ГРОДНА
Пятніца,
09 снежня
2022 года
 

Успамін памерлых: па якой традыцыі?

Хрысціянскія традыцыі

“Для верных Тваіх, Пане, жыццё змяняецца, але не заканчваецца” (з літургіі Касцёла)
1 лістападa, ва ўрачыстасць Усіх Святых, вернікі звяртаюцца ў асаблівай малітве да нябеснай супольнасці Касцёла, якая ўжо дасягнула поўнай еднасці з Богам і цяпер перад Яго Абліччам заступаецца за сваіх зямных братоў і сясцёр.
    2 лістапада, у Дзень успаміну памерлых (Задушкі), каталіцкая супольнасць моліцца за тых вернікаў, якія пасля зямнога жыцця перажываюць пакуты ачышчэння (чысцец), каб нарэшце з’яднацца з Панам у шчаслівай вечнасці.
Само святкаванне Дня ўспаміну памерлых менавіта пасля ўрачыстасці Усіх Святых было прынята ў Касцёле не выпадкова. Многія даследчыкі лічаць, што вялікі ўплыў на гэта мела імкненне хрысціян пераламаць старажытныя язычніцкія забабоны, звязаныя з культам продкаў. Так, напрыклад, старажытныя кельты, якія засялялі значную частку тэрыторыі сучаснай Еўропы, у ноч на 1 лістапада адзначалі Новы год. Гэтае святкаванне было звязана з пакланеннем духам, ахвярапрынашэннем жывёл і нават людзей. Лічылася, што ў ноч на 1 лістапада Самайн, бог смерці і валадар цемры, выпускае на волю душы памерлых, і яны блукаюць па зямлі. Таму звычайныя людзі ў гэтую ноч стараліся пераапрануцца ў маскарадныя касцюмы, каб падмануць блукаючыя душы і злых духаў. А на магілах продкаў запальвалі свечкі, каб паказаць заблукалым душам, дзе іх месца пераходу на той свет.
Вядома, хрысціяне не маглі пагадзіцца з небяспечнымі паганскімі забабонамі. Таму 1 лістапада наперакор страху язычнікаў перад духамі яны пачалі святкаваць дзень трыумфу Хрыста над смерцю. Успамінаючы памерлых, хрысціяне запальвалі на іх магілах знічы як выраз малітоўнай памяці. Паступова вечар вялікага язычніцкага страху перад злымі духамі стаў ператварацца ў хрысціянскую вігілію – “Вечар Усіх Святых” (у англамоўным асяроддзі: “Hallow-Even” – “Hallow-E’en” – “Halloween”). На жаль, з-за невысокага ўзроўню рэлігійнай культуры простага люду ў многіх рэгіёнах адбывалася перапляценне хрысціянскіх і язычніцкіх традыцый. У ХХ ст., па меры папулярызацыі англа-амерыканскай культуры, напаўязычніцкае святкаванне Хэлоўіна (вечара Усіх Святых) разышлося па ўсім свеце. Антыхрысціянская прапаганда імкнулася максімальна падкрэсліць язычніцкія элементы Хэлоўіна і пазбавіцца ад яго хрысціянскіх форм і сэнсу.
    У другой палове ХХ ст. акультную форму Хэлоўіна актыўна пачалі выкарыстоўваць і папулярызаваць сатаністы. У кельцкім богу Самайну яны распазналі самога д’ябла. Антон Ла-Вэй, аўтар “Сатанінскай бібліі”, назваў Хэлоўін галоўным святам сатаністаў. Папулярызацыя акультна-язычніцкай версіі Хэлоўіна пачала прыносіць драматычныя плады паламаных чалавечых душ. Касцёл сутыкнуўся з вялікай колькасцю людзей, якім была неабходна дапамога экзарцыстаў, якія патрабавалі вызвалення ад апанавання злымі духамі. Сапраўдным адкрыццём для многіх аматараў Хэлоўіна стала сведчанне былой ахвяры акультызму Дорын Ірвінг, якая апісала драму свайго жыцця ў кнізе “Вызвалены, каб служыць Хрысту”. Яна расказала, як выкліканне духаў, запальванне сімвалічных галоў ідалаў, гаданне і іншыя “забавы” падчас Хэлоўіна прывялі яе да цяжкага апанавання злым духам.
    Нягледзячы на моцны ціск антыхрысціянскіх сіл праз масавую культуру, для каталіцкай супольнасці нашай краіны ўрачыстасць Усіх Святых і Дзень успаміну памерлых застаюцца важнымі рэлігійнымі падзеямі. Аднак гэта не значыць, што ў нашым грамадстве няма праблем з сапраўды хрысціянскім перажываннем дзён малітоўнага ўспаміну продкаў. На жаль, пад уплывам ужо не англасаксонскіх, а стараславянскіх язычніцкіх забабонаў, яшчэ ў наш час здараюцца непаразуменні ў адносінах нашых вернікаў да памерлых. Дастаткова ўзгадаць хаця б такія з’явы, як прынашэнне ежы ці алкаголю на могілкі або празмернае аздабленне магіл кветкамі і стужкамі, калі магілы не асвячаюцца, а малітвы за памерлых няма. Акрамя таго, добра, калі вернікі падаюць ксяндзу запіскі з імёнамі памерлых (“выпамінкі”), але дрэнна, калі за памерлых разам са святаром не моляцца іх родныя і блізкія.
    Напярэдадні дзён успаміну нашых святых заступнікаў у небе, а таксама нашых памерлых, варта кожнаму католіку задумацца над тым, ці сапраўды па-хрысціянску мы перажываем гэтыя дні? Надзвычай важна, каб клопат аб знешнім парадку і прыгажосці на могілках быў выразам духоўнага клопату аб далейшым лёсе памерлых, бо яны працягваюць жыць, толькі ў іншым вымярэнні. Для многіх з іх наша малітва і св. Імша могуць ужо цяпер паспрыяць заканчэнню чысцовых пакут і распачаццю вечнага шчасця ў нябеснай супольнасці Касцёла. Варта памятаць, што клопат аб магілах і сумесная сямейная малітва за памерлых у касцёле адыгрываюць важную ролю ў справе выхавання маладога пакалення. Ад таго, наколькі здаровыя і хрысціянскія памінальныя традыцыі бацькі перададуць сваім дзецям, залежыць тое, ці будзе нехта іх успамінаць, дбаць аб іх магілах і маліцца аб збаўленні іх душ.
   
Расклад набажэнстваў на могілках Гродна і Ліды:

    Парафія св. Францішка Ксаверыя (катэдра)
    2 лістапада ў 11.00 – могілкі каля ААТ “Азот”
   
    Парафія Найсвяцейшага Збавіцеля і Усіх Святых
    1 лістапада ў 11.30 – старыя Пабернардынскія могілкі
    2 лістапада ў 12.00 – могілкі ў Аульсе
   
    Парафія Унебаўзяцця НПМ і св. Андрэя Баболі, Казловічы
    1 лістапада ў 16.00 – могілкі ў Казловічах
    2 лістапада ў 16.30 – могілкі ў Верцялішках
   
    Парафія св. Роха, Грандзічы (набажэнствы з працэсіяй)
    1 лістапада ў 11.30 – могілкі ў Зарыцы
    1 лістапада ў 11.30 – могілкі пры вул. Альшанава ў Путрышках
    1 лістапада ў 15.00 – могілкі Кульбакі і Забалаць
      (св. Імша і працэсія сумесна з парафіяй з Дзевятоўкі)
    2 лістапада ў 11.30 – могілкі ў Грандзічах
    2 лістапада ў 14.00 – цэнтральныя могілкі ў Путрышках
    2 лістапада ў 14.00 – могілкі Капліца ў Путрышках
    2 лістапада ў 15.00 – могілкі ў Тужаўлянах і Казіміроўцы
   
    Парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка)
    1 лістапада ў 10.30 – могілкі ў Багушоўцы
    1 лістапада ў 13.00 – могілкі ў Агародніках і Русоце
    1 лістапада ў 15.00 – могілкі ў Кульбаках
    1 лістапада ў 16.00 – могілкі ў Малышчына
    2 лістапада ў 14.00 – могілкі ў Каменнай Русоце
    8 лістапада ў 14.00 – могілкі ў Лапенках
   
    Парафія св. Максімільяна Марыі Кольбэ і св. Станіслава, Каробчыцы
    1 лістапада ў 14.00 – могілкі ў Нямейшах
    2 лістапада ў 14.00 – могілкі ў Бялянах
   
    Парафія Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл)
    2 лістапада ў 12.30 – францішканскія могілкі
   
    Парафія Узвышэння Святога Крыжа, Ліда-Фара
    2 лістапада ў 15.00 – могілкі каля капліцы св. Барбары
    2 лістапада ў 14.00 – могілкі ў Ёдках
   
    Парафія Божай Міласэрнасці, Ліда-Маладзёжны
    1 лістапада ў 14.00 – гарацдскія могілкі па вул. Зосіна
    2 лістапада ў 14.00 – жалобная працэсія на могілках
   
    Парафія Беззаганнага Зачацця НПМ, Ліда-Слабодка
    1 лістапада ў 10.00 – старыя могілкі
    2 лістапада ў 11.00 – могілкі каля Гродзенскай шашы

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.