ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Дапамога святых

На шляху да святасці

Сённяшні свет у пагоні за матэрыяльнымі каштоўнасцямі забыўся аб адной вельмі важнай праўдзе Касцёла, што заключана ў вызнанні веры, а менавіта аб еднасці святых. Гэтае навучанне Касцёла ўяўляецца нам часта як нешта далёкае альбо тое, што нас не датычыцца. У праўдзе аб еднасці святых заключана ўся сутнасць жыцця, якая на першы погляд можа падацца незаўважнай, але якой мы няспынна можам карыстацца. Таму варта задаць сабе пытанне: “Як увасобіць гэта ў жыццё?”.
Па сваёй натуры мы прызвычаены пра­сіць аб дапамозе лю­дзей, што нас акружаюць, і гэта, бясспрэчна, добра, але часта мы пры гэтым забываемся аб іншых нашых памочніках – з неба. Хто з нас у цяжкія хвіліны жыцця просіць аб дапамозе з неба, аб заступніцтве святых у розных патрэбах? Давайце задумаемся, ці не разлічваем мы на сучасны свет больш, чым на Бога? Хто ж нам дапаможа дайсці да вечнага жыцця? Cвятыя хочуць дапамагаць нам у нашых жыццёвых праблемах і справах, што датычацца збаўлення. Ці выкарыстоўваем мы гэтую дапамогу?
Навука Касцёла сцвярджае, што святыя, знаходзячыся ў хвале Бога, і далей з радасцю выконваюць Божую волю адносна іншых людзей і ўсяго стварэння. Адсюль можна зрабіць вывад, што святыя, якія ўжо дасягнулі вечнага чыцця, жадаюць прыходзіць да нас з дапамогай у кожнай патрэбе, між іншым трэба адзначыць, што гэтая патрэба павінна згаджацца з навучаннем Касцёла. Існуе шмат святых, якія яшчэ на працягу жыцця хацелі стаць святымі і прыходзіць да нас на дапамогу. Адной з такіх святых з’яўляецца св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус, якая напісала ў “Гісторыі адной душы”: “Я адчуваю, што мая місія распачнецца – місія прывівання душам Божай любові, такой любові, якой я Яго люблю... Маім раем будзе здзяйсненне дабра на зямлі. Гэта магчыма, паколькі і анёлы, якія ўзіраюцца ў Бога, чуваюць над намі. Не, я не спынюся да канца свету, пакуль будуць душы, якія трэба ратаваць”. Гэтае выказванне ўказвае на тое, што святыя ў небе не адпачываюць у спакоі, а дасягнуўшы вечнага жыцця, няспынна заступаюцца за кожнага з нас. І тут можна паставіць пытанне: “Чаму?”. Адказ мы знаходзім зноў жа ў св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус: “Я заўсёды хацела стаць святой. На жаль, калі я параўноўвала сябе са святымі, я бачыла, што паміж імі і мною такая ж розніца, якую мы бачым у прыродзе паміж гарой, вяршыня якой хаваецца за хмарамі, і пясчынкай, па якой топчуцца падарожныя. Але я не згубіла ахвоты, я сказала сабе: Бог не дае незнішчальных жаданняў, таму я магу, нягледзячы на тое, што я такая малая, імкнуцца да святасці”.
    Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус на працягу ўсяго свайго жыцця імкнулася да святасці – нялёгкай, але дасягальнай. Сваім кароткім жыццём яна пакінула нам прыклад і адначасова заахвочванне, як увайсці на дарогу святасці, якой можа дасягнуць кожны з нас без выключэння.
    Не трэба чакаць старэйшага ўзросту, каб ступіць на дарогу святасці. Пачні ўжо сёння. Сучаснаму свету неабходна тваё сведчанне. Святасць – гэта тваё жыццёвае заданне і пакліканне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.