ГРОДНА
Пятніца,
09 снежня
2022 года
 

Недахоп можа быць перавагай

Дзіцячы куточак

“Слаўлю Цябе, бо я дзівосна зладжаны. Дзівосныя дзеі Твае, і душа мая ўсведамляе гэта” (параўн.: Пс 139, 14)
Лёша сядзеў і глядзеў, як хлопцы гулялі ў баскетбол. А гульня складвалася цікавая. Каманды былі роўныя па сіле, таму гоман на пляцоўцы быў неверагодны. Тое, што адбывалася на пляцоўцы цешыла і захапляла ўсіх. Толькі Лёша сядзеў сумны і амаль не заўважаў таго, што адбывалася. Справа ў тым, што ён заўсёды марыў гуляць у баскетбол, некалькі разоў спрабаваў далучыцца да розных дваровых каманд, але яго не прымалі, бо Лёша быў невысокага росту і вельмі худзенькі. А з такім целаскладам у баскетболе рабіць няма чаго.
    Лёша, дарэчы, гуляў у баскетбол вельмі нядрэнна. Але толькі гуляў ён у адзіноце. А калі ён у чарговы раз спрабаваў прапанаваць сябе, яму нязменна адмаўлялі і абавязкова з яго жартавалі.
    – Лёша, – казалі хлопцы, – не смяшы нас. Бо цябе і камар з ног саб’е. А нам патрэбны дужыя хлопцы!
    Ростам Лёша быў значна ніжэйшы за сваіх аднагодкаў і на ўроку фізкультуры стаяў самым апошнім у шэрагу. Хлопчык вельмі непакоіўся з-за свайго росту, таму часта адчуваў сябе вельмі няўтульна ў школе і тады, калі выходзіў на двор да хлопцаў. Шмат разоў ён з сумам разважаў над тым, чаму ён такі маленькі і худзенькі і для чаго ён, вось такі, наогул патрэбен у гэтым свеце...
А па вечарах Лёша марыў аб тым, як было б выдатна, калі б ён быў вялізнага росту! Ён хадзіў бы па вуліцах, а людзі ледзь дацягваліся б яму да пляча. І тады ён, вядома, гуляў бы ў баскетбол лепш за ўсіх! Любая каманда марыла б займець такога нападаючага, як ён... Але гэта былі ўсяго толькі мары. І яму здавалася, што няма на свеце нікога больш няшчаснага, чым ён.
    Аднойчы Лёша ўзяў мяч і, як звычайна, адправіўся гуляць у адзіноце ў баскетбол. Ён прыйшоў на пустую пляцоўку і пачаў вадзіць мяч. Лёша бегаў па пляцоўцы, як быццам абгульваючы нябачных супернікаў. Ён уяўляў сабе, як абыходзіць апошняга абаронцу і кідае ў кальцо мяч, які, трохі пакруціўшыся на краі кошыка, правальваецца ў яго. Хлопчык пераможна ўскрыкваў і ўяўляў, як яго віншуюць сябры, такія ж нябачныя, як і яго супернікі. Потым ён зноў браў мяч, і ўсё паўтаралася. У запале гульні Лёша не заўважыў, як да пляцоўкі падышоў пажылы мужчына і стаў назіраць за ім. Яму вельмі спадабалася, як гэты хлопчык спрытна абыходзіўся з мячом, і ён гучна ўсклікнуў:
    – Брава!
    Толькі цяпер Лёша звярнуў увагу на тое, што за ім назіраюць, і спыніў гульню.
    – Ты выдатна гуляеш! Але чаму ты адзін?
    – Хіба вы не бачыце, якога я росту? Мне толькі 12 гадоў! Мяне ніхто не бярэ ў сваю каманду.
    – Шкада, у цябе добра атрымліваецца. Я бачу, ты вельмі перажываеш з-за таго, што не гуляеш у баскетбол у камандзе?
    – Яшчэ як! Вы не ўяўляеце, як я мару гуляць разам з усімі! Баскетбол – мой самы любімы занятак у вольны час! Я ўжо не раз прасіўся ў каманду, але мяне не бяруць з-за малога росту і вагі. Не ведаю, для чаго я наогул такі!
    Лёша стаяў засмучаны. На яго зноў наляцела хваля крыўды, ён у чарговы раз адчуў сваю нікчэмнасць. Пажылы мужчына ясна ўбачыў у вачах хлопчыка той боль, які прыносіць яму яго недахоп у росце. Падумаўшы крыху, ён сказаў:
    – Ведаеш, я веру, што Бог стварыў усё, што мы бачым вакол, у тым ліку мяне і цябе. Ты верыш у гэта?
    – Так, я таксама веру ў гэта.
    – Я ўпэўнены, што Бог, ствараючы навакольны свет, укладваў сэнс ва ўсё тое, што ствараў! Нішто, створанае Ім, не можа быць марным!
    – Значыць, вы лічыце, што, ствараючы мяне, Бог меў нешта на ўвазе, задумаўшы мяне такім маленькім?
    – Так, менавіта так!
    – Я вельмі сумняваюся. Мне ўсё ж такі здаецца, што Бог проста за нешта абдзяліў мяне ростам.
    – Магчыма, у цябе цяпер узнікаюць праблемы. Напрыклад, насмешкі і тое, што сябры недаацэньваюць тваё ўменне гуляць у баскетбол. Але павер, ты з’явіўся на свет такім не проста так! І калі ты даверышся Богу, Ён пакажа табе твае перавагі. Так-так, менавіта перавагі! У тваім невысокім росце ёсць нешта добрае, толькі гэта трэба ўбачыць.
    – Як так?
    – А ты сам пабачыш! Проста даверся Богу! Добра, прабач, мне трэба ісці. Бывай і памятай, што я табе сказаў!
    Хлопчык больш не гуляў у той дзень. Ён пайшоў дадому і ўвечары, седзячы ў сваім пакоі, думаў пра тое, якія ж перавагі даў яму Бог. Затым Лёша сказаў:
    – Божа, калі Ты сапраўды стварыў мяне такім нездарма, ды яшчэ і даў мне перавагі, дык пакажы мне іх. Я давяраю Табе, дапамажы мне разабрацца ў гэтым пытанні!
   
    Лёша лёг спаць. На наступны дзень ён працягваў разважаць над сэнсам свайго існавання. І вось, у другой палове дня ён пачаў сур’ёзна задумвацца над тым, што, можа быць, у яго маленькім росце крыецца нейкая магчымасць! І, вядома, Лёша пачаў думаць, як яго рост можна выкарыстаць у баскетболе: “Зразумела, я не змагу абыграць рослых хлопцаў, калі паспрабую гуляць з імі на роўных. Але, калі я буду гуляць з імі прыгнуўшыся крышку ніжэй і паспрабую вадзіць мяч вельмі хутка, яны мяне проста не зловяць”.
    Лёша вырашыў у чарговы раз прапанаваць знаёмым хлопцам узяць яго ў каманду.
    – Дык ты ж ужо да нас падыходзіў. У нас не хапае людзей, але цябе мы ніяк не можам узяць, – сказаў старэйшы з іх.
    – Вазьміце мяне, не пашкадуеце, – пераконваў Лёша.
    – Хлопцы, давайце возьмем яго на адну гульню, хай паспрабуе, – прапанаваў адзін з іх. – Можа, супакоіцца і адчэпіцца ад нас нарэшце.
    – Добра, угаварыў, – пагадзіўся старэйшы. – Толькі сам на сябе наракай потым.
    Пачалася гульня. Супернікі смяяліся, убачыўшы Лёшу:
    – А што гэта ў вас за дзіця? Няўжо больш нікога не знайшлося?
    У пачатку гульні Лёша асабліва не змагаўся за мяч. Ён ведаў, што ў гэтых высокіх хлопцаў не зможа яго адабраць. Але вось адзін хлопчык з яго каманды даў яму пас, і мяч апынуўся ў руках Лёшы.
    Хлопчык вельмі хутка прыгнуўся і шмыгнуў паміж супернікамі, кінуў мяч і трапіў у кошык. Ніхто не чакаў такога!
    А Лёша быў у захапленні! Вядома, на працягу гульні супернікі спрабавалі прадпрымаць розныя меры супраць маленькага нападаючага, але ў цыбатых хлопцаў не атрымлівалася абыграць Лёшу. Ён вельмі спрытна абыходзіў іх і прынёс сваёй камандзе перамогу. Лёша вельмі стаміўся, але быў неверагодна шчаслівы! Яму прапанавалі застацца ў камандзе. З таго часу Лёшу паважалі. Упершыню ў жыцці ён адчуў сябе паўнавартасным чалавекам!
    Кожны вечар Лёша дзякаваў Богу за тое, што Ён даў яму магчымасць стаць такім жа значным, як усе, і быць нарэшце прынятым старэйшымі. Неўзабаве Лёша стаў знакамітым у акрузе як адзін з лепшых баскетбалістаў, і ўжо ніхто не адважваўся кпіць з яго. Але вось, вяртаючыся аднойчы дадому пасля чарговай гульні, Лёша ўбачыў, што на вуліцы гарыць жылы дом. Полымя вырывалася з аднаго акна. Але самым страшным было тое, што ў доме знаходзіліся дзеці.
    Мабыць, маці адлу­чылася ненадоўга, а ў доме пачаўся пажар. Лёша пачуў гучны плач дзяцей. На ўсіх вокнах былі рашоткі, а ўваходныя дзверы былі з металу. Мужчыны спрабавалі ўзламаць дзверы і рашоткі, але ў іх нічога не атрымлівалася. Пажарная каманда яшчэ не прыбыла, а час сыходзіў. Лёша аббег вакол дома і ўбачыў, што адно з вокнаў было без кратаў. Гэта было зусім маленькае акенца ў каморы, амаль пад дахам дома. Тады хлопчык папрасіў аднаго з мужчын:
    – Падсадзіце мяне вунь у тое акно!
    – А ты ў яго пралезеш?
    – Думаю, так.
    Разважаць не было калі. Мужчына схапіў камень і, кінуўшы яго, разбіў шкло.
    – Давай, я падсаджу цябе! Калі пралезеш у дом, забяры дзяцей і адкрый дзверы.
    Мужчына падсадзіў Лёшу. Хлопчык ухапіўся за раму, падцягнуўся і пачаў лезьці ў аконны праём. Акно было вельмі маленькім, але Лёша, праціснуўся ўнутр каморы. Убегшы ў дом, нягледзячы на густы дым, ён хутка знайшоў спалоханых дзяцей у спальні.
    Агонь хутка распаў­сюджваўся, але да ўва­ходных дзвярэй яшчэ не дайшоў. Схапіўшы абодвух дзяцей за рукі, Лёша правёў іх скрозь густы дым па калідоры да дзвярэй. Дзверы адкрыліся і праз пару хвілін Лёша з дзецьмі быў ужо на вуліцы.
    У той дзень ён канчаткова пераканаўся ў тым, што нарадзіўся не дарма! І быў спецыяльна створаны Богам менавіта такім! Бо толькі невысокі худзенькі хлопчык мог трапіць у дом праз тое акенца. Лёша быў малы ростам, але вельмі мужны, што і выратавала ў той дзень жыццё двух маленькіх дзяцей.
    Увечары шчаслівы Лёша са слязамі радасці на вачах дзякаваў Богу за тое, што Ён стварыў яго менавіта такім, і за тое, што Ён дапамог яму ўбачыць, якімі перавагамі надзяліў яго. І ніхто на свеце ўжо не змог бы пераканаць хлопчыка ў тым, што ён з’явіўся ў гэтым свеце дарма!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.