ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

А калі мы пойдзем да ксяндза?

Слова рэдактара

 “Заканчваецца чарговы год калядавання. У адным доме ад пэўнай асобы я пачуў вельмі цікавае пытанне: “Ксёндз ходзіць па калядзе кожны год, а калі ўжо мы пойдзем да ксяндза?”. Так з энтузіязмам мяне як пробашча – думаю, што і іншых ксяндзоў таксама – віталі парафіяне. Таму я магу сцвердзіць, што ў Беларусі людзі любяць прымаць ксяндза з душпастарскім візітам.
    Вядома, каляда ад каляды адрозніваецца. Інакш яна выглядае ў вёсцы, інакш у вялікім горадзе. Часам адзін святар ходзіць з душпастарскім візітам у парафіі і непакоіцца, як паспець прыйсці ў кожны дом, а дзесьці ксяндзы распачынаюць каляду адразу пасля свят Божага Нараджэння і не спяшаючыся, спакойна калядуюць удвух ці ўтрох. Але да пачатку Вялікага посту кожны жадаючы парафіянін павінен паспець прыняць у сваім доме святара на супольнай малітве і такой неабходнай некалькіхвіліннай размове. Менавіта так выглядае каледаванне на нашых тэрыторыях.
    Пасля размоў з ксяндзамі часцей за ўсё можна пачуць, як патрэбна супольная малітва і размова з парафіянамі. Некаторыя размовы не змяняюцца на працягу 5–10 гадоў. Ксяндзы кажуць, што часам загадзя ведаюць усё, што скажа кожны канкрэтны чалавек, але людзі вельмі цэняць, што ксёндз моліцца з імі аб тым, каб Бог пасяліўся ў іх доме і спаслаў на іх сваё бласлаўленне.
Кс. Віктар Ханько, пробашч мастоўскай парафіі, так апісвае каляду: “Ходзячы па калядзе, я адкрываю праўду не толькі аб сваёй парафіі, але і аб самім сабе. Бог, уваходзячы ў дамы вернікаў, сам паказвае праз ксяндза, як моцна любіць сваіх дзяцей. Калі ты гэта ўсведамляеш, то адкрываеш паўнату любові Бога ў сабе. Я вельмі цешуся, што гэта ўжо трэцяя мая каляда ў гэтай парафіі, але нагодай для яшчэ большай радасці з’яўляецца тое, што вернікі любяць свайго душпастара і чакаюць яго. Гэта бачна ў іх адкрытых сэрцах, у іх размовах з табой. Я асабіста ўжо стаў удзельнікам некалькіх цудаў у сваёй парафіі, калі пасля малітвы і размовы ў сям’і ўзмацнялася любоў, прабачэнне, адбываліся як духоўныя, так і фізічныя ацаленні людзей. Хвала за гэта Пану Богу!” А. Вітольд Пяцельчыц SchP, пробашч са Шчучына, таксама дзеліцца сваімі ўражаннямі: “Каляда для парафіян са Шчучына – гэта па-сапраўднаму асаблівы час. Дзень душпастарскага візіту, як гавораць самі парафіяне, з’яўляецца святам, калі ксёндз прыходзіць у дом, моліцца, размаўляе і асвячае. Гэты настрой можна адчуць. Трэба таксама адзначыць, што няма вялікай розніцы ў тым, як людзі чакаюць ксяндза ў горадзе і ў вёсцы. У некаторых вёсках нашай парафіі можна яшчэ сустрэць даўнія мясцовыя традыцыі, калі, напрыклад, гаспадар сустракае ксяндза каля варот з хлебам і соллю і вядзе госця ў дом. Часам падчас душпастарскага візіту можна адчуць і незразуменне з боку маладых людзей альбо сужэнстваў, асабліва тых, якія рэдка ходзяць у касцёл. Але і яны заўсёды з пашанай прымаюць святара, які наведвае іх дом”.
    Я не буду сёння прыгадваць пра збіранне грошай, пра тое, дзе знаходзяцца мужчыны падчас каляды, чаму часам дзеці, гледзячы на комжу ксяндза, думаюць, што гэта ўрач прыйшоў у дом, а таксама пра іншыя “выклікі” сучаснага каледавання. Для гэтага яшчэ, напэўна, будзе час і месца. Сёння я хацеў бы сказаць усім, хто ўжо прыняў ксяндза па калядзе: Няхай Хрыстос бласлаўляе Ваш дом. А да ксяндза? Да ксяндза Вы заўсёды можаце прыйсці, дарагія нашы Чытачы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.