ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Божая міласэрнасць – найлепшы дар

На шляху да святасці

Колькія ж сэрцы падбадзёрыў заклік: “Езу, давяраю Табе”... Гэты просты акт даручэння сябе Езусу працінае нават самыя густыя хмары і прапускае промень міласэрнасці ў жыццё кожнага чалавека (Ян Павел II)“О, калі б ведалі грэшнікі Маю міласэрнасць, не гінула б іх столькі. Кажы грэшным душам, каб не баяліся наблізіцца да Мяне, кажы аб Маёй вялікай міласэрнасці... Я чакаю іх душы, а яны абыякавы да Мяне. Я люблю іх так ласкава і шчыра, а яны мне не давяраюць. Я хачу абсыпаць іх ласкамі, яны ж не хочуць іх прымаць. Яны ставяцца да Мяне, як да чагосьці мёртвага, але Я маю Сэрца, поўнае любові і міласэрнасці”.
Такое пасланне пачула св. Фаустына падчас аб’яўлення Езуса. Сціплая, простая манахіня перажыла аб’яўленне, у якім убачыла Езуса з узнесенымі рукамі. Адна Яго рука была паднята для бласлаўлення, а другая дакраналася да адзення на грудзях. З сэрца Езуса выходзілі два вялікія промні чырвонага і белага колераў. Гэтае аб’яўленне павінна было прыгадаць усяму свету, што Бог прагне, каб людзі ведалі Яго міласэрнасць, што яна даступна ўсім, а асабліва грэшнікам.
   
    “Я – Любоў і Міласэрнасць”, – казаў аб сабе Езус, просячы сястру Фаустыну, каб яна абвясціла гэтае пасланне ўсяму свету. Ён указаў таксама пяць спосабаў, якімі людзі могуць выпрошваць збаўленне для сябе і ўсяго свету: Вяночак да Божай міласэрнасці, малітва перад абразом Езуса Міласэрнага з надпісам “Езу, давяраю Табе”, малітва ў гадзіну смерці Хрыста на крыжы, называемая Гадзінай міласэрнасці (15.00), святкаванне ўрачыстасці Божай міласэрнасці і пашырэнне культу Божай міласэрнасці малітвай, словам і ўчынкам. Хутка пасля смерці сястры Фаустыны пачаў развівацца культ Божай міласэрнасці. Цяпер у першую нядзелю пасля Вялікадня каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце адзначае свята Божай міласэрнасці, якое было ўстаноўлена папам Янам Паўлам II у 1995 годзе спачатку для польскіх дыяцэзій, а з 2000 года для ўсяго Касцёла.

   
Божая міласэрнасць праяўляецца ў прабачэнні, якое Ён удзяляе ўсім,  хто Яго аб гэтым папросіць    Яго міласэрнасць над усімі справамі Ягонымі (Пс 145, 9)
    Ва ўсім свеце ёсць мільёны людзей, якія ўшаноўваюць Божую міласэрнасць, якія па-рознаму апісваюць яе сілу, моц і вялікае значэнне. Для кожнага з іх Божая міласэрнасць – гэта штосьці іншае, таму што кожны чалавек па-свойму разумее Бога і прымае Яго ласкі. Аднак ёсць штосьці, што яднае ўсіх гэтых людзей – шуканне шляхоў да глыбокага зразумення і ўшанавання Божай міласэрнасці.
    Гаворачы пра Бога, мы часта паўтараем, што Ён справядлівы, добры, усемагутны... Але найважнейшай прыкметай Бога лічыцца Яго міласэрнасць, якая з’яўляецца фундаментам кожнай Яго справы. Дык у чым жа праяўляецца міласэрнасць Бога да людзей? Мы можам адкрыць яе перш за ўсё праз тое, што Бог стварыў чалавека “на свой вобраз”, а таксама даў яму ў валоданне ўсю зямлю. Калі людзі пачалі грашыць, Бог з любові да іх прыслаў ім дапамогу ў постаці сваіх прарокаў, а затым паслаў свайго Сына, каб збавіў свет: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго” (Ян 3, 16–17). Праяўленнем Божай міласэрнасці з’яўляецца таксама Эўхарыстыя, у якой Хрыстос пад постацямі хлеба і віна корміць людскія душы і ўзмацняе іх на дарозе ў вечнасць. Урэшце, Бог мае такую вялікую любоў да людзей, што хоча зрабіць нас святымі на свой вобраз і прабачае ўсе грахі праз сакрамант пакаяння. Нашыя слабасці не адштурхоўваюць Яго, наадварот – Бог схіляецца над намі, прагне ацаліць нас і перамяніць агнём сваёй любові. Божая міласэрнасць праяўляецца ў гэтай вялікай цярплівасці, з якой Ён атаясамлівае кожнага з нас, калі падчас выпрабаванняў Ён дастае людскія душы з балота граху і цемры.
    Міласэрны Бог багаты на ласкі для кожнага чалавека, а што павінен рабіць чалавек? Жыць міласэрнасцю на кожны дзень і пашыраць яе ўсімі магчымымі спосабамі, асабліва праз учынкі, міласэрнае слова і малітву – сродкі, даступныя кожнаму, а таксама памятаць, што ўсё магчыма ў Тым, хто нас узмацняе.
   
    Асаблівы дзень 27 красавіка 2014 г.
    Менавіта ў гэты дзень Ян Павел II, якога, між іншым, называюць Папам Міласэрнасці, будзе прызнаны святым. Гэтай падзеі чакаў увесь свет, бо вялікі паляк быў і застаецца для вернікаў прыкладам і аўтарытэтам. Ён заўсёды прыгадваў, што Божая міласэрнасць з’яўляецца імпульсам даверу да Стварыцеля, а яго плённы Пантыфікат, як і ўсё яго жыццё, красамоўна пазначаны таямніцай Божай міласэрнасці.
    Дзень 27 красавіка знамянальны, таму што ён спалучае ў сабе свята Божай міласэрнасці і дзень кананізацыі Яна Паўла II. У малітве-даручэнні Папа казаў: “Схіліся над намі грэшнымі, вылечы нашую слабасць, перамажы ўсё зло, дазволь усім жыхарам зямлі адчуць Тваю міласэрнасць”. Сёння мы можам з упэўненасцю сказаць, што гэтыя словы здзейсніліся, бо Святы Айцец дасведчыў вялікую ласку ад Бога і Касцёла, дасведчыў веліч Божай любові, а цяпер ужо як святы будзе заступацца за нас, каб Бог меў міласэрнасць для нас і ўсяго свету.
    Трэба падкрэсліць, што дзень кананізацыі Святога Айца Яна Паўла II будзе для ўсіх нас не толькі вялікім дарам і сапраўдным днём ласк, калі мы будзем маліцца праз заступніцтва Папы, але і нагодай для высакароднай пастановы: несці ў свет навучанне Святога Айца, заклікаць міласэрнасць для сябе, нашых сем’яў і ўсяго свету, адкрываючы гэтым самым дзверы для веры і сапраўднага хрысціянскага жыцця.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.