ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Кс. Мікалай Ціхановіч: “Аздараўленне верай не з’яўляецца «заменнікам» прафесійнай медыцыны, але павінна яе суправаджаць”

З жыцця Касцёла

Кс. Мікалай ЦіхановічСучасны свет прапануе шмат спосабаў лячэння ад хвароб. Паліцы кнігарняў, старонкі інтэрнэт-рэсурсаў прыцягваюць увагу інтрыгуючымі назвамі кніг і артыкулаў. Шматлікія аўтары прапануюць “правераныя на сабе” і “дзейсныя” метады выратавання ў крытычных сітуацыях, запэўніваючы чытача, што ён у стане вылечыць сябе сам. Пра аздараўленне кажа таксама і Касцёл. Але як не заблытацца ў пошуку правільнага шляху да аздараўлення? Дзе яго шукаць? Як яго атрымаць? Хто аздараўляе? На гэтыя і іншыя пытанні, якія датычаць аздараўлення, мы папрасілі адказаць душпастара службы аховы здароўя г. Гродна кс. Мікалая Ціхановіча 
- Дзеля вылячэння ад хваробы людзі здзяйсняюць далёкія паломніцтвы, яны здольны выстаяць вялізныя чэргі, каб ушанаваць рэліквіі святых, гадзінамі моляцца перад іх абразамі. Ці з’яўляецца гэта гарантыяй аздараўлення? Што павінен рабіць чалавек, які шукае аздараўлення праз Касцёл?
- Бог не стварыў нас хворымі і пакутуючымі. У той час, пакуль чалавек знаходзіўся побач з Богам, ён не павінен быў ні пакутаваць, ні паміраць. Не дзіўна, што дзеля вылячэння ад пакут (фізічных і духоўных немачаў) людзі здольны на вялікія ахвяры. Аднак, паводле мяне, перш чым шукаць аздараўлення ад хвароб сілай веры, трэба памятаць, як мінімум, пра дзве ісціны: прычыну існавання пакут (як аднаго з наступстваў граху) і Аб’яўленне Бога, які паслаў свайго Сына ў свет, каб свет быў збаўлены праз Яго (параўн. Ян 3, 17). Калі хтосьці з верай перажывае свае пакуты і пакорна моліцца, гэта і з’яўляецца гарантыяй аздараўлення верай, а не сам факт паломніцтва або частата пакланення абразам ці рэліквіям святых. Інакш не атрымаецца пазбегнуць крайнасцей. Каталіцкі Касцёл заўсёды папярэджвае, што падобныя практыкі не могуць ператварацца ў забабонныя або фанатычныя паводзіны. Супольнасць Касцёла – гэта Містычнае Цела Езуса Хрыста, у якім Ён ратуе і аздараўляе Божы люд. Таму, слухаючы вучэнне Касцёла, вернікі ў першую чаргу павінны правільна карыстацца ўсімі Яго дарамі.
   
    - Хто на самой справе аздараўляе? Чаму мы молімся да канкрэтных святых, калі аздараўляе сам Бог?
    - Ведаеце, калі казаць пра аздараўленне верай, то я абсалютна перакананы, што ў звышнатуральным аздараўленні (у розных яго формах – фізічнай або духоўнай) дзейнічае сам Бог. Хоць ласка аздараўлення была перададзена таксама Апосталам і Касцёлу: “Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і аздараўляць усякую хваробу і ўсякую немач” (Мц 10, 1), але аздараўленне здзяйсняецца сілай, якая належыць Богу ці Езусу Хрысту, Яго Сыну ў Духу Святым.
    А што датычыцца дапамогі святых, то проста трэба правільна разумець веру ў іх заступніцтва. Паводле навучання Касцёла, дару аздараўлення, які ад Бога атрымлівалі некаторыя святыя, папярэднічала іх праведнае жыццё, пост, малітва, шматгадовая праца над сабой, поўнае адрачэнне ад выгоды і чалавечай славы. Здаралася часта, што адкрыта вызнаючы веру ў Хрыста, яны прымалі пакутніцкую смерць. Таму Пан, дзякуючы нашым малітвам праз іх заступніцтва, адказвае аздараўленнем. Аднак, гэта не святыя вылечваюць, а сам Бог.
   
    - Многія шчыра вераць у аздараўленчае дзеянне вады, солі, аліўкавага алею і чакаюць хуткага лячэння. Захварэў, папіў вады, памазаў алеем, і ўсё прайшло. Некаторыя людзі прыкладваюць выявы святых да хворых месцаў, імкнуцца любымі шляхамі дакрануцца да рэліквій святых, разлічваючы на іх магічнае дзеянне. Як ставіцца да такіх паводзін?
    - Сапраўды, у такіх сіту­ацыях чалавек паддаецца забабоннасці і рытуалізму. А. Джэймс Манджакал неяк пісаў: “...Звязваць дзейснасць малітвы або сакраментальных знакаў з адным толькі матэрыяльным бокам, выключаючы іх духоўную, невідочную рэчаіснасць, азначае паддацца забабонам”. На жаль, сярод хрысціян ёсць нямала людзей, якія надаюць магічнае значэнне касцёльным знакам і абрадам. Напрыклад, падчас абраду акраплення, калі кропля святой вады не трапляе на верніка, той можа лічыць, што Божая ласка да яго не “дайшла”.
    Касцёл моцаю Святога Духа працягвае місію Езуса Хрыста. Яго справа аздараўлення і выратавання асаблівым чынам рэалізуецца ў сакрамантах пакаяння і намашчэння хворых або ў заступніцкім служэнні аздараўлення (у харызматычных рухах), але ніякім чынам не ў магічных дзеяннях і рытуалах. Гэта праўда, што ў сваім служэнні Касцёл выкарыстоўвае сакраменталіі, якія ўстаноўлены ім для асвячэння нашых шматлікіх штодзённых абавязкаў (ККК 1668). Аднак і тут трэба разумець, што сакраменталіі – асвечаная вада, соль, алей ці іншыя прадметы або нават рэліквіі святых – не здольны ўдзяліць ласкі Святога Духа, як у выпадку сакрамантаў, і самі ў сабе яны не маюць аздараўленчага дзеяння. Асвечаныя касцёльнай малітвай, яны толькі падрыхтоўваюць вернікаў да прыняцця дароў і робяць чалавека здольным да супрацоўніцтва са Святым Духам, але ніякім чынам не замяняюць асабістага кантакту з Богам.
   
    - Якія найбольш частыя памылкі здзяйсняюць хворыя на шляху да аздараўлення?
    - На мой погляд, гэта няўменне годна прыняць сам факт хваробы – яе прычыны і наступствы, што найчасцей прыводзіць да панікі і пошуку дапамогі неабдуманым спосабам. Другая – гэта празмерная канцэнтрацыя на цудах. Калі чалавек не атрымлівае аздараўлення, прыходзіць расчараванне ў веры.
   
    - Вялікая колькасць людзей звяртаецца да Бога па аздараўленне, але атрымліваюць яго толькі адзінкі. Ад чаго залежыць такая магчымасць?
    - Аздараўленне ад хвароб і пакут на Зямлі – гэта не галоўная, але істотная місія Езуса і Яго Касцёла. Месія прыйшоў, каб выратаваць чалавечы род ад вечнай смерці: “Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку” (Ян 10, 10). Аздараўленні, якімі Бог адорвае вернікаў, павінны найперш разглядацца як знакі сведчання Яго жывой любові і клопату. Нават “калі і маральны закон заклікае да павагі цялеснасці, ён, аднак, не робіць з яе абсалютнай каштоўнасці” (ККК 2289). Канцэнтрацыя на фізічным здароўі і на зямных дабротах можа прывесці да страты найважнейшага – вечнага жыцця. А “якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Альбо які выкуп дасць чалавек за душу сваю?” (Мц 16, 26). Бо сапраўды, “лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве рукі, пайсці ў пекла, у агонь нязгасны”, – кажа Езус (Мк 9, 43).
    Наогул, можа быць і так, што людзі больш шукаюць знакаў і аздараўленчай ласкі Бога, чым Яго самога. Аб такіх людзях Езус выказаў сваю адназначную думку: “Род гэты ліхі, ён шукае знака, і не будзе дадзена яму, акрамя знака Ёны” (Лк 11, 29). Я думаю, што магчымасць аздараўлення залежыць ад жывой веры чалавека, які сапраўды пакорліва давярае сябе Богу. “І Езус сказаў яму (сляпому): «Будзь відушчым! Вера твая ўратавала цябе»” (Лк 18, 42).
   
    - Не атрымаўшы аздараў­лення, хворыя часта звяртаюцца да народных лекараў, усходніх практык лячэння цела. Што Вы ім можаце параіць? Чым гэта так небяспечна?
    - Я з’яўляюся каталіцкім святаром, я не веру ў такіх “лекараў”. Акрамя намашчэння хворых, католікі прызнаюць, што Святы Дух дае некаторым людзям асаблівы дар аздараўлення. Але гэтыя людзі павінны дзейнічаць з дазволу і па бласлаўленні Касцёла. Акрамя таго, іх дар павінен адпавядаць крытэрыям, якія вызначаюць рэчаіснасць харызмы. Усякія магічныя абрады, замовы, заклінанні або іншыя падобныя дзеянні (напр. выліванне воску), здзейсненыя “народнымі лекарамі”, нельга назваць дарамі Святога Духа ў касцёльным разуменні.
    Адносна аздараўленняў праз практыкаванне абрадаў, запазычаных з усходніх язычніцкіх практык, скажу коратка: хрысціянін не можа звяртацца да аздараўленчых спосабаў і метадаў, якія не маюць у сабе хрысціянскага пачатку. Большасць усходніх практык лячэння вынікаюць з будызму і індуізму (дзе Бог разумеецца як чароўная энергія), а гэта кардынальна супярэчыць хрысціянству. Трэба заўсёды даследаваць вытокі гэтых “аздараўленчых метадаў”, інакш можна трапіць у повязі ідалапаклонства.
   
У Лідзе ладзілася II Дыяцэзіяльная сустрэча медыкаў
   
    Каля 70-ці каталіцкіх медыкаў Гродзенскай дыя­цэзіі 22 сакавіка сустрэліся на малітоўна-адукацыйную сустрэчу ў лідскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Падчас сустрэчы ўдзельнікі засяродзіліся над хрысціянскім маральна-этычным вучэннем адкрытасці на чалавечае жыццё і яго аховы ад самага зачацця.
    Сустрэчу распачаў кіраўнік Душпастарства службы аховы здароўя кс. д-р Мікалай Ціхановіч, які ў прывітальным слове прыгадаў фрагмент энцыклікі Яна Паўла II “Евангелле жыцця”, дзе падкрэсліваецца, што жыццё не можа разглядацца інструментальна і ніхто не мае права распараджацца ім згодна з уласнымі эгаістычнымі памкненнямі. Жыццё з’яўляецца бясцэнным дарам, які патрабуе ад чалавека безумоўнай адкрытасці.
    Першым са сваім дакладам “12 прычын, каб нарадзіць яшчэ аднаго” выступіў сп. Уладзіслаў Валаховіч, актыўны дзеяч “пралайф” у Беларусі і дырэктар дабрачыннага фонду “Адкрытыя сэрцы”. Дакладчык, абапіраючыся на сацыялагічныя даныя і ўласны досвед сямейнага жыцця, прывёў найбольш пераканаўчыя аргументы для стварэння шматдзетных сямей.
    З малавядомай для нашага медыцынскага асяроддзя тэматыкай выступіў сп. Тадэвуш Васілеўскі, урач-гінеколаг, дырэктар клінікі напратэхналогіі ў Беластоку. У сваім дакладзе “Лячэнне сужэнскай бясплоднасці ў кантэксце пашаны жыц­ця і годнасці чалавека” выступоўца патлумачыў сутнасць і супярэчлівасць метаду апладнення in vitro.
    Біскупскі вікарый і пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. д-р Уладзімір Гуляй у сваім казанні даказаў, што быць адчыненым на жыццё – значыць быць адчыненым на Бога. Аднак перш чым адчыніцца на жыццё, неабходна адчыніць сэрца для сябе, ажывіць яго. Менавіта ажыўляючы ўнутранае жыццё, чалавек адкрывае Бога, таму што Валадарства Божае мае свой пачатак менавіта ў сэрцы, і там знаходзіцца поле змагання паміж злом і Божай міласцю. Сваю пропаведзь душпастар завяршыў вывадам, што той, хто ачысціў сваё сэрца з граху і зрабіў Яго Божай святыняй, можа “...дасягнуць сапраўднай любові і быць гатовым скласці ўласнае жыццё ў ахвяру, так як гэта зрабіў сам Хрыстос, а тым самым адкрыцца на жыццё”.
    На заканчэнне літургіі Найсвяцейшай Ахвяры біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі, падзякаваў гаспадару парафіі, арганізатарам і ўдзельнікам сустрэчы за іх прысутнасць, супольную малітву, а таксама заклікаў іх быць адкрытымі на жыццё і пажадаў ім моцнай веры.
    Пасля малітоўнай часткі медыкаў чакала другая частка дакладу сп. Тадэвуша Васілеўскага, а таксама вы­ступ­ленне сп. Ганны Санько, акушэра-гінеколага, на тэму медыцынскіх і сацыяльных наступстваў кантрацэпцыі. Cустрэча завяршылася супольнай малітвай.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.