ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Катэхізацыя дапамагае моладзі ўзрастаць у паўнаце чалавечнасці

З жыцця Касцёла

Св. Ян Павел II у адной са сваіх прамоў падкрэсліў, што “Малады чалавек успрымальны на праўду, справядлівасць, прыгажосць, на іншыя духоўныя каштоўнасці. Малады чалавек хоча знайсці самога сябе, таму ён шукае, часам бурна, сапраўдныя каштоўнасці і цэніць тых, хто ім навучае і жыве паводле іх.
Хто ж з нас не меў у жыцці і не ўспамінае з удзячнасцю такога чалавека: святара, настаўніка, выкладчыка ці сябра, які здолеў паказаць нам новы свет каштоўнасцей і абудзіць у нас моцны энтузіязм або нават надаць накірунак жыццю? У нашым свеце – свеце ўсялякага прагрэсу і развіцця, а таксама дамінуючага матэрыялізму – моладзь шукае апору ў Касцёле, які фарміруе веру і паказвае гарызонты хрысціянскага гуманізму”.
    Сёння бацькі, навучальныя ўстановы вельмі актыўна працуюць над развіццём маладых людзей, надзеі і будучыні свету, каб яны ўсё больш “былі”, а не толькі “мелі”. У гэтым фарміраванні новай асобы важную ролю адыгрывае Касцёл, які хоча служыць чалавеку, усяму грамадству, перадаючы маладому пакаленню самае вялікае багацце, якім з’яўляецца вера. Душпастары клапоцяцца аб падрыхтоўцы моладзі да дарослага жыцця праз катэхезу. Вучаць хлопцаў і дзяўчат будаваць сваю будучыню на фундаменце духоўных каштоўнасцей, вядуць да Хрыста, паказваючы, як добра жывецца побач з Ім.
Кс. Павел Безляповіч, адказны за катэхізацыю моладзі ў гродзенскай парафіі св. Францішка Ксаверыя, адзначыў, што праца ксяндзоў і манаскіх сясцёр, якія ўдзельнічаюць у рэлігійным выхаванні моладзі, дастаткова складаная. “Катэхеты маюць сур’ёзную задачу – заахвоціць моладзь да актыўнага жыцця ў Касцёле, каб яны хацелі больш пазнаваць сваю веру, каб былі больш актыўнымі ў сваёй парафіі, не саромеліся паказваць сваім сябрам і сяброўкам, што яны сапраўдныя хрысціяне”, – сказаў кс. Павел.
    Душпастар таксама падкрэсліў, што на катэхезу часам прыходзяць маладыя людзі, якія некалі наведвалі ўрокі рэлігіі, але цяпер вядуць сваё амаль ужо дарослае жыццё як язычнікі: вераць у розныя забабоны, ведаюць тэксты малітваў, але прамаўляюць іх аўтаматычна і бяздумна, могуць пералічыць Божыя запаведзі, але не кіруюцца імі ў жыцці; яны ў значнай ступені залежаць ад атмасферы і ідэалаў, якія пануюць у іх акружэнні. “У такіх выпадках мы асаблівым чынам стараемся расчуліць маладога чалавека на святыя рэчы, на маральнасць, любоў да бліжняга і дабрыню, тады канчатковым эфектам нашых намаганняў будзе «новы чалавек», навернуты, адкрыты на Бога”, – дадаў кс. Павел Безляповіч.
    Падсумоўваючы ролю катэхізацыі моладзі, малады душпастар прывёў словы папы Францішка, які сказаў, што трэба ўмець “дастукацца” да моладзі, трэба ім не столькі перадаваць веды, колькі “запальваць іх як паходні”, у сэнсе выбару таго, што найважнейшае. “Гэта патрабуе новых спосабаў душпастарскай працы сярод моладзі, клопату пра тое, каб хлопцы і дзяўчаты ва ўсім тым, што мы ім гаворым, чулі запрашэнне адчуць моц любячага Езуса Хрыста. Тады мы трапім у іх розумы і сэрцы, фарміруючы іх да паўнаты чалавечнасці”.
   
“Мы прыйшлі ў свет несвядомыя, – пісаў св. Юстын, – народжаныя нашымі бацькамі згодна з законамі прыроды. Але мы былі выхаваны ў дрэнных і двудушных звычаях”. Сёння многія асобы растуць у супольнасці, якая забываецца пра Бога і натуральную годнасць чалавека, створанага па вобразе Божым. У свеце, які фарміруецца прагрэсіруючым працэсам глабалізацыі, моладзі часта паказваюць толькі матэрыялістычнае бачанне сусвету, жыцця і людской самарэалізацыі. Больш чым чагосьці іншага яны патрабуюць любові і выхавання ў здаровым людскім асяроддзі, каб мець магчымасць усвядоміць сабе, што іх прыход у свет – гэта не справа выпадку, а дар, які належыць Божаму плану любові. Выхаванне моладзі ніколі не будзе лёгкім, а сёння яно здаецца ўсё больш цяжкім; таму нямала бацькоў і настаўнікаў адчуваюць спакусу адступлення ад сваёй задачы, яны ўжо нават не могуць зразумець, на чым на самой справе засноўваецца даручаная ім місія. У нашым грамадстве і ў нашай культуры існуе шмат няпэўнасцей, сумненняў, сродкі масавай інфармацыі перадаюць нам занадта шмат дэфармаваных вобразаў. У сувязі з гэтым цяжка прапанаваць маладому пакаленню штосьці каштоўнае і пэўнае, правілы паводзін і мэты, якім варта прысвяціць сваё жыццё. Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, трэба забяспечыць адпаведныя выхаваўчыя сітуацыі для моладзі, творча шукаючы новыя шляхі ўздзеяння там, дзе пануе найбольшая культурная і маральная бедната маладога пакалення.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.