ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

2014 – ГОД МАЛІТВЫ: Касцёл у Беларусі падрыхтуецца да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў

З жыцця Касцёла

Кс. бп Аляксандр Кашкевіч узначальвае набажэнства ў гонар Маці Божай Фацімскай

У 1917 г. у Фаціме (Партугалія) мелі месца аб’яўленні Маці Божай, падчас якіх Панна Марыя прадказала гісторыю чалавецтва ў ХХ стагоддзі, пераслед Касцёла і яго адраджэнне.
    У 2017 г. будзе святкавацца юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў.
    Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі зацвердзіла трохгадовы цыкл падрыхтоўкі да юбілею. Зыходзячы з фацімскіх аб’яўленняў, год 2014 будзе Годам малітвы, 2015 – Годам навяртання, 2016 – Годам надзеі. Гэтае рашэнне было прынята на 55-ым пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое адбылося 22 лістапада 2013 г. у Пастаральным цэнтры ККББ у Мінску.
13 мая 2009 г. у каталіцкім Касцёле ў межах падрыхтоўкі да 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме распачалася Вялікая Фацімская Навэнна. Яна павінна дапамагчы ў духоўнай падрыхтоўцы да ўспаміну такой вялікай падзеі з гісторыі каталіцкага Касцёла ХХ стагоддзя, якой было аб’яўленне Маці Божай тром дзецям у партугальскім гарадку Фаціма 13 мая 1917 г. Падрыхтоўка да гэтай значнай падзеі мае таксама сваё вымярэнне і ў Касцёле Беларусі. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі зацвердзіла трохгадовы цыкл падрыхтоўкі да гэтага юбілею. Абапіраючыся на Фацімскае пасланне, было прынята рашэнне, што 2014 год будзе Годам малітвы, 2015 – Годам навяртання, а 2016 – Годам надзеі. Аднак пачнём спачатку.

Санктуарый Маці Божай у Фаціме
100-годдзе аб’яўленняў у Фаціме ўсё бліжэй
Не так даўно мы рас­пачалі 2014 год, з якім у многіх звязаны розныя надзеі і жаданні. Напэўна, кожны з нас мае нейкія планы да рэалізацыі. Аднак, усё гэта не можа нам перашкодзіць памятаць пра тое, кім мы з’яўляемся і да чаго імкнёмся. Як веруючыя людзі мы павінны заўсёды ўсведамляць неабходнасць пастаяннага кантакту і адносін з Богам. Падтрымліванне гэтага кантакту цяжка сабе ўявіць без малітвы ў штодзённым жыцці кожнага хрысціяніна. Маці Божая падчас фацімскіх аб’яўленняў увесь час казала аб неабходнасці пастаяннай малітвы, малітвы ў розных інтэнцыях, а асаблівым чынам за навяртанне ўсяго свету. На жаль, трэба сцвердзіць, што сёння многія хрысціяне не падтрымліваюць кантакту з Богам, які выражаецца праз малітву. Малітва для многіх перастала быць чымсьці істотным і важным. У многіх дамах і сем’ях яе месца займае прагляд тэлевізара, камп’ютарныя гульні або пустыя размовы ні аб чым. Чалавек вельмі часта гаворыць, што ў яго няма часу, каб памаліцца, бо ён мае шмат розных абавязкаў і заданняў, якія настолькі яго паглынаюць, што на ўсё іншае не хапае месца і часу, у тым ліку і на малітву. Такая пазіцыя і такія адносіны да малітвы могуць быць падобны на сітуацыю, калі б дзіця было настолькі пагружана ў свае справы і заданні, вучэнне ўрокаў, навучанне мовам, заняткі ў школе танца ці навучанне ігры на музычных інструментах, што ў яго не было б часу размаўляць са сваімі бацькамі. Таксама і бацькі, калі б не мелі часу размаўляць са сваімі дзецьмі, бо ўвесь час былі б на працы, зараблялі б грошы. Проста няма калі, бо столькі ўсяго, што невядома, як з усім гэтым парадзіць. З упэўненасцю можна сцвердзіць, што такія адносіны паміж дзецьмі і бацькамі не былі б нармальнымі, а зусім наадварот – гэта магло б стаць прычынай аддалення адзін ад аднаго, адсутнасці зразумення нават у самых простых сітуацыях.
    Штосьці падобнае адбываецца і ў нашых адносінах з Богам, калі нестае малітвы. Кантакт з Нябесным Айцом заціраецца і, не ўсведамляючы гэтага, мы аддаляемся ад Яго. А тады пачынаюцца розныя жыццёвыя перавароты і сітуацыі, калі чалавек губляе сувязь і кантакт з Богам. Найбольш трапна, хіба, сказаў на гэтую тэму Томас Форэст: “Чалавек, які гаворыць, што не мае часу на маліву, проста яшчэ не верыць”. Слушна аб гэтым сказаў і кс. Ян Твардоўскі: “Калі любіш, заўсёды знойдзеш час, не маючы нават ніводнай хвіліны”. Бясспрэчна, што калі адносіны з Богам важныя для нас, мы знойдзем хаця б адну вольную хвіліну, каб прысвяціць яе размове з Нябесным Айцом.
    Часта таксама можна сустрэць адказ, калі чалавек гаворыць, што пакуль што ў яго няма інтэнцыі ці неабходнасці, каб маліцца. Але я ніколі не веру тым, хто так аб гэтым гаворыць. Кожны з нас мае розныя інтэнцыі, у якіх ён можа маліцца ці, хаця б, дзякаваць за тое, што мае. У такіх сітуацыях я часта паўтараю, што для таго, хто хоча, няма нічога складанага. Калі як хрысціянін, як вернік чалавек разумее неабходнасць кантакту з Богам у сваім жыцці, калі адносіны са сваім Стварыцелем на самой справе важныя для яго, нават калі ён будзе самым занятым чалавекам у свеце, ён знойдзе час на размову з Богам кожны дзень, нягледзячы ні на што.
    Мы распачалі чарговы год у сваім жыцці, год, які, як мы чыталі на пачатку, у Касцёле Беларусі аб’яўлены Годам малітвы. Таму давайце пастараемся паклапаціцца аб малітве ў сваім штодзённым жыцці, як да гэтага заклікае Марыя, Найсвяцейшая Маці, падчас аб’яўленняў у Фаціме. Давайце асаблівым чынам паклапоцімся аб супольнай малітве ў нашых сем’ях, якая ў першую чаргу будзе яднаць усіх членаў сям’і. Сям’я павінна памятаць, што з’яўляецца сям’ёй не толькі падчас сямейных урачыстасцей або падчас снядання ці абеду, але таксама і ў справах веры, і на малітве. Няхай гэты год, калі мы будзем яшчэ больш разважаць над малітвай, дапаможа нам зразумець яе сэнс і неабходнасць у нашым штодзённым жыцці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.