ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Надзея пазнання

Слова рэдактара

  Мы жывём у час больш рэлігійны, чым нам здаецца. Заўсёды будуць тыя, чыя вера вельмі моцная, і тыя, хто ўвесь час сумняваецца. Рэлігійныя сумненні – гэта вынік індывідуальных адрозненняў і грамадскага ўплыву. Асаблівым чынам гэтыя сумненні развіваюцца ў перыяд маладосці. Будучы дзецьмі, мы заўсёды маглі спытацца: “чаму?”. На што чулі адказы ад старэйшых людзей. Кожны з нас мае сваю дарогу да Бога, па якой ён ідзе ў сваім жыцці.
    Перыяд Вялікага посту з’яўляецца менавіта такім часам нашай рэлігійнай актыўнасці. Кожны чалавек у розным узросце можа наблізіцца да Хрыстовага крыжа, каб аддаць яму паклон, каб быць вучнем у школе Хрыста, які пакутуе. Разважаючы Мукі і Смерць Пана Езуса, мы перажываем сваё асабістае навяртанне. У сэрцах адбываюцца цуды, крыніца якіх – сам Бог. Мы, людзі, усё гэта стараемся зразумець, бо мы былі надзелены выключным розумам, але, на жаль, свае цудоўныя здольнасці мы часта выкарыстоўваем вельмі нямудра і паддаёмся ўплыву тых, хто ўжо даўно забыўся пра гэтыя каштоўнасці.
Сёння свет павінен з захапленнем рэагаваць на хрысціян, людзей закаханых і адданых Богу. Але так не адбываецца. Чаму? Хрысціянін дыхае ўжо не малітвай, а гэтым светам, які знішчае ўсе каштоўнасці. Нашае жыццё перастае быць сведчаннем прысутнасці жывога Бога сярод нас. У штодзённай мітусні мы забываемся пра тое, у чым сэнс нашага жыцця. Гледзячы на свет, мы пачынаем жыць згодна з яго законамі, але ж хрысціянін павінен жыць так, каб іншыя, гледзячы на яго, таксама хацелі жыць паводле Божых запаведзей, паводле Хрыстовага Евангелля.
    Давайце ж пазнаёмімся з Богам. Даведаемся праўду аб Ім. Я перакананы, што чалавек, які пазнае Бога, пазнае і адчуе Яго любоў, спакой і дабрыню, якія знаходзяцца ў Ім, не зможа зрабіць нічога іншага, як толькі закахацца ў Яго і даверыць Яму сваё жыццё. Мы грэшныя людзі, гэта праўда і цяжка гэтаму супярэчыць. Хто ж супярэчыць, той сведчыць аб сваім фальшы, двудушнасці і пыхлівасці. Людзі, якія жывуць з Богам, маюць надзею. Надзею на збаўленне, прабачэнне грахоў, уваскрасенне. Парадак у святыні нашых сэрцаў з’яўляецца гарантыяй сустрэчы з Хрыстом Збаўцам.
    Св. Павел пісаў хрысціянам у Карынце: “Калі ж няма ўваскрашэння памерлых, то і Хрыстос не ўваскрос! А калі Хрыстос не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная. Тады б мы аказаліся фальшывымі сведкамі Бога, бо сведчылі б супраць Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, якога Ён не ўваскрашаў, паколькі памерлыя не ўваскрасаюць. Бо калі памерлыя не ўваскрасаюць, то і Хрыстос не ўваскрос. А калі Хрыстос не ўваскрос, то вера ваша марная, і вы далей у грахах вашых” (1 Кар. 15, 13–17). Таму найважнейшым доказам веры кожнага хрысціяніна з’яўляецца факт уваскрасення Хрыста. Гэта кульмінацыйная ісціна, цэнтральная і фундаментальная – як падкрэслівае Катэхізіс.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.