ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Чаму занятак ёгай лічыцца грахом?

Задай пытанне

Сярод шматлікіх практык, якія сёння чалавек імкнецца выкарыстаць для свайго духоўнага і фізічнага развіцця, вельмі папулярна ёга, якая свой пачатак і абгрунтаванне знаходзіць у філасофіі такіх рэлігій як будызм і індуізм. Адразу трэба адзначыць, што гэта, перш за ўсё, медытатыўная практыка. Фізічныя практыкаванні і малітвы, якія ўжываюцца падчас медытацыі, збудаваны такім чынам, каб спрыяць абуджэнню існуючых у чалавечай натуры пэўных псіхафізічных механізмаў, што ў сваю чаргу таксама вядзе да вызвалення заключанай у чалавеку энергіі (знакамітае адкрыццё “чакраў”). Але пры гэтым трэба ведаць, што адначасова чалавек адкрывае сябе і на духоўны свет. І тут паўстае вельмі важнае пытанне, а нават праблема: на які духоўны свет адкрываецца чалавек праз такую медытатыўную практыку? Прычым трэба памятаць, што чалавек толькі адкрывае сябе на пэўную рэчаіснасць, якой не ведае, і, не маючы над ёй ніякай улады, можа толькі здагадвацца, што здзейснены такім чынам “кантакт” яму прынясе. І, на жаль, вось так, проста, навослеп, вельмі наіўна, мы часам запускаем у аўчарню сваёй душы драпежнага звера.
Прыхільнікі ўсходніх відаў медытацыі нярэдка спрабуюць прыраўняць духоўную практыку хрысціянства да містыкі ўсходу: маўляў, і тут і там захоўваюцца тыя самыя прынцыпы: ачышчэнне, асвячэнне і паяднанне, якіх нібыта можна дасягнуць уласнымі сіламі праз пэўныя практыкаванні. Аднак хрысціянства, заахвочваючы чалавека да супрацоўніцтва з Богам у справе ўласнага дасканалення і збаўлення, на першае месца ставіць моц і дзейснасць таго Божага дару, які мы называем ласкай. Менавіта яна, будучы прынятай чалавекам, ачышчае, асвячае і яднае яго са сваім Стварыцелем. І пры гэтым, што таксама вельмі важна, не руйнуе, не размывае нашай індывідуальнасці, нашага ўласнага “я”. Абагаўляе, але не чыніць нас роўнымі Богу. Ніколі ніхто з хрысціянскіх містыкаў, дасягнуўшы ўжо тут, на зямлі, высокай ступені паяднання з Богам, не спрабаваў параўнаць сябе з Ім або прыпісаць сабе Ягоныя якасці.
    Інакш выглядае справа з практыкай усходняй медытацыі, у тым ліку і ёгі. Ачышчэнне і асвячэнне чалавека з дапамогай практыкаванняў павінна прывесці яго да такога ўнутранага стану, што практычна выглядае як спыненне ўсялякага працэсу мыслення, так званае “ачышчэнне розуму”. У гэтым і дапамагае адпаведна ўсталяваны рытм дыхання і няспынны паўтор мантраў (малітваў). Насамрэч, такім чынам дасягаецца стан пэўнай духоўнай пустэчы, што, вядома, стварае пачуццё псіхічнага спакою, расслаблення. Нарэшце, канчатковым этапам такой медытатыўнай практыкі з’яўляецца “растварэнне ў космасе”, атаясамленне сябе з навакольным светам. Страціўшы сваё ўласнае “я”, чалавек становіцца нібыта ўсюдыісным, часткай прыроды, нарэшце становіцца часткай самога бога, праяўленнем якога, паводле філасофіі будызму, і з’яўляецца гэты свет. Адзін з індыйскіх гуру калісьці сказаў такія словы: “Ёга з’яўляецца карысным дарам для разумнага чалавека – яна дапаможа яму стаць мудрым. Мудрага ж яна ўчыніць богам”.
    А гэта ўжо, як бачым, вельмі выразнае рэха той прапановы, якую зрабіў чалавеку злы дух у Райскім садзе – стаць падобным Богу і самому вырашаць аб тых прынцыпах, на якіх ён хоча будаваць сваё жыццё. Вынік згоды на гэтую прапанову нам добра вядомы. Чалавек не толькі не стаў Богам, але і страціў тое, што меў – прыязную сувязь са сваім Стварыцелем, уменне жыць у згодзе з сабой і сабе падобнымі, навакольным светам, і, нарэшце, вечнае жыццё. А разам з усім гэтым, патрапіўшы праз грэх пад уладу злога духа, чалавек страціў яшчэ і свабоду. Гэта менавіта той дар, які адным з першых вярнуў нам Езус Хрытус праз сваю смерць на крыжы: знішчыў уладу злога духа над чалавекам: “Каб мы былі вольныя, вызваліў нас Хрыстос, (...) таму не трапляйце зноў пад ярмо няволі”, – кажа апостал Павел у пасланні да Галатаў (5, 1). Такіх пастак, расстаўленых сёння злым духам на чалавека, вельмі шмат. Усялякая практыка акультызму, карыстанне гараскопамі, наведванне знахараў, варажба і, як бачым, практыкаванне ёгі і іншых усходніх медытацый, а нават прагляд ці чытанне “з цікаўнасці” акультнай літаратуры ці перадач і фільмаў (такіх як “Гары Потэр” ці “Бітва экстрасэнсаў”) крые ў сабе сапраўды вельмі сур’ёзную небяспеку. Таму будзьма разважлівымі і крытычнымі ў тым, што нам сёння прапануе свет, каб захаваць той каштоўны дар, якім ёсць свабода ў Езусе Хрысце. Бо толькі Ён – той сапраўдны Бог, які хоча, каб мы мелі жыццё, мелі яго ў поўні, як тут на зямлі, так і ў вечнасці.

Паводле catholicnews.by

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.