ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Навучыцца паважаць сябе як асобу

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
    Вітаю ўсіх чытачоў на старонках газеты “Слова Жыцця” ў рубрыцы “На скрыжаванні”. На парозе красавік. Растаў апошні снег і прыгрэла ласкавае сонца. Спадзяюся, настрой у Вас бадзёры, а сілы адноўленыя. Усё гэта патрэбна сапраўднаму хрысціяніну – вясёламу і поўнаму сіл.
    У гэтым месяцы паразважаем з Вамі над адносінамі да жыцця, свету і сябе, а таксама над даволі цікавым пытаннем аб Божай волі. Ці ўсё, што робіцца ў свеце, адбываецца па жаданні Бога? Вы даведаецеся аб тым, чаму ружы не з’яўляюцца паказчыкам кахання і як не абяднець, заўсёды аддаючы сябе.
   З Богам.

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Так няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з тых малых” (Мц 18, 14).

   Гібелі чалавеку жадае толькі д’ябал. Воля Бога – выратаванне і пазнанне чалавекам праўды. Улічваючы, што чалавек мае вольную волю, яго ніхто не можа прымусіць да нечага, яму можна толькі нешта прапанаваць. Па Божай волі чалавек не трапляе ў турму. Гэта выбар вольнай асобы.
   
   ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:каб правіцелі Садзейнічалі ахове свету і справядліваму размеркаванню матэрыяльных каштоўнасцей і прыродных рэсурсаў

    Страшныя рэчы адбываюцца, калі ў краіне з багатымі прыроднымі рэсурсамі людзі вымушаны пакутаваць. У Азербайджане, напрыклад, сёння здабываюцца міліярды тон нафты, а на вуліцы людзей не здзіўляе цяжарная жанчына, якая просіць міласціну. Не здзіўляе, бо бачаць яны такую з’яву часта.  
        
   ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: стаўленне

   У свеце існуе мноства рэчаў, якія неяк адносяцца да нас, а мы – да іх. Не заўсёды паміж такой узаемасувяззю можна паставіць знак роўнасці. Напрыклад, тая ж вучоба ці праца. Названая дзейнасць патрабуе нейкіх намаганняў і вынікаў “на выхадзе”. Але сапраўдны вынік будзе залежаць менавіта ад таго, як мы ставімся да гэтай дзейнасці. Чым большыя намаганні, тым больш уражлівы вынік. Так і ва ўсякай справе.
    Не будзе лішнім паразважаць, як мы ўвогуле ставімся да наваколля: робім асабісты выбар ці намі кіруюць стэрэатыпы?
   
    СПРАВА МЕСЯЦА:Змяніць сваё стаўленне да...
   Паразважаўшы над аб’ектам думкі ў гэтым месяцы – стаўленнем, відавочна, з’явіліся прабелы ў некаторых жыццёвых пытаннях. Магчыма, нешта замінала ў нармальным існаванні – праблемы, намовы, нейкія прынцыпы, чалавек з акружэння. Найбольш спрыяльны выхад з сітуацыі – змяніць сваё стаўленне да гэтага. Калі чалавек пачынае адносіцца да сітуацыі па-іншаму, з плеч спадае цяжар абставін. І дыхаецца лягчэй – чалавек зрабіў свой свядомы выбар. .
   
    МЭТА МЕСЯЦА: навучыцца паважаць сябе як асобу
   Вы ніколі не задумваліся, як ставіцеся да самога сябе? Гэта даволі цікава і карысна. У гэтым зыходным пункце нараджаецца ўпэўненасць або няўпэўненасць у сабе, ставяцца альбо ігнаруюцца нейкія патрабаванні да сябе як асобы. Людзі могуць прыніжаць Ваша становішча ці, наадварот, перабольшваць Вашу ролю ў гэтым свеце. Толькі Вы самі можаце адчуць сваё сапраўднае Я.
    Пасля таго, як Вы пачнеце годна ставіцца да сябе як да сем’яніна, хрысціяніна, грамадзяніна, прафесіянала, Ваша жыццё зменіцца. Вы пачнеце паважаць сябе, больш ад сябе патрабаваць, а значыць, і развівацца.
     
  АСОБА МЕСЯЦА: св. Марыя Егіпетская

   Нарадзілася Марыя ў Егіпце ў сярэдзіне V ст. Ва ўзросце 12-ці гадоў пакінула бацькоўскі дом і стала блудніцай. Аднойчы яна ўбачыла паломнікаў, якія ішлі на свята Узвышэння Святога Крыжа ў Ерузалем, і далучылася да іх. Але намеры ў яе былі далёка не пабожныя.
    Калі Марыя захацела ўвайсці ў святыню Гробу Пана, нейкая сіла стрымала яе. Прыйшло разуменне заняпаду душы, і Марыя пачала маліцца перад абразом Панны Марыі. Пасля чаго яна зайшла ў святыню і аддала паклон Крыжу. Выйшла і з удзячнасцю зноў звярнулася да Марыі. Памаліўшыся, яна пачула голас: “Калі перайдзеш за Ярдан, здабудзеш бласлаўлёны супакой”.
    Марыя прыняла Камунію і пасялілася ў пустыні ажно на 47 гадоў, да самай сваёй смерці. Першыя 17 год яе праследавалі спакусы, але праз нейкі час яны пакінулі душу жанчыны.
    У пустыні Марыю сустрэў іераманах Зосіма, які ў час Вялікага посту прыйшоў сюды з манастыра для паста і малітвы. Убачыўшы галізну жанчыны, ён аддаў ёй частку свайго плашча. Марыя папрасіла святара вярнуцца праз год, каб даць ёй св. Камунію. Так і адбылося. Як сведчыць жыціе, жанчына прыйшла да яго па вадзе. Прыняўшы Цела Хрыста, Марыя папрасіла прыйсці Зосіму на гэтае ж месца яшчэ праз год. Аказалася, што яна памерла адразу пасля прыняцця Камуніі. Аб гэтым сведчыў яе надпіс на пяску, дзе яна прасіла, каб Зосіма пахаваў яе цела.
    Марыя Егіпетская памерла ў 522 годзе. На месцы, дзе яна навярнулася – каля святыні Гробу Пана – пабудавана капліца ў яе гонар. Успамінаецца як каталіцкай, так і праваслаўнай царквой – 3 і 1 красавіка адпаведна.
   
    Да якіх святых звяртацца з асаблівай малітвай у красавіку?
    Св. Тэадора (1 красавіка), св. Гунна (15 красавіка), св. Агнэса (20 красавіка), св. Марк (25 красавіка), св. Квірын (30 красавіка).

   ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “Божы падарунак”, Чарпакоў Аляксандр
   Цудоўная песня аб тым, як нельга аддзячыць за каханне золатам, ружамі, зоркамі, маладосцю. “Нічога не бярыце, але адзін аднаго любіце”. У сапраўдным каханні людзі нічога не патрабуюць, яны з задавальненнем аддаюць спаўна сябе. “Не прадайце чужому вашае вялікае пачуццё”, – заклікае выканаўца. “Шануйце адзін аднаго... Беражыце...”. Беражыце падарунак Бога, непараўнальны з іншымі зямнымі багаццямі.

    КНІГА МЕСЯЦА: “Божая воля”, Лэслі Уэзерхэд

    Аўтар кнігі на самым пачатку размяжоўвае пытанне аб Божай волі на некалькі частак: першапачатковае жаданне Бога, воля Бога ў канкрэтных абставінах і канчатковая мэта Бога. “...Мы прызвычаіліся ахопліваць усе тры паняцці, не робячы паміж імі размежаванняў”, але яны ёсць. Якія? Адказ Вы знойдзеце ў кнізе, што змяшчае пяць гутарак аб Божай волі. На ўсё воля Бога. Не разумеючы паўнаты дадзенага паняцця, мы згаджаемся з любымі абставінамі жыцця, атаясамліваючы іх з Божай воляй. На самой справе, для кожнага чалавека Бог мае ідэальны план. Але, на жаль, яго здольны парушыць злыя сілы. “Ліха не параджае дабра, але ў цяжкай сітуацыі дабро часта праяўляе сябе”. І Божая воля канцэнтруецца ў дадзеных абставінах.
    “Паводле ідэальнага плана Бога, Езус, канешне ж, не павінен быў быць распятым – Ён павінен быў набыць паслядоўнікаў. Калі б народ зразумеў і прыняў Яго вестку, пакаяўся ў грахах і пачаў будаваць Яго Валадарства, гісторыя свету пайшла б зусім іншым шляхам... Але калі злыя людзі стварылі такую сітуацыю, што Езусу заставалася альбо бегчы, альбо памерці, распяцце зрабілася воляй Яго Айца”.
    Глыбокія разважанні, мноства прыкладаў і адказы на шматлікія пытанні Вы знойдзеце ў кнізе “Божая воля”. Кніга напісана ў 1944 годзе.
   
Прапаную падзяліцца сваімі ўражаннямі ад планавання свайго жыцця разам з рубрыкай “На скрыжаванні”. Ці даведаліся Вы аб нечым новым, ці адкрылі для сябе нешта – пішыце на адрас рэдакцыі або на электронны адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . Ініцыятыўныя чытачы будуць узнагароджаны каштоўнымі прызамі. Чакаю Вашых лістоў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.