ГРОДНА
Панядзелак,
06 лютага
2023 года
 

Рось

Парафіі і святыні

Рось. Касцёл Найсвяцейшай ТройцыДэканат Ваўкавыск
Паселішча вядома з XV ст. як уласнасць ваяводы навагрудскага Аляксандра Хадкевіча (+1549), на пачатку XVI ст. ужо мела статус мястэчка Ваўкавыскага павета Навагрудскага ваяводства ВКЛ (аднайменны маёнтак Хадкевічаў знаходзіўся побач, таму мястэчка мела яшчэ назву Падросль) і належала, яшчэ з канца XV ст., канцлеру Гераніму Хадкевічу (+1617). Менавіта яго намаганнямі напрыканцы XVI ст. у Росі быў пабудаваны першы касцёл, а ў 1611 г. тут была зафундавана парафія. Згодна з фундушам плябана “на ўтрыманне вікарыя і трох слуг касцельных: аднаго для паслугі пробашчу, а дваіх для іграння на аргане, спеваў і навучання дзяцей”, ахвяраваўся фальварак Гарасімоўшчына (цяпер Плябанаўцы).
Аб тым, што будынак касцёла быў пабудаваны раней XVI ст. сведчылі келіх (1589 г.) і звон (1597 г.), ахвяраваныя святыні Геранімам Хадкевічам. Драўляны касцёл, першапачаткова асвечаны пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, стаяў насупраць двара, пры дарозе ў Краснае Сяло (цяпер г.п. Краснасельск), на месцы, дзе раней стаяла царква, якую перанеслі ў суседнюю в. Агароднікі (цяпер вул. Агародніцкая).
    Касцёл меў крыжова-купальную кампазіцыю, арганныя хоры былі змешчаны пры прэзбітэрыі, што нехарактэрна для нашых святынь. У інтэр’еры пад размаляванай столлю было 3 алтары: галоўны з тытульным абразом і абразом Найсвяцейшай Тройцы ў акружэнні разьбяных фігур Апосталаў, левы бакавы з абразамі святых Ганны і Марыі Магдалены і правы з разьбянай фігурай Маці Божай Ларэтанскай. З XVII ст. у прэзбітэрыі касцёла згадваецца цудадзейная фігура Езуса Журботнага. Званіца стаяла асобна.
    Новы драўляны касцёл на тым самым месцы быў пабудаваны ў 1682 г. па фундацыі тагачаснага ўладальніка Росі Марцыяна Агінскага (уладарылі Россю ў 1674–1687 гг.) і асвечаны пад новым тытулам – Найсвяцейшай Тройцы. Гэта была аднавежавая святыня на каменным падмурку, крытая гонтам. Распісаны інтэр’ер змяшчаў 4 алтары. У галоўным алтары былі размешчаны абразы Святой Тройцы і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у левым бакавым алтары была ўсталявана знакамітая фігура Езуса (першы цуд зафіксаваны яшчэ ў 1618 г., у 1700 г. была адзначана 32 вотамі, а ў 1775 г. – 210, цяпер іх каля 250), у правым – фігура Маці Божай Ларэтанскай з абразом Маці Божай Балеснай наверсе. Яшчэ адзін алтар, з абразом св. Ганны, стаяў у прэзбітэрыі насупраць сакрыстыі. 14 чэрвеня 1772 г. цудадзейная фігура Езуса Журботнага была ўрачыста перанесена ў галоўны алтар, у другім ярусе застаўся тытульны абраз Найсвяцейшай Тройцы.
    У 1740 г. кс. Францішак Абрамовіч прызначыў 10000 злотых на заснаванне ў Росі місіі шчучынскага піярскага калегіума і прыбыццё двух айцоў манахаў. Адначасова з гэтым Юзаф Францішак Сапега, падскарбі надворны літоўскі і тагачасны калятар касцёла (Сапегі ўладарылі ў 1709–1752 гг.), паабяцаў збудаваць для піяраў мураваны касцёл і кляштар. Але да выканання гэтых планаў справа не дайшла, і ў хуткім часе піяры пакінулі Рось.
    Пры росскай парафіі функцыянавалі школа і шпіталь; з 1740-х гг. дзейнічала шкаплернае брацтва, але апошні запіс аб ім датуецца 1807 г., а ў 1847 г. узгадваецца толькі брацтва Найсвяцейшай Тройцы.
    Мураваны касцёл у Росі пачалі будаваць напрыканцы 1770 г. па фундацыі новага ўладальніка мястэчка графа Яўхіма Патоцкага (Патоцкія валодалі Россю ў 1752–1910 гг.), але будаўніцтва зацягнулася – у 1796 г. святыня была вымуравана толькі да вокнаў (спачатку была збудавана ўніяцкая царква, потым тут быў касцёл піяраў, а парафіяльным касцёл стаў у 1801 г.). Новы этап будаўніцтва намаганнямі кс. Сымона Іваноўскага распачаў у 1802 г. сын Яўхіма Фелікс Патоцкі. Нарэшце ў 1807 г. (на мемарыяльнай пліце пры ўваходзе ў святыню пазначаны 1801 г., але гэтаму супярэчаць архіўныя крыніцы; парафіяльная традыцыя лічыць, што ў 1801 г. касцёл быў пабудаваны, а ў 1807 г. – кансэкраваны) будаўніцтва скончылася, і 12 ліпеня 1808 г. касцёл, узнесены ў стылі класіцызму, асвяціў кс. Францішак Цыбульскі, канонік інфляндскі і шылавіцкі пробашч. У 1838 г. побач са святыняй пабудавалі апошнюю драўляную званіцу.
    У галоўным алтары свя­тыні, як і раней, уста­лявалі фігуру Езуса Жур­ботнага (яе засланяў абраз “Езус і грэшніца”), у бакавых капліцах знаходзіліся алтары Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Яна Непамука. У 1852 г. пажар знішчыў дах касцёла, але ў тым жа годзе ён быў адрамантаваны коштам удавы Фелікса Патоцкага Соф’і з Пацаў. У 1872 г. касцёльны ўчастак абнеслі новай драўлянай агароджай. Грунтоўны рамонт касцёла здзейснілі намаганнямі кс. Браніслава Саросека ў 1901–1903 гг. Варшаўская “Фабрыка залатых рам, скульптур і касцёльных работ” паводле праектаў варшаўскага архітэктара Каятана Патрызя выканала новы галоўны алтар у рэне­сансавым стылі, два ба­ка­выя алтары, хрысцільню, стацыі Крыжовага шляху і адрэстаўравала амбону, касцёл таксама быў пафарбаваны звонку і ўнутры.
   
 Інтэр’ер парафіяльнай святыні   У 1914 г. справа перад уваходам у кас­цёл коштам Бра­ніцкіх (валодалі Россю ў 1910–1939 гг.) была ўзведзена цікавая мураваная двух’ярусная званіца ў эклектычным стылі з рысамі неакласіцызму, дзе змясцілі 3 званы (самы старэйшы ў 1597 г. выканаў майстар Амброзіус Гофман, другі ў 1713 г. адліў Ёган Якуб Дорнман, знакаміты каралеўскі людвісар, а трэці быў адліты ў 1827 г. у майстэрні Анджэя Уладкоўскага). Званіца ўяўляла сабой цаглянае атынкаванае двухузроўневае (без члянення на ярусы) збудаванне з незвычайным сегментарным планам, перакрытае чатырохсхільным прама-вугольным у плане дахам. Каменная плябанія па-за касцёлам была пабудавана яшчэ ў 1808 г. намаганнямі кс. Сымона Іваноўскага. Чарговыя рамонтныя працы ў касцёле праводзіліся ў: 1924 г. – дах пакрыты новай гонтай, 1928 г. – сабралі сродкі на новую мураваную агароджу, 1958 г. – рамонт даху з заменай крокваў, 1985 г. (на мемарыяльнай пліце пазначаны 1982 г.) – дах пакрыты бляхай, 2002 г. – дах пакрыты чырвонай металачарапіцай, касцёл пафарбаваны звонку, 2003–2004 гг. – выкананы грунтоўны рамонт інтэр’ера.
    Касцёл уяўляе сабою выцягнуты бязвежавы прамавугольны ў плане аб’ём з паўкруглай апсідай, дзе змешчана сакрыстыя, і трансептам, які ўтвараюць 2 капліцы. Святыня арыентавана алтаром на поўнач. Залавы інтэр’ер перакрыты цыліндрычным скляпеннем. На сценах і скляпеннях змешчаны жывапісныя кампазіцыі на біблейскія тэмы і ілюзорная архітэктурна-дэкаратыўная размалёўка, выкананыя варшаўскай майстэрняй Уладзіслава Тварды ў 1901 г. На скляпенні левай капліцы адлюстраваны “Цуд св. Міхала Арханёла”, на скляпенні правай – “Маці Божая Анёльская”, у сакрыстыі – “Усябачнае Вока”, на сценах адлюстраваны выявы дванаццаці Апосталаў у ілюзорных нішах. Левая капліца цяпер прысвечана св. Юзафу, правая – Маці Божай (абраз XVII ст. “Маці Божая з Дзіцяткам” перанесены з капліцы в. Мачульна). Над уваходам знаходзяцца арганныя хоры на чатырох круглых калонах і двух прысценных паўкалонах дарычнага ордара. У левым крыле трансепта знаходзіцца мармуровы надмагільны помнік Соф’і з Пацаў (1849–1909). Падлога з керамічных плітак выкладзена ў 1901 г., аб чым сведчыць дата “A.D. 1901” на падлозе пад нартэксам, а арыгінальны чарцёж раскладкі пліткі захоўваецца ў парафіяльным архіве.
    Перад Другой сусветнай вайной роская парафія налічвала больш за 2500 вернікаў, да 1939 г. дзейнічаў манаскі дом Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і.
    Статус гарадскога пасёлка Рось набыла 30 красавіка 1958 г. Пры савецкай уладзе святыня не была зачынена, але плябанію забралі, а ксяндзу пакінулі толькі адзін пакой з тамбурам, які служыў кухняй. Цалкам плябанію вярнулі парафіі ў 1990-х гг., у 1999–2002 гг. будынак быў рэканструяваны і набыў сучасны выгляд.
    З канца XVIII ст. на мясцовых парафіяльных могілках узгадваецца капліца (ёй карысталіся і ўніяты). Першапачаткова яна была драўляная, крытая гонтай, бязвежавая, у стылі класіцызм; у алтары было змешчана разьбянае Укрыжаванне, а над уваходам – хоры на слупах.
    Святыня з чырвонай вонкавай цэглы ў стылі неараманікі была ўзнесена па фундацыі тагачаснага ўладальніка мястэчка Стэфана Патоцкага і яго сястры Ядзвігі Браніцкай. Яшчэ ў 1891 г. пан Стэфан звяртаўся да віленскага кансісторыя аб дазволе пабудаваць капліцу на могілках. Яе будаўніцтвам займаўся ў 1901–1902 гг. будаўнічы Тэафіл Луба. Мастак Францішак Эйсмант запраектаваў вітражы, дубовы алтар у раманскім стылі з Укрыжаваннем, намаляваў алтарны абраз св. Стэфана. У 1904 г. кс. Браніслаў Саросек асвяціў капліцу пад тытулам св. Стэфана. У крыпце капліцы ў 1910 г. у саркафагу быў пахаваны фундатар С. Патоцкі. Агароджа могілак і ўваходная брама былі пабудаваны на пачатку 1903 г., але да сённяшняга дня не захаваліся.
    Капліца ўяўляе сабой адносна невялікае прамавугольнае ў плане збудаванне з паўкруглай апсідай і трансептам. Тарцы ўсіх фасадаў завяршаюцца шчытамі, над уваходным размешчана невялікая сігнатурка. Інтэр’ер перакрыты крыжастымі нервюрнымі скляпеннямі на падпружных арках. Пад капліцай зроблена крыпта, хораў над уваходам не было. У пасляваенныя гады ўлады забаранілі вернікам карыстацца капліцай, і з часам яна ператварылася ў руіны. З 1989 г. прыкладаюцца намаганні па аднаўленні святыні. У 2005 г. была скончана рэстаўрацыя фасадаў, плануюцца працы ў інтэр’еры.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  329

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.