ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч: Касцёл не ўцякае ад складаных пытанняў

З жыцця Касцёла

“Сінод яшчэ раз пацвердзіў, што Касцёл чытае знакі часу і шукае на іх адказы”
З кс. аб-пам Тадэвушам Кандрусевічам аб Сінодзе на тэму сям’і, сустрэчы з папам Францішкам, а таксама аб небяспеках для сямейных каштоўнасцей у Беларусі размаўляў кс. Павел Салабуда, галоўны рэдактар газеты.
– Ксёндз Арцыбіскуп, Вы былі адзіным прадстаўніком ад Беларусі на прысвечаным сям’і Сінодзе Біскупаў у Рыме. Чаго Вы чакалі ад Сінода на самым яго пачатку?
    – Простым вокам можна заўважыць, што сучасная сям’я знаходзіцца ў вялікім крызісе. У той жа час мы ведаем, што сям’я – гэта фундамент грамадства. Калі фундамент расколваецца, то і будынак разбураецца. Штосьці падобнае адбываецца і ў нашым сучасным свеце – ён развальваецца на нашых вачах. З аднаго боку, можна заўважыць вялікі тэхнічны прагрэс, але з іншага – свет змагаецца з усё новымі і новымі выклікамі, прычына якіх крыецца перш за ўсё ў крызісе веры і маральнасці. Каб лячыць хваробу, спачатку трэба паставіць дыягназ і прапісаць лекі.
Сінод, які адбыўся ў Ватыкане 5–19 кастрычніка 2014 г., быў надзвычайным Сінодам, запланаваным як падрыхтоўчы перад Сінодам звычайным, які адбудзецца ў кастрычніку 2015 г. і таксама будзе прысвечаны сям’і. Задача сёлетняга Сінода заключалася ў тым, каб атрымаць больш поўнае ўяўленне пра сям’ю і яе праблемы ў розных краінах і культурах. Гэта значыць, нібы паставіць дыягназ і паглядзець, што аб праблемах сям’і думаюць біскупы ўсяго свету, каб лепш падрыхтавацца да будучага Сінода, які ўжо паспрабуе знайсці лякарства ад сучасных хвароб сям’і. З такімі чаканнямі я ехаў на Сінод, і, як мне здаецца, гэты сусветны форум біскупаў іх апраўдаў.
   
    – Эксцэленцыя, як Вы лічыце, на якія самыя складаныя пытанні, што датычаць сям’і, Касцёл павінен сёння даць адказ?
    – Перш за ўсё, гэта абясцэньванне створанага Богам інстытута сям’і як адзінага і непарыўнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай супольнага жыцця, прадаўжэння роду і выхоўвання патомства. Насуперак гэтаму ў сучасным свеце ўсё больш разводаў, паўторных і партнёрскіх саюзаў, калі людзі жывуць разам без дзяржаўнай рэгістрацыі іх адносін і без касцёльнага шлюбу.
    Усё часцей узнікае пытанне аб дапушчэнні да Камуніі людзей, якія жывуць у паўторным саюзе, а таксама праблема гомасексуальных саюзаў. Касцёл не ўцякае ад гэтых складаных пытанняў і стараецца даць на іх адказ згодна з духам Евангелля, традыцыі і навучання Касцёла.
   
    – Ці можна было на Сінодзе пачуць адказы на тыя пытанні, якія Вы ўзгадалі вышэй?
    – Гэтыя пытанні абмяркоўваліся больш за ўсё, узнікалі розныя прапановы. Як я ўжо заўважыў, гэты Сінод быў падрыхтоўчым, перад ім не стаяла задача даць гатовыя рэцэпты ад хвароб сям’і. Яго мэта заключалася ў падрыхтоўцы шляхоў для дыскусіі перад новым Сінодам, задачай якога будзе ўжо распрацоўка прапаноў для Святога Айца, які і прыме адпаведнае рашэнне.
   
    – На Сінодзе былі закрануты многія тэмы. Ці можна пэўным чынам падсумаваць гэты першы этап?
    – Так, безумоўна, падчас Сінода ўзнікалі новыя думкі і прапановы, якія патрабуюць часу, каб засяродзіцца над імі, абмеркаваць, абдумаць і зрабіць адпаведныя, згодныя з навучаннем Касцёла высновы.
   
    – Ксёндз Арцыбіскуп, Вы таксама мелі магчымасць прадставіць сітуацыю сям’і ў Беларусі. На што Вы звярнулі асаблівую ўвагу? І якія былі каментарыі Айцоў Сінода?
    – Кожны Айцец Сінода меў права падчас галоўных пасяджэнняў, якія называюцца Генеральнымі кангрэгацыямі, прамовіць адзін раз. Прычым гэтая прамова не магла быць даўжэйшай, чым 4 хвіліны. Але былі яшчэ і свабодныя дыскусіі. Біскуп, які хацеў прыняць у іх удзел, націскаў адпаведную кнопку на спецыяльным пульце, які знаходзіўся перад ім, і чакаў сваёй чаргі. Такім чынам мне ўдалося прамовіць яшчэ чатыры разы. Добрая частка прац Сінода – гэта праца ў г.зв. моўных групах, дзе можна гаварыць шмат разоў, канешне ж па чарзе. У гэтых групах я прамаўляў шмат разоў.
    У сваім галоўным выступленні я звярнуў увагу на неабходнасць новага і вельмі адказнага падыходу бацькоў да хрысціянскага выхавання дзяцей. У дыскусіях я ўздымаў праблему працы касцёльных судоў, каб па меры магчымасці ўпрасціць іх працу. Казаў таксама аб неабходнасці цеснага супрацоўніцтва з іншымі хрысціянскімі Касцёламі, асабліва з праваслаўнай Царквой, адносна справы вырашэння крызісу сям’і. Падчас перапынку на каву Святы Айцец падзякаваў мне за гэтую прапанову. У час працы моўных груп (круглых сталоў) я гаварыў аб праблеме святой Камуніі для разведзеных і тых, хто жыве ў паўторным саюзе, а таксама аб духоўнай Камуніі для іх, закрануў і гомасексуальныя саюзы, прыводзячы, перш за ўсё, практыку нашай краіны. Звычайна каментарыі іншых удзельнікаў Сінода былі зычлівыя, прапановы з Усходу прымаліся з разуменнем.
   
    – Падчас Сінода мелі месца круглыя сталы, дзе адбываўся абмен вопытам і дыскусія. Якія найбольш складаныя пытанні ўздымаліся падчас дыскусій?
    – Гэта перш за ўсё Камунія для разведзеных асоб і тых, хто жыве ў паўторным саюзе, палігамія, гомасексуальныя саюзы. Шмат увагі было звернута на біблійнае і тэалагічнае абгрунтаванне падрыхтаваных на Сінодзе тэкстаў.
   
    – Эксцэленцыя, ці можна казаць аб самым вялікім расчараванні падчас працы Сінода? Калі так, то аб якім?
    – Гэта быў не першы мой Сінод, але ён быў самым складаным. І такім яго зрабілі найперш некаторыя выступленні перад Сінодам і сродкі масавай інфармацыі, якія прадказвалі амаль не рэвалюцыю ў навучанні і практыцы Касцёла адносна сям’і. Я не хацеў бы гаварыць аб расчараванні, але цяжкіх момантаў было нямала. Аднак урэшце ў чарговы раз пацвердзілася ісціна, што не дух свету кіруе Касцёлам, а Святы Дух.
   
    – Найбольшая нечаканасць Сінода, на Вашу думку?
    – Я перажыў вельмі пазітыўнае пачуццё адкрытасці ў выступленнях біскупаў і жадання закрануць складаныя праблемы з мэтай іх вырашэння ў будучым. Сінод яшчэ раз пацвердзіў, што касцёл чытае знакі часу і шукае на іх адказы.
   
    – Якія пытанні Сінод пакінуў адкрытымі?
    – Сінод паказаў, што існуе вострая неабходнасць паглыблення тэалогіі сям’і. Існуе сур’ёзная праблема св. Камуніі для асоб разведзеных і тых, якія жывуць у паўторных саюзах. Іх саюзы несакраментальныя, і гэта застаецца найбольшай праблемай, бо навука Хрыста ясная і зразумелая. Напэўна, многім з іх можна дапамагчы. Тых, хто знаходзіцца ў партнёрскім саюзе, трэба ахінуць душпастарскай апекай, каб яны ўрэгулявалі свой статус згодна з навукай Касцёла. Многія заключаныя раней сужэнскія саюзы з’яўляюцца, магчыма, несапраўднымі. Таму неабходна ўдасканаліць працу касцёльных судоў.
    Безумоўна, Касцёл не можа даць згоду на гомасексуальныя саюзы, але такіх людзей таксама трэба ахінуць душпастарскай апекай, каб дапамагчы ім выйсці з сітуацыі граху.
   
    – Прагучалі таксама галасы на тэму ўпрашчэння працэдуры прызнання несапраўднасці сужэнства, а нават прымянення тут звычайнай адміністрацыйнай працэдуры. Як Вы лічыце, гэта добры шлях?
    – Я ўжо ўзгадваў аб гэтым. Практыка паказвае, што многія заключаныя сужэнствы з’яўляюцца несапраўднымі. Сёння маладыя людзі не заўсёды належным чынам падрыхтаваны да шлюбу, здараецца, што яны бяруць шлюб, каб не адысці ад моды і г.д. Таму вельмі многае залежыць ад працы касцёльных судоў. І Святы Айцец Францішак ужо здзейсніў некаторыя крокі ў гэтым напрамку. Менавіта ён стварыў камісію па вывучэнні справы ўпрашчэння працэдуры прызнання сужэнстваў несапраўднымі.
   
    – У дзень завяршэння Сінода мэр Рыма абвясціў, што ў Вечным Горадзе дазваляецца заключаць гомасексуальныя саюзы. Якія былі каментарыі Айцоў Сінода, і як асабіста Вы ўспрынялі гэтую інфармацыю?
    – Аб гэтым нам паведаміў Святы Айцец Францішак. Ён казаў гэта з болем, бо рашэнне было абвешчана ў апошні дзень Сінода на тэму сям’і. Я, як і іншыя біскупы, успрыняў гэтае рашэнне мэра Рыма як яшчэ адзін напад на сям’ю.
   
    – А як можна апісаць сямейнае жыццё ў Беларусі? Якія сямейныя каштоўнасці знаходзяцца ў найбольшай небяспецы?
    – Беларуская сям’я мала чым адрозніваецца ад сямей, што жывуць у іншых краінах свету, бо крызіс сям’і – гэта ў пэўнай ступені сусветная хвароба, пухліна, а можа нават палохаючая Эбола. Палова сямей разведзеныя, нягледзячы на намаганні дзяржавы і падтрымку ўладамі шматдзетных сем’яў, усё яшчэ адчуваецца дэмаграфічны крызіс. Пасылаючы дзяцей на рэлігію ў касцёл, што, дарэчы, вельмі добра, бацькі не даюць ім хрысціянскага сведчання, што негатыўна ўплывае на іх хрысціянскае выхаванне.
   
    – Праз год адбудзецца чарговая сустрэча ў Рыме. СМІ чакаюць змен, напрыклад, адносна справы Камуніі для разведзеных ці адносна гомасексуальных саюзаў. Ваша Эксцэленцыя, у якім напрамку сёння ідзе свет і Касцёл? Ці не закрадваецца пэўная спакуса, што мы ўсё менш гаворым аб традыцыйнай сям’і?
    – Так, такая спакуса існуе, мы ўсё часцей адыходзім ад традыцыйнай сям’і. Устаноўлены Богам інстытут сям’і сёння падвяргаецца атакам д’ябальскай атамнай бомбы, і трэба быць пільным, каб не паддацца гэтым спакусам. Свет становіцца ўсё больш свецкім, але Касцёл не можа рухацца ў гэтым напрамку, ён не можа дастасоўвацца да свету. Евангелле дадзена нам не для таго, каб мы змянялі яго, а для таго, каб яно нас змяняла. Таму мы павінны маліцца, каб Святы Дух усіх нас вёў сваімі шляхамі, каб мы не згубілі дэпазіту веры і жылі ёй.
   
    – Адзін з біскупаў казаў, што Сінод можа распачаць рэвалюцыю ў Касцёле. Пра якую рэвалюцыю гаворка?
    – Са словам рэвалюцыя ў нас звязаны не самыя лепшыя ўспаміны, рэвалюцыя ў Касцёле непатрэбна. Замест рэвалюцыі няхай будзе эвалюцыя. Я ўжо казаў аб неабходнасці паглыблення і далейшага развіцця тэалогіі сям’і, што магло б вывесці нас на шлях вырашэння крызісу сям’і. А таму давайце дазволім Святому Духу весці нас, а Ён будзе ведаць, што рабіць.
   
    – Вы сустракаліся з папам Францішкам. Не магу не спытацца, якой была гэтая сустрэча і калі чакаць Папу ў Беларусі?
    – З Папам я сустрэўся некалькі разоў, але ўсе гэтыя сустрэчы адбываліся падчас перапынкаў на каву. Гэта было навіной Сінода: падчас перапынкаў на каву Папа быў разам з іншымі ўдзельнікамі Сінода і размаўляў з імі, часцей за ўсё на тэму Сінода. Са мной ён яшчэ трохі паразмаўляў адносна Тэалагічнай акадэміі ў Мінску.
    Хіба толькі Святы Дух ведае, калі Папа завітае ў Беларусь, таму трэба маліцца ў гэтай інтэнцыі.
   
    – Як сёння Касцёл і дзяржава могуць паказаць прыгажосць сям’і, сужэнскага жыцця? Можна на прыкладзе Беларусі...
    – У час крызісу сям’і вельмі важнай справай застаецца душпастарства сем’яў. Яно патрабуе новага погляду на сям’ю, згодна з патрабаваннямі часу. Трэба з усёй адказнасцю падысці да падрыхтоўкі моладзі да сямейнага жыцця. Ужо не дастаткова г.зв. перадшлюбных курсаў. Маладым сем’ям таксама неабходна душпастарская апека. Трэба выхоўваць бацькоў да прыняцця новага жыцця і да адказнага бацькоўства. Касцёл мае вялікі вопыт і ім трэба карыстацца, безумоўна, беручы пад увагу сучасныя ўмовы і выклікі. Трэба паказаць прыгажосць сям’і і ўвесь час асвяжаць у свядомасці людзей правіла, што сям’я – гэта аснова грамадства.
    Дзяржава таксама павінна падтрымліваць сям’ю, каб яна магла быць тым, чым павінна – асноўнай ячэйкай грамадства, месцам супольнага жыцця, месцам прыняцця новага жыцця, выхавання новага чалавека і першай яго школай. Вельмі важным момантам з’яўляецца палітыка дзяржавы, накіраваная на абарону сям’і. У гэтым плане мне было што расказаць пра Беларусь. Канешне дрэнна, што ў нас усё яшчэ існуюць абартарыі і практыкуецца штучнае апладненне, што не згаджаецца з навукай Касцёла. Але пазітыўны момант заключаецца ў тым, што за апошнія гады колькасць паказанняў для аборта была паменшана з 12 да 3. Гэта вялікая перамога, якая стала магчымай дзякуючы супольным намаганням каталіцкага Касцёла, праваслаўнай Царквы, іншых канфесій і рэлігій, а таксама ўсіх, хто абараняе жыццё. Важнае значэнне мае таксама атрыманне дазволу католікам і праваслаўным адкрыць у некаторых абартыўных клініках кабінеты для кансультацыі жанчын, якія выношваюць думку аб аборце. Вельмі важнае значэнне мае таксама канкрэтная дапамога дзяржавы. Так у Беларусі адпачынак па доглядзе за дзіцём працягваецца тры гады, а шматдзетным сем’ям аказваюць вялікую дапамогу ў атрыманні кватэры.
   
    – Чаму павінен служыць Сінод і ў чым заключаецца Евангелле сям’і?
    – Гэты апошні Сінод апрацаваў пасланне сем’ям свету. У ім Касцёл раздзяляе клопат пра сям’ю, спачувае ёй і адначасова дае надзею, якая заключаецца ў даверы Богу і навучанню Касцёла. Сінод таксама апрацаваў спецыяльны даклад, у якім прадстаўлены аналіз сучаснай сям’і, яе клопаты і праблемы, а таксама магчымыя шляхі іх вырашэння. Гэты дакумент павінен быць вядучым у падрыхтоўцы да звычайнага Сінода Біскупаў, які адбудзецца ў наступным годзе.
    Евангелле сям’і – гэта Евангелле, дадзенае нам Хрыстом, а менавіта: што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае. Чалавечае жыццё з’яўляецца найбольшым дарам самога Бога, і ніхто не мае права падымаць на яго руку. Сям’я, беручы прыклад са Святой Сям’і, павінна быць месцам узаемнай любові і супольнага жыцця, павінна быць адкрытая на новае жыццё, яго догляд і хрысціянскае выхоўванне патомства.
   
    – Пытанняў сапраўды шмат. Мы будзем вяртацца да гэтай тэмы яшчэ не адзін раз, а Вам, Ваша Эксцэленцыя, дзякуй за сённяшнюю размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.