ГРОДНА
Нядзеля,
19 мая
2024 года
 

Прыйдзі, Дух Святы, і аднаві аблічча гэтай зямлі!

З жыцця Касцёла

Урачыстае асвячэнне крыжа на месцы, дзе будзе пабудаваны новы касцёл

Урачыстасць асвячэння крыжа і пляца пад будаўніцтва святыні ў гродзенскай парафіі Святога Духа адбылася 24 мая. На св. Імшу з гэтай нагоды прыбылі шматлікія вернікі, якія ствараюць парафіяльную супольнасць у мікрараёнах Фабрычны і Альшанка, першакамунійныя дзеці, ксяндзы, манаскія сёстры, клерыкі. Набажэнства ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, ва ўрачыстасці таксама прыняў удзел дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Св. Імшу ўпрыгожыў сваім спевам хор “Cantate Domino”.
Асвячэнне крыжа і зямлі пад будаўніцтва новага каталіцкага касцёла ў горадзе над Нёманам адбывалася ў вельмі сімвалічны для парафіі Святога Духа дзень – ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа, у пяцідзясяты дзень пасля Уваскрасення Пана.
   Перад распачаццем св. Імшы мясцовыя вернікі, якіх без сумненняў можна назваць сапраўднай парафіяльнай супольнасцю, паколькі яны ведаюць адзін аднаго, іх яднае супольная малітва, супольнае праслаўленне Бога, узаемапавага і гатоўнасць дапамагчы, прывіталі гасцей, што прыбылі на ўрачыстасць. Затым кс. Валерый Быкоўскі прыгадаў сабраным гісторыю парафіі.
Потым распачалася першая ўрачыстая св. Імша на пляцы, дзе ў будучыні будзе пабудаваны новы касцёл. Прамаўляючы гамілію, кс. бп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу на тое, што ўрачыстасць Спаслання Святога Духа з’яўляецца вялікім святам для Касцёла. Езус Хрыстус спаслаў Духа на Касцёл, таму што з Яго прыходам Ён звязваў вялікія надзеі. Падчас Апошняй Вячэры, перад абліччам хуткай Мукі, Смерці і Уваскрасення, Езус сказаў сваім вучням: “Лепш для вас, каб Я адышоў. Бо калі Я не адыду, Суцяшыцель не прыйдзе да вас. [...] Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе” (Ян 16, 7.13).
  Падчас працэсіі з дарамі вернікі ўручылі цаглінку з муру старой капліцы  “З гэтых слоў Езуса вынікае, што Святы Дух патрэбны нам, перш за ўсё, як Суцяшыцель, які ўзмоцніць нашу веру, узбагаціць нас звышнатуральным жыццём, асветліць гарызонты нашага мыслення, часта такога зямнога, напоўненага страхам і няўпэўненасцю, – казаў душпастар. – І вось, праз пяцьдзясят дзён пасля ўнебаўшэсця Езуса Яго абяцанне здзяйсняецца: Святы Дух зыходзіць на Апосталаў і поўнасцю перамяняе іх сэрцы. Гэтая групка перапалоханых і няўпэўненых у сабе вучняў раптам перастае баяцца, адчыняе дзверы вячэрніка і выходзіць наружу, пачынае мужна абвяшчаць навіну аб уваскрослым Хрысце. Разам са Святым Духам у сэрцы Апосталаў увайшла моц Хрыста, якая дазволіла ім стаць Яго сведкамі, абвеснікамі Яго навукі. Апостальскай працы няма там, дзе няма веры ў яе паспяховасць. Такую перамену Дух здзейсніў у вучнях Езуса ў дзень Пяцідзясятніцы”, – падкрэсліў кс. бп Аляксандр.
    Іерарх таксама адзначыў, што свята Спаслання Святога Духа – гэта не толькі ўспамін Пяцідзясятніцы, якая стала нібы днём нараджэння Касцёла, днём распачацця яго місіі абвяшчэння Божага слова і сведчання пра Хрыста. Гэтае свята з’яўляецца ў першую чаргу напамінам, што Святы Дух прыходзіць таксама да нас, калі мы Яго заклікаем, каб мы маглі сведчыць пра Хрыста. Ён дадае нам адвагі і мужнасці, каб абвяшчаць Евангелле і жыць ім на кожны дзень. Тое, чаго мы не здолеем зрабіць самастойна, мы здзейснім пры дапамозе Святога Духа.
    “Гэта не выпадкова, што ўваскрослы Хрыстос дае Апосталам Святога Духа ў вячэрніку, менавіта ў тым месцы, у якім Ён памыў ім ногі, накарміў сваім Целам і напаіў сваёй Кроўю, дзе ўстанавіў сакрамант святарства. Ён зрабіў гэта для таго, каб Апосталы і іх паслядоўнікі зразумелі, што ўсё самае дарагое для хрысціяніна ўзяло свой пачатак у вячэрніку”, – сказаў ксёндз біскуп.
    Душпастар таксама засяродзіў увагу вернікаў на тым, што касцёл, які ўзнікне ў парафіі Святога Духа, таксама будзе парафіяльным вячэрнікам, куды вернікі будуць прыходзіць, каб атрымаць ад Хрыста ласкі, Яго збаўчае Слова і Найсвяцейшае Цела. У гэтым касцёле можна будзе адчуць Божую моц у святых сакрамантах.
    “Вы будзеце прыходзіць у гэты касцёл цэлымі сем’ямі, каб яны былі моцныя Богам і каб адчуць, што разам вы з’яўляецеся членамі іншай, яшчэ большай сям’і – парафіі. У гэтым парафіяльным вячэрніку вы будзеце вучыцца сустракаць Хрыста ў іншым чалавеку, прыходзіць да яго з дапамогай, дзяліцца з ім радасцю веры. Як Апосталы, сабраныя ў вячэрніку ў чаканні спаслання Святога Духа аднадумна трывалі на малітве, так вы будзеце аднадумна прасіць Хрыста аб стойкасці ў веры для сябе і для сваіх блізкіх, а таксама аб дары веры для тых, хто яшчэ яе не мае”, – падкрэсліў іерарх. Ён таксама заклікаў, каб вернікі не баяліся выклікаў, звязаных з пабудовай новага касцёла, хоць гэта вялікае і складанае заданне, якое патрабуе мноства сіл, працы і ахвяры.
  На ўрачыстасць прыбылі шматлікія святары з розных парафій, у тым ліку ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. бп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі  “Я веру, што Святы Дух, заступнік вашай парафіяльнай супольнасці, адорыць кожнага з вас святлом, мужнасцю, сіламі і надзеяй. Як некалі Апосталы, так і мы сёння змагаемся з рознымі цяжкасцямі і праблемамі. Нам часта пагражае роспач, недахоп адвагі, няўпэўненасць. У такія хвіліны давайце прыгадаем сабе, што хоць мы і слабыя, пры дапамозе Святога Духа мы можам стаць моцнымі. Ён памножыць нашыя сілы, трэба толькі адкрыцца на Яго ўздзеянне. Прыйдзі, Святы Дух, і аднаві аблічча гэтай зямлі!” – падсумаваў кс. бп Аляксандр.
    Затым ардынарый дыяцэзіі разам з кс. б-пам Юзафам Станеўскім здзейснілі асвячэнне крыжа і зямлі пад будаўніцтва касцёла.
    Варта таксама адзначыць, што падчас св. Імшы вернікі аддалі сваю парафію пад апеку Святога Духа. Сімвалічным жэстам гэтага стала тое, што кс. бп Аляксандр выпусціў трох белых галубоў.
    На заканчэнне набажэнства пробашч парафіі кс. Павел Салабуда выказаў надзею, што касцёл, які будзе ўзнесены на асвечаным пляцы, будзе цэнтрам жыцця новай парафіі. Кс. Павел таксама падзякаваў вернікам за тое, што на працягу доўгага часу, молячыся каля старой капліцы пад адкрытым небам, яны былі жывымі сведкамі Хрыста. Ён накіраваў словы ўдзячнасці айцам францішканцам, якія раней апекаваліся капліцай, і падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы ўрачыстасці, а таксама ўсім вернікам, якія прыбылі на Імшу.
    Фінальным акордам урачыстасці стаў канцэрт семінарыйнага гурта “AVE”.

 

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  227

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.