ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Падзяка Пану за дар мучаніцтва бласлаўлёных сясцёр з Навагрудка

З жыцця Касцёла

Супольны здымак пілігрымаў з біскупамі каля крыжа31 ліпеня лес каля Навагрудка, дзе ў час вайны фашысты расстралялі 11 сясцёр назарэтанак, наведалі шматлікія пілігрымы. Сястра Стэла і 10 яе паплечніц загінулі там ранкам 1 жніўня 1943 года, аддаўшы жыццё за бацькаў сем’яў.
Бласлаўлёныя мучаніцы да канца споўнілі сваё пакліканне і былі вернымі харызме сваёй кангрэгацыі. Воляй заснавальніцы іх супольнасці – маці Марыі ад Пана Езуса Добрага Пастыра (Францішкі Сядліскай) – было тое, каб Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта жыла па прыкладзе Найсвяцейшай Сям’і праз малітву, працу і цярпенні, ахвяраваныя за святы Касцёл, Папу і сем’і.

    Ахвяра была прынята
    Калі ў ліпені 1943 года гестапа арыштавала з намерам расстраляць 120 жыхароў Навагрудка, назарэтанкі на малітве ахвяравалі сваё жыццё Богу, выражаючы гатоўнасць памерці замест бацькаў сем’яў. У другі раз сёстры ахвяравалі сваё жыццё, каб уратаваць ад арышту капелана ксян-дза Аляксандра Зянкевіча. Як адзіны святар у ваколіцы, ён быў вельмі патрэбны Касцёлу і людзям – так разважалі сёстры. Гэтая гераічная і велікадушная ахвяра назарэтанак была мілай Богу і была Ім прынята.
    Арыштаваныя гестапа мужчыны – бацькі сем’яў з Навагрудка і ваколіц – не загінулі: пакаранне смерцю было заменена для іх вывазам на прымусовыя працы ў Германію. Ксёндз Аляксандр Зянкевіч таксама перажыў вайну.
    У 72-ю гадавіну смерці назарэтанак-мучаніц, якіх 1 сакавіка 2000 г. беатыфікаваў Папа Ян Павел ІІ, лес пад Навагрудкам наведалі пілігрымы. Частка з іх прыбыла ў VII пешай пілігрымцы з Гродна. Наведаць месца пакарання прыйшлі таксама вернікі з Новай Мышы (Пінская дыяцэзія), якіх у апошнія хвіліны іх пілігрымавання суправаджаў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка.
    На малітве сабраліся і сёстры з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, удзячныя сваім папярэдніцам за гераічнае складанне жыцця на алтары ў інтэнцыі сем’яў. Усе прыбылі са сваімі інтэнцыямі, а таксама каб праз заступніцтва бласлаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка маліцца за ўсе народы, якія перажываюць вайну, за хрысціян, якіх пераследуюць за веру, за краіны, у якіх адбываюцца ўзброеныя канфлікты, дзе пануюць насілле і смерць. Сабраныя маліліся, каб добры Бог даў людзям ласку навяртання, каб краіны і народы адмовіліся ад вайны і мелі адвагу стаць на шлях паяднання, прабачэння і супакою.
   
    Незвычайная смерць
    Святую Імшу каля крыжа, які ўсталяваны на магіле адважных манахінь і з’яўляецца заахвочваннем для чалавека ХХІ стагоддзя, што варта прысвяціць сваё жыццё Хрысту, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Імшу канцэлебравалі біскуп Антоній Дзям’янка і прысутныя святары. У гаміліі біскуп Кашкевіч назваў лес, які стаў нямым сведкам апошніх хвілін жыцця навагрудскіх мучаніц, месцам “страшным”, але адначасова “святым”. Іерарх адзначыў, што смерць назарэтанак была смерцю незвычайнай. “Сёстры склалі сваё жыццё як свядомую і дабравольную ахвяру ў жэсце гераічнай любові да Бога і бліжняга, – сказаў біскуп. – Таму для нас, тых, хто сёння схіляе галовы перад веліччу іх учынку, гэты лес пад Навагрудкам з’яўляецца перш за ўсё святым месцам – яго асвяціла мучаніцкая кроў, пралітая адважнымі манахінямі”.
    Гродзенскі ардынарый нагадаў сабраным, што сёстры назарэтанкі прыбылі ў Навагрудак па запрашэнні біскупа Зыгмунта Лазінскага, сёння Слугі Божага, і адразу прыступілі да выканання свайго штодзённага служэння з вялікай ахвярнасцю і самаадданасцю. “Яны былі проста блаславеннем і душой гэтага горада”, – дадаў іерарх.
   
    Сёстры назарэтанкі разам з вернікамі на малітвеПаказалі веліч годнасці чалавека
    Біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў прысутных, якія прыбылі, каб стаць на зямлю, акропленую крывёй мучаніц, да падзякі Пану за вялікі дар мучаніцтва сясцёр назарэтанак i за іх сведчанне нязломнай веры і гераічнай любові да Бога і да бліжняга. Па словах іерарха, сваім жыццём і смерцю сёстры паказалі веліч годнасці чалавека і хрысціяніна, “даказалі, што гэтай годнасці нішто не здолее патаптаць: ні нянавісць, ні страх, ні нават смерць”.
    Таксама ў гэтым асаблівым месцы Гродзенскай дыяцэзіі прагучала малітва ў інтэнцыі хуткай беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась – дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якой не дадзена было атрымаць ласку мучаніцтва разам з яе сёстрамі. Святасць яе жыцця, вялікая адданасць, з якой яна служыла народу Божаму, цярплівасць і пакора, з якімі прымала цярпенні – усё гэта таксама з’яўляецца прыгожым сведчаннем вернасці Хрысту і ўласнаму манаскаму пакліканню.
    Шматлікая прысутнасць пілігрымаў у гэты дзень стала выразам памяці пра сясцёр мучаніц, пра святасць іх жыцця і пра гераізм іх смерці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.