляны касцёл на цэнтральнай плошчы мястэчка быў пабудаваны ў 1705 г. на сродкі мсціслаўскага ваяводы Аляксандра Яна Масевіча, святыня была асвечана пад тытулам святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша.
    У XVIІІ ст., калі Воранава было ва ўладанні роду Сцыпіёнаў, мястэчка атрымала статус цэнтра староства. У 1735 г. кашталян смаленскі і ўладальнік Воранава Ян Сцыпіён дэль Кампа (+1738, ён жа фундатар дамініканскага кляштара ў Канюхах Ваўкавыскага дэканата) і ягоны сын Юзаф, староста лідскі, адкрылі тут школу і калегіюм ордэна піяраў. Па фундацыі воранаўскаму кляштару ў маёмасць перадаваўся маёнтак Лапацызна з вёскай Вільканцы і ахвяравалася 50000 злотых. Аднак праз 20 гадоў, у 1756 г., па распараджэнні адукацыйнай камісіі піяры былі пераведзены ў Ліду.
Драўляны парафіяльны касцёл, той, што пабудаваў яшчэ Масевіч, дзейнічаў у Воранаве да Другой сусветнай вайны. Гэта быў трохнававы прамавугольны ў плане безвежавы храм з трохвугольным франтонам над галоўным фасадам, які фланкавалі дзве гранёныя вежачкі. Злева ад касцёла асобна стаяла двух’ярусная таксама драўляная шатровая званіца. Касцёльны комплекс быў абнесены бутавай агароджай з трохпралётнай цаглянай і атынкаванай уваходнай брамай.
    Іншых святынь на той час у воранаўскай парафіі не было. Колькасць парафіян дасягала амаль 4000.
   Галоўны алтар У 1940 г. Воранава атрымала статус цэнтра аднайменнага раёна Гродзенскай вобласці. У 1967 г. старажытны касцёл быў знішчаны, сёння на гэтым месцы знаходзіцца будынак клуба. Адраджэнне парафіі пачалося толькі ў канцы 1980-х гг. Восенню 1990 г. распачалося будаўніцтва новага велічнага дзвюхвежавага касцёла з сілікатнай цэглы. У 1994 г. у святыні прайшло першае набажэнства, аднак будаўніцтва працягвалася і далей. 19 мая 2002 г. касцёл пад тытулам Божай Міласэрнасці ўрачыста кансэкраваў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч. Гістарычны тытул святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша захавала воранаўская парафія.
    Касцёл пабудаваны за парафіяльнымі могілкамі ў эклектычным стылі, прамавугольны ў плане з такой жа апсідай, галоўны фасад фланкаваны дзвюма чацверыковымі шатровымі вежамі. Інтэр’ер, падзелены чатырма парамі апор на тры навы, перакрыты плос-кай падшыўной дашчанай столлю на бетонных бэльках. Перагародка ў выгля-дзе дасабаровага алтара выдзяляе за прэзбітэрыем сакрыстыю. У святыні тры алтары: галоўны – Божай Міласэрнасці, левы бакавы – Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, правы – Маці Божай Фацімскай, над уваходам зроблены хоры.
    Сёння да воранаўскай парафіі адносіцца новая капліца ў Паляцкішках. З 1993 г. у парафіі працуюць сёстры палацінкі, з 1999 г. у комплекс касцёла ўвахо-дзіць іх манаскі дом (аднапавярховы з мансардай) з капліцай св. Міхала Арханёла. Дзейнічае ў парафіі і “Карытас”, які месціцца ў плябаніі, дзе таксама ёсць капліца. Парафіяй апекуюцца ксяндзы палаціны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.