ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Варонча

Парафіі і святыні

Дэканат Навагрудак
У 1741 г. Казімір Несялоўскі, кашталян смаленскі, зас­наваў альтарыю пры касцёле ў Гарадзішчы (цяпер Баранавіцкі раён), якою апекавалася місія езуітаў ад Навагрудскага калегіума. Не пазней 1760-х гг., па згодзе віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага, альтарыю перанеслі да варончаўскага касцёла.
    Драўляны касцёл у Варончы, першапачаткова асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, быў пабудаваны па фундацыі Панятоўскіх, у 1766 г. адзначаўся як ужо дзеючы. Гэта была дзвюхвежавая, пабудаваная часткова з дрэва, часткова з цэглы, крыжастая ў плане святыня. Яе інтэр’ер упрыгожвалі сем алтароў: галоўны алтар з абразом Маці Божай Беззаганага Зачацця ў пазалочаных сярэбраных каронах (вакол 4 воты), алтары св. Тадэвуша і св. Юзафа ў малітоўнай зале і яшчэ па два алтары ў кожнай з бакавых капліц. Набажэнствы тут па-ранейшаму адпраўлялі езуіты, для якіх быў пабудаваны місійны дом.
Пасля касацыі ордэна езуітаў, намаганнямі мясцовага землеўладальніка Юзафа Несялоўскага, біскуп Масальскі ў 1781 г. надаў варончаўскаму касцёлу статус парафіяльнага. Трошкі пазней пан Юзаф, “убачыўшы маласць першапачатковага будынка”, заклаў новы, ужо мураваны касцёл на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі – у комплексе сядзібы Несялоўскіх. Надмагільная пліта фундатара (+1816), упрыгожаная родавымі гербамі, умуравана ў вонкавую сцяну прэзбітэрыя касцёла. Будаўніцтва скончылася ў 1808 г., а ў 1809 г. кс. Ян Цвірка, навагрудскі дзекан, асвяціў святыню пад тытулам св. Ганны.
    У касцёле быў ахрышчаны вядомы паэт Ян Чачот.
    У ХIХ ст. да варончаўскай парафіі (колькасць парафіян на той час складала амаль 3000) Навагрудскага дэканата былі прыпісаны капліцы ў Казловічах і Тугановічах (сёння Баранавіцкі раён, абедзве не захаваліся), Сэрвачы і на мясцовых могілках. Апошняя, пабудаваная ў 1837 г. генералам Кабылінскім, уяўляла сабою драўляны залавы аб’ём з двух’яруснай грувасткай дэкаратыўнай вежай, якая пазначала галоўны ўваход. Уваход на могілкі пазначала двух’ярусная драўляная брама-званіца. Аднойчы ўзгадваецца і капліца ў Мірацічах.
    Касцёл св. Ганны – дзвюхвежавая безапсідная трохнававая базіліка ў даволі эклектычным стылі. Галоўны фасад двух’ярусны, завершаны трохвугольным франтонам і фланкаваны чацверыковымі тэлескапічнымі трох’яруснымі вежамі-званіцамі пад фігурнымі барокавымі купаламі. Ніжні ярус фасада вырашаны ў выглядзе шасцікалоннага дарычнага порціка ў стылі класіцызму, упрыгожаны рустам. Прэзбітэрый, арыентаваны на захад і прамавугольны ў плане, паніжаны адносна цэнтральнай навы, фланкаваны дзвюма квадратнымі ў плане сакрыстыямі. Да цэнтра паўднёвага фасада далучана пяцігранная тытульная капліца св. Ганны, зробленая па фундацыі Людвікі Плятэр.
    У галоўным алтары змешчана, як і раней, разьбянае Укрыжаванне (раней гэта быў абраз, а ў другім ярусе змяшчаўся абраз МБ Чанстахоўскай). Бакавыя алтары ў канцах наваў (раней былі ілюзорна намаляваны) прысвечаны: левы – Маці Божай (раней была фігура Езуса Антокальскага), правы – св. Антонію (раней таксама быў прысвечаны св. Антонію, цяпер тут усталяваная цікавая фігура святога, выкананая ў стылі сучаснага прымітывізму). Цэнтальная нава перакрыта цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. Над уваходам зроблены хоры, у крыпце пад касцёлам былі пахаваны Несялоўскія і Верашчакі. Насценны роспіс у выглядзе архітэктурных куліс, які яшчэ ў 1970-я гг. можна было бачыць на алтарнай сцяне прэзбітэрыя, на жаль, забелены. Каля касцёла стаяла двухпавярховая каменная плябанія, якая да сённяшняга дня не захавалася.
    У пасляваенны час касцёл быў зачынены і з часам ператварыўся ў руіны. Аднак ён быў залічаны да помнікаў архітэктуры. Не захавалася і могілкавая капліца. Яе адрадзілі на сродкі вернікаў у 1989 г., як толькі савецкая ўлада дазволіла збірацца на набажэнствы. Капліцу асвяцілі пад гістарычным парафіяльным тытулам св. Ганны (цяпер, пасля адраджэння касцёла, ёю не карыстаюцца). Адразу ж пачалася і праца па адраджэнні касцёла. Значныя сродкі на рэстаўрацыю сабраў кс. Стэфан Недзялак, а кіраваў рэстаўрацыяй тагачасны пробашч навагрудскай парафіі, а цяпер біскуп, Антоні Дзям’янка. 26 ліпеня 1995 г. касцёл быў рэкансэкраваны гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам пад гістарычным тытулам св. Ганны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.