ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Трабы

Парафіі і святыні

Дэканат Іўе
У пісьмовых крыніцах паселішча вядома з XV ст., з 1490 г. уз­гад­ваецца як уласнасць Гаштольдаў, з 1549 г. – Радзівілаў, з 1569 г. – каралеўская маёмасць, з 1766 г. – уласнасць Зяньковічаў. У XVI–XVIII стст. Трабы – цэнтр аднайменнага староства, мястэчка. Трабская парафія – самая старэйшая ў Іўеўскім дэканаце. Парафіяльны касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны заснаваны Марыянай (Марынай) Гальшанскай у 1410 г. Новая драўляная святыня была пабудавана па фундацыі канцлера літоўскага і ўнука першапачатковай фундатаркі Альбрэхта Гаштольда (+1539) у 1534 г. З таго ж часу пры парафіі пачала дзейнічаць каталіцкая школа. Маршалак Альбрэхта Гаштольда Якуб Крабановіч памножыў касцёльны фундуш, а сам Гаштольд у 1538 г. заснаваў тут місіянарыю на 5 святароў і 1 клерыка. У 1543 г. жонка Гаштольда таксама памножыла фундуш.
    Да трабскай парафіі Вішнеўскага дэканата (цяпер парафія Ашмянскага дэканата) у ХIХ ст. належалі капліцы ў в. Ладзецяняты, Такарышкі і Ценюкоўшчына (цяпер юрацішская парафія), Янцэвічы (цяпер бакштанская парафія) і на мясцовых могілках. Дзейнічала парафіяльная школа, колькасць парафіян не перавышала 4000 вернікаў.
Драўляныя святыні змя­нялі адна адну на працягу стагоддзяў, пакуль з пачаткам ХХ ст. вернікі на чале з тагачасным пробашчам кс. Паўлам Сухоцкім не вырашылі пабудаваць тут ужо каменны касцёл. У 1900 г. касцёл быў закладзены і ў 1905 г. пабудаваны ў неагатычным стылі з жоўтай вонкавай цэглы. Новазбудаваны касцёл быў кансэкраваны ў 1928 г. віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім пад гістарычным тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны.
    Касцёл узвялі ў цэнтры вёскі, святыня ўяўляе сабой дзвюхвежавы прамавугольны ў плане трохнававы аб’ём з пяціграннай апсідай і трансептам, з адной сакрыстыяй з левага боку. Галоўны фасад завершаны фігурным неагатычным франтонам, фланкаваны дзвюма квадратнымі ў плане тэлескапічнымі трох’яруснымі шатровымі вежамі-званіцамі. Касцёл накрыты двухсхільным дахам, больш нізкая апсіда – вальмавым, крылы трансепта – таксама двухсхільнымі, якія з трох бакоў закрыты трохвугольнымі франтонамі. Трохвугольны франтон над алтаром завершаны ажурнай неагатычнай сігнатуркай.
    Інтэр’ер падзелены калонамі на тры навы. Цэнтральная нава перакрыта спічастым скляпеннем на падпружных арках, бакавыя навы – такімі самымі, толькі крыжастымі. У інтэр’еры трабскага касцёла знаходзяцца тры двух’ярусныя разьбяныя (цёмнае дрэва з пазалочанымі элементамі) алтары ў неагатычным стылі. Галоўны алтар уяўляе сабою трыфорыумную карункавую кампазіцыю, у цэнтры якой змешчаны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езус, упрыгожаны пазалочанай шатай з каронамі, адзначаны вотамі. У бакавых спічастых нішах змешчаны паліхромныя фігуры святых апосталаў Пятра і Паўла. У другім ярусе алтара знаходзіцца абраз св. Казіміра. Бакавыя алтары ўсталяваны ў тарцах наваў. У цэнтры левага бакавога алтара змешчаны абраз Укрыжавання, а ў другім ярусе – П’ета. У цэнтры правага алтара знаходзіцца абраз св. Антонія ў пазалочанай шаце, а наверсе – абраз св. Францішка з Асізі. Над уваходам на дзвюх апорах размяшчаюцца хоры з арганам. Крыпты пад касцёлам няма. Тэрыторыя касцёла абнесена бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны брамай у выглядзе чатырох цагляных неагатычных слупкоў-пінакляў.
    Колькасць вернікаў трабскай парафіі напры­канцы 1930-х гг. пера­вышала ўжо 6000. 10 сакавіка 1943 г. трабскі пробашч Францішак Цыбульскі быў расстраляны немцамі разам з васьмю іншымі ксяндзамі з ваколіц.
    Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ніколі не спыняў сваёй дзейнасці, у 1970-я гады быў залічаны да помнікаў архітэктуры.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.