ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Парафіяльныя місіі ў Ляцку

З жыцця Касцёла

Ад 27 красавіка па 4 мая парафія св. Станіслава Біскупа ў Ляцку перажывала святыя місіі, якія правялі айцы рэдэмптарысты.
Апошні раз такое духоў­нае свята адбывалася ў парафіі ў 1990 г. Распачаўшы місіі гімнам да Святога Духа, парафія пагрузілася ў духоўныя разважанні, насычаныя прыгожымі навукамі з уласнымі жыццёвымі пракладамі, якімі дзяліліся а. Андрэй і а. Валерый. На працягу тыдня, а святыя місіі трываюць восем дзён, вернікі ляцкай парафіі перажылі таксама дзень прабачэння, падчас якога яны прасілі ў Нябеснага Айца прабачэння за грахі, якімі Яго абразілі. Спачатку пробашч ляжаў крыжам перад алтаром (гэта стражытная форма пакаяння і прыніжэння перад Богам), а пасля прасіў прабачэння ва ўсіх сабраных на набажэнстве. Кожны меў магчымасць працягнуць руку прабачэння таму, з кім пасварыўся ўжо, можа, вельмі даўно і на працягу гэтага часу не меў смеласці прыйсці да пакрыўджанага з намерам паяднання.
    Гэтае набажэнства было моцным штуршком да падрыхтоўкі і добрага перажыцця сакраманту пакаяння. І сапраўды, чэргі перад канфесіяналамі былі вялікія. Дзякуючы шчырай і адданай працы святароў з суседніх парафій ніхто не адышоў без Божага прабачэння.
Але найвялікшым святам для душы кожнага з сабраных было перажыванне вячэрняй малітвы праз заступніцтва Маці Божай, калі ўжо сонца хавалася за гарызонт, а ў касцёле, трымаючы свечкі, спяваючы марыйныя песні і ўсхваляючы Бога за Ягоную прадбачлівасць і мацярынскую апеку Марыі – Маці Бога і нашай Маці, парафія перажывала прыгожую малітву.
    Будучыня касцёла – нашы дзеці і моладзь – таксама мелі з айцамі місіянерамі сустрэчу, тым больш, што група моладзі старэйшых класаў ужо неўзабаве павінна была прыняць сакрамант канфірмацыі.
    30 красавіка – гэта вельмі адметны дзень у перажыванні св. місій. Вернікі з айцамі місіянерамі вырушылі ў Крыжовы шлях вуліцамі Ляцка, даючы сведчанне аб Богу і разважаючы стацыі Крыжовага шляху. Розныя групы вернікаў неслі вялікі крыж: дзеці, мужчыны, жанчыны – кожны мог дакрануцца да знака нашага збаўлення.
    Але нельга абмінуць і нашы каталіцкія сем’і. Калі мы кажам, што дзеці – гэта наша будучыня, то сем’і – гэта нашае “сёння”. Падчас прыгожага набажэнства адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў: 1, 3, 10, 40, 50, 60, 70 год – гэта не лічбы з лато, гэта сапраўдны час, пражыты мужам і жонкай у радасці і горы, у добрай і злой долі. Чаго толькі не спазналі нашы сем’і за гэтыя гады, але яны вытрывалі і засталіся вернымі сужэнскім абяцанням, і таму 2 мая яны аднаўлялі іх, гледзячы адзін аднаму ў вочы і просячы добрага Бога сіл і радасці на будучыню.
    Доўгія гады жыцця – гэта не толькі мудрасць, але, на жаль, і цярпенне, якое нас закранае праз розныя хваробы. Пан Езус дае нам сакрамант намашчэння хворых, які нас узмацняе, каб крыж хваробы быў крыжам збаўлення. Кожны мог атрымаць узмацненне ад Бога, атрымаўшы гэтую Божую ласку.
    Якімі б прыгожымі не былі гэтыя дні, але, як і ўсё ў гэтым свеце, яны маюць сваё заканчэнне. 4 мая стаў днём радасці і прадчування развітання. Слёзы радасці і падзякі айцам місіянерам. Былі ўстаноўлены новыя місійныя крыжы як памяць аб духоўным свяце і аб тым, што ўсё распачалося ад крыжа: крыж прыніжэння, якім было ўцелаўленне Бога-Чалавека, крыж, да якога прыбілі Бязвіннага, крыж, які забраў Збаўцу з гэтага свету, а таксама крыж як алтар, крыж як перамога і крыж як уваскрасенне.
    Цёплая, сямейная атмасфера – вось што характарызавала гэтыя дні. Ніхто не адчуў сябе пакінутым, кожны мог атрымаць мноства Божых дароў – столькі, колькі было патрэбна. Богу няхай будзе падзяка за гэтыя дні!
    Але на гэтым святочныя падзеі ў Ляцку не спыніліся. 8 мая парафія перажыла фэст, ушаноўваючы св. біскупа і мучаніка Станіслава. Ён аддаў сваё жыццё за Езуса, даючы нам прыклад трывання ў веры і прыклад для моладзі, якая ў гэты дзень прыняла сакрамант канфірмацыі з рук Яго Эксцэленцыі кс. б-па Аляксандра Кашкевіча. Ганарыцца сваёй верай, бараніць словам і прыкладам, быць мужнымі сведкамі, супрацоўнічаць са Святым Духам і Яго дарамі – вось аб чым прасілі і чаму прысягалі маладыя людзі, а кс. біскуп з бацькоўскай усмешкай радаваўся гэтым прыгожым імкненням каталіцкай моладзі. Хай Бог дапамагае ім вытрываць у тым, што яны абяцалі Створцы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.