ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Урачыстасці ў Зарачанцы

З жыцця Касцёла

Фацімская працэсія13 верасня 2014 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў урачыстую святую Імшу ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная, Гродзенская дыяцэзія). Імша была прымеркавана да фацімскага дня і 25-годдзя адкрыцця канфіскаванага ў часы ганенняў касцёла пасля яго перадачы вернікам.
У св. Імшы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, святары і вялікая колькасць вернікаў.
    Пробашч парафіі кс. Віктар Мыслюк, вітаючы гасцей, адзначыў, што вернікі парафіі хочуць выказаць Богу падзяку за дар парафіяльнай святыні, за яе захаванне, за тое, што пасля праследавання веры ўжо на працягу 25-ці гадоў яны могуць у ёй маліцца і духоўна адраджацца. Па словах святара, “той, хто дзякуе, у сто разоў больш атрымлівае ад Бога”. Вернікі парафіі павіншавалі Мітрапаліта з 25-годдзем біскупскіх пасвячэнняў, пажадаўшы яму патрэбных сіл на далейшыя гады служэння.
У гаміліі Мітрапаліт узгадаў пра восень 1989 г., калі пасля доўгіх намаганняў касцёл нарэшце быў перададзены вернікам, пра радасць, якая панавала тады, і пра свой першы візіт у гэтую парафію. Асабліва цёпла іерарх успамінаў, як некалькі кіламетраў дарогі да касцёла былі ўсыпаны кветкамі.
    Арцыпастыр адзначыў, што перадача касцёла вернікам – гэта адзін са знакаў ажыццяўлення фацімскага прароцтва аб навяртанні краін былога СССР. Іерарх падкрэсліў той факт, што Бог ніколі не пакідае нас адных і заўсёды прыходзіць з дапамогай. “Так было і ў фатальным 1917 г., калі атэістычны рэжым рваўся на Усход. Тады на другім канцы Еўропы, у Фаціме, аб’явілася Божая Маці з пасланнем народам Расіі і ўсяго свету, – нагадаў іерарх. – Марыя заклікала да малітвы і пакаяння, каб усё было добра. Яна як Божая пасланніца добра ведала, што людзі Яе не паслухаюць. Таму Яна прадказала развіццё сітуацыі на Усходзе Еўропы, праследаванне веры і адначасова дала новую надзею на яе адраджэнне. Мы з’яўляемся сведкамі раэлізацыі гэтай надзеі, што асабліва бачна ў краінах былога СССР”.
    Мітрапаліт узгадаў перэ­грынацыю фігуры Маці Божай Фацімскай з фацімскага санктуарыя ў Расію і Казахстан у 1996–1997 гг., якая, па словах арцыпастыра, стала нацыянальнымі рэкалекцыямі і прынесла багаты духоўны плён. Фігура наведала асаблівыя месцы, такія, як стаянка крэйсера “Аўрора”, стрэл з якога быў сігналам да пачатку рэвалюцыі, а яе наступствы, як адзначыў іерарх, мы адчуваем да сённяшняга дня; была на Чырвонай плошчы ў Маскве, наведала Волжскі рэгіён, Каўказ, Сібір, Далёкі Усход, Поўнач і Казахстан. Усяго яна прайшла шлях у 60 тысяч кіламетраў.
    Мітрапаліт нагадаў сабра­ным вернікам, што каталіцкі Касцёл у Беларусі рыхтуецца да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. Тры гады падрыхтоўкі прысвечаны малітве, пакаянню і надзеі.
    Перад св. Імшой вернікі маліліся на ружанцы, а пасля Эўхарыстыі адбылася працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай вакол парафіяльнай святыні. Трэба адзначыць, што з прыходам у гэтую парафію новага пробашча кс. Віктара Мыслюка там асабліва распаўсюджваецца культ Маці Божай Фацімскай.

Крыніца: catholic.by

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.