ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Увесці звычку задумвацца перад “стрэлам”

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Рада вітаць Вас гэтай вясной. Спадзяюся, наперадзе ў нас шмат адкрыццяў і цікавых сутрэч. На гэты раз запрашаю Вас на моладзевую пляцоўку, каб паразважаць аб інструменце нашых думак і ўчынкаў, навошта хаваць парасон ад дажджу і чаму так важна мець перспектыўны план на будучыню.
    Што ж, наперад з Богам! †
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Пачатак мудрасці – страх Гасподні” (Прып 9, 10).
   Шанаванне Пана – першы крок да мудрасці, пазнанне Святога – першы крок да разумення. Чалавек ніколі не памыліцца, калі назапашаныя веды будзе выкарыстоўваць як Божы дар, інструмент для спасціжэння святасці.
        
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб усе людзі, якія вядуць навуковыя даследаванні, ставілі перад сабой мэту служэння агульнаму дабру чалавека

   Далёка не ўсе навуковыя даследаванні вядуцца згодна з вучэннем Касцёла. А значыцца, не на карысць духоўнаму вопыту чалавека (проста неабходна разглядаць два бакі медалі). Сярод найбольш вядомых прыкладаў – дапаможная рэпрадуктыўная тэхналогія ЭКА. На момант стануць шчаслівымі бацькі, але ігнаруецца той факт, што такія дзеці хутчэй за ўсё не змогуць мець сваіх дзяцей і хварэюць яны ў некалькі разоў часцей за іншых. Змены ў свядомасці грамадства – жыццё можна стварыць за грошы.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: розум
   У адрозненні ад жывёлы, Бог надзяліў чалавека розумам. Дзякуючы гэтаму, людзі могуць думаць, аналізаваць, свядома здзяйсняць нейкія ўчынкі. Жывёлы ж прытрымліваюцца інстынктаў. З сумам даводзіцца назіраць за чалавекам, які забываецца пра сваю сутнасць і пачынае дзейнічаць як звер.
   
 МЭТА МЕСЯЦА: увесці звычку задумвацца перад “стрэлам”
   Магчыма, менавіта гэта дапаможа пазбегнуць многіх памылак у будучым. Чалавек мае магчымасць разважаць над сваімі ўчынкамі і прымаць свядомыя рашэнні. Калі ён раптам перастае задумвацца над тым, што робіць, атрымліваецца бязглуздзіца: быццам маеш парасон, але на дождж выходзіш без яго. Таму, як дзіўна гэта не гучыць, карыстацца розумам проста неабходна. Па-першае, рызыка зрабіць памылку нашмат меншая, па-другое, большая верагоднасць захаваць унутраны супакой.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА з аркушам паперы паразважаць аб мэтах свайго жыцця
   Вядома, лягчэй за ўсё ісці некуды, калі ведаеш напрамак. Калі мэты размытыя, то і дарога бессэнсоўная. Моладзь – гэта тая група людзей, якая якраз знаходзіцца на парозе вызначэння: вымалёўваюцца абрысы ідэалаў, прынцыпаў, мараў. Карацей кажучы, каб распрацаваць маршрут, патрэбна ведаць канчатковы пункт. Поспехаў у выбары арыенціра!

  ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “Ніхто не ведае”, Сяргей Брыкса
   “Бог, Ён прыдумаў гэты свет, Ён стварыў Сусвет”. Са слоў праслаўлення пачынаецца адна з песень вядомага хрысціянскага выканаўцы Сяргея Брыксы. Увогуле, яна ўся прасякнута сэнсам любові і даверу да Бога, які падарыў свету Сына, “над злом перамогу атрымаў, цемру няверы прагнаў”. Выканаўца заклікае чалавека задумацца, што Госпад можа прыйсці ў любы момант. Ніхто не ведае, калі гэта здарыцца, таму трэба заўсёды быць гатовым да такой сустрэчы.

 
  КНІГА МЕСЯЦА: “Зараз важны толькі Ён”

   У кнізе сабраны гісторыі навяртанняў людзей, якія на некаторым этапе свайго жыцця сустрэлі Бога. Сярод іх і такія вядомыя асобы, як Фрыдэрык Шапэн, Эдзіт Штайн, Гілберт Кійт Чэстэртон. “Гісторыі навяртанняў, апісаныя ў гэтай кнізе, блізкія сучаснаму чалавеку, – напісана ў анатацыі. – У іх бачна, як тыя людзі шукалі адказы на пытанні, што мучалі іх душу, і ў выніку знаходзілі Бога. З тых пор для іх стаў важны толькі Ён”.
 
святы Дамінік СавіоАСОБА МЕСЯЦА: святы Дамінік Савіо

   Нарадзіўся Дамінік 2 красавіка 1842 года ў вёсцы Рыва (Італія). Паходзіў з сялянскай сям’і. Ва ўзросце сямі гадоў прыступіў да Першай святой Камуніі. У той жа дзень зрабіў сабе наступныя пастановы: будзе часта прыступаць да споведзі і прымаць святую Камунію, за лепшых сяброў абірае Езуса і Марыю і вырашае, што лепш смерць, чым грэх.
У 1854 годзе Дамінік стаў студэнтам араторыя св. Францішка Сальскага ў Турыне. Там ён утварыў Таварыства Беззаганнай, каб маліцца і дапамагаць людзям.
Дамінік часта прасіў працаўнікоў, каб тыя не пракліналі. І людзі прыслухоўваліся да яго. Калі ў маладога чалавека пыталі, чаму ў яго засмучаныя вочы, ён адказваў: “Я хачу зберагчы іх для сузірання неба”. У 1856 годзе Дамінік моцна захварэў на туберкулёз. Урач наказаў хлопцу ехаць дадому ў надзеі, што клопат бацькоў дапаможа яму стаць на ногі. Але, развітваючыся з сябрамі, Дамінік прадчуваў, што не вернецца. Ён памёр праз некалькі месяцаў, 9 сакавіка 1857 года. Адыходзячы, усклікаў: “Бывай, ойча! Бывай! Я бачу такія выдатныя рэчы!”.
У 1950 годзе папа Пій ХII аб’явіў Дамініка бласлаўлёным. Да ліку святых ён быў прылічаны праз чатыры гады.
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў сакавіку?
    Св. Казімір (4 сакавіка), св. Агнешка (6 сакавіка), св. Дамінік (9 сакавіка), св. Крысціна (13 сакавіка), св. Патрык (17 сакавіка), св. Кірыл (18 сакавіка), св. Кацярына (24 сакавіка), св. Леанард (30 сакавіка).
   
    Усе заўвагі, пажаданні і конкурсныя лісты дасылаць на паштовую скрыню рэдакцыі або на электронны адрас аўтара рубрыкі
    Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.