ГРОДНА
Чацвер,
07 лістапада 2024 года |
Пазбавіцца “хвастоў”
Хвала Хрысту!
Апошняя наша сустрэча ў гэтым годзе, паважаныя Чытачы. Я вельмі ўдзячна Вам за тое, што Вы нястомна працягваеце знаёміцца з артыкуламі рубрыкі “На скрыжаванні”. Гэта натхняе і надае сіл. З вялікай радасцю пазнаёмлюся з Вамі, выслухаю заўвагі і прапановы. Тым больш, што ў лютым мы адзначым трохгоддзе існавання рубрыкі на старонках газеты “Слова Жыцця”. Заахвочваю Вас да канструктыўнай крытыкі. Найбольш актыўныя чытачы будуць адзначаны прызамі. Стымулюе? Спадзяюся на гэта. Пішыце на адрас рэдакцыі або на электронны адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .
А пакуль з задавальненнем запрашаю Вас павандраваць па снежаньскім выпуску. У ім Вы даведаецеся, як умела распараджацца вопытам, дзе крыніца хрысціянскай любові і навошта плакаты над ложкам падчас Адвэнту.
З Богам. †
Апошняя наша сустрэча ў гэтым годзе, паважаныя Чытачы. Я вельмі ўдзячна Вам за тое, што Вы нястомна працягваеце знаёміцца з артыкуламі рубрыкі “На скрыжаванні”. Гэта натхняе і надае сіл. З вялікай радасцю пазнаёмлюся з Вамі, выслухаю заўвагі і прапановы. Тым больш, што ў лютым мы адзначым трохгоддзе існавання рубрыкі на старонках газеты “Слова Жыцця”. Заахвочваю Вас да канструктыўнай крытыкі. Найбольш актыўныя чытачы будуць адзначаны прызамі. Стымулюе? Спадзяюся на гэта. Пішыце на адрас рэдакцыі або на электронны адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .
А пакуль з задавальненнем запрашаю Вас павандраваць па снежаньскім выпуску. У ім Вы даведаецеся, як умела распараджацца вопытам, дзе крыніца хрысціянскай любові і навошта плакаты над ложкам падчас Адвэнту.
З Богам. †
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Хто не любіць, той не спазнаў Бога, таму што Бог ёсць любоў” (1 Ян 4, 8).
Бог – аўтар любові, прыклад любові і сама любоў. Нельга казаць аб духоўнай дасканаласці чалавека, які не ведае любові, які не адкрывае для яе сваё сэрца. А аб тым, што значыць любоў для хрысціяніна, Вы даведаецеся падчас рэфлексіі на прапанаваны ніжэй “Прадмет разважанняў месяца”.
МЭТА МЕСЯЦА: падвесці вынікі
Маладосць – пара пошуку інструмента, на якім пазней зайграе музыка жыцця.
Хтосьці робіць гэта рэгулярна, хтосьці – ад часу да часу, а хтосьці ўвогуле лічыць: навошта? Дык вось навошта: аналізуючы мінулае, чалавек раскладвае ўсё па паліцах, працуе над недахопамі і ставіць перад сабою мэты. Так ён кантралюе свой вопыт і мудра распараджаецца дасягнутым.
Кожны раз мы падводзім вынікі, калі рыхтуемся да споведзі. Часта такая ідэя наведвае нас у чарговы Дзень нараджэння. А часам здараецца паразважаць пасля значных падзей альбо напярэдадні нечага новага.
Хутка распачнецца новы год, новы кругаварот жыцця. Магчыма, гэта і ілюзорнасць нечага новага – жыццё прадаўжаецца і ўсё паўтараецца зноў. Але ж усё залежыць ад саміх нас. Таму ёсць добрая нагода пазбавіцца “хвастоў”, якія цягнуцца з мінулага. Пасля чаго, несумненна, намнога прасцей і лягчэй пачаць новую справу.
ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб дзеці, якія былі пакінуты або сталі ахвярамі гвалту ў любой форме, знайшлі патрэбную ім любоў і клопат
Якая інтэнцыя! Услухайцеся ў кожнае слова: “дзеці... пакінутыя... ахвяры... у любой форме...”. Гэта зварот да кожнага з нас і нават пра кожнага з нас. Неаднойчы мы, дзеці Божыя, адчувалі неспакой, страту і, канешне ж, шукалі любові.
У снежні молімся аб тым, каб гэтую любоў мы напаткалі і каб нашыя сэрцы адкрыліся на хвалу Бога для іншых.
СПРАВА МЕСЯЦА: у глыбокай веры перажыць час Адвэнту
Жыццё напоўнена супярэчнасцямі. Вось, напрыклад, снежань. Ён ніколі не асацыяваўся са спакоем: людзі працуюць над гадавымі справаздачамі, рыхтуюцца да экзаменаў, разлічваюцца з даўгамі і робяць яшчэ шмат чаго іншага. Іншымі словамі, знаходзяцца ў стане неспакою. І толькі падчас нядзельнай святой Імшы яны звяртаюць увагу на свечкі ў адвэнтавым вянку. У сэрца адразу стукае сумленне: а час для Бога? Так-так... А з панядзелка жыццё часта зноў зацягвае ў свой віхор і нясе далей.
Каб такога не здарылася, варта УВЕСЬ ЧАС памятаць пра чаканне Нараджэння Хрыста. Таму раю Вам занатаваць сабе гэта: на застаўцы ў камп’ютары альбо тэлефоне, мелодыяй адвэнтавай песні на будзільніку, плакатам над ложкам альбо працоўным месцам... Як рэхам адгукнецца фантазія. Імправізуйце. Справа не пройде марна, пабачыце.
ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: хрысціянская любоў
Якая яна? Да чаго імкнецца?
На самой справе, сапраўдная хрысціянская любоў – гэта любоў ахвярная, якая імкнецца да таго, каб больш аддаць, чым узяць. Яна не патрабуе нічога ўзамен. Яна жыве ў словах і ўчынках. Заўсёды імкнецца да ўдасканалення. Не ведае межаў, не зайздросціць і не шкадуе сябе.
Варта паразважаць, ці па такіх прынцыпах мы жывём сёння ў кантэксце адносін да людзей, сябе, сусвету. Калі не, то ў нашых сэрцах існуюць пустыя нішы, якія прагнуць напоўніцца Божай любоўю. Трэба толькі моцна захацець і падмацаваць сваё жаданне шчырай малітвай. Пасля чаго абавязкова заўважацца перамены ў жыцці, бо любоў мае здольнасць вяртацца. Вяртацца “з бонусам”.
АСОБА МЕСЯЦА: святы Дамінік Сілоскі
Нарадзіўся Дамінік у 1000-м годзе ў каралеўстве Навары (сёння землі паўночнай Іспаніі і паўднёвай Францыі). У юнацтве дапамагаў бацьку – пасвіў статкі. Затым вывучыўся і пайшоў у бенедыктынскі манастыр у Сан-Мільян-дэ-ла-Каголья. Ад пробашча атрымаў даручэнне: давесці да ладу дом святой Марыі дэ Кааб у Навары, які прыйшоў у заняпад. Пасля паспяховай працы Дамінік вярнуўся ў манастыр і атрымаў тытул прыора (ад лацінскага prior – першы, старэйшы). Але з гэтай пасады яго хутка зняў кароль Навары Гарсія ІІІ. Каралю не спадабалася, што Дамінік спрабаваў вярнуць манастырскія землі, прысвоеныя дзяржавай. Але такая адважнасць манаха спадабалася каралю Кастыліі Фердынанду І. І ён запрасіў Дамініка ўзначаліць манастыр Сан-Себасцьян-дэ-Сілос, які перажываў значныя фінансавыя і духоўныя цяжкасці.
Праз некаторы час манастырскія пабудовы былі адноўлены, пашырылася колькасць духоўных асоб (з шасці да сарака манахаў). Па ініцыятыве Дамініка ў Сілосе быў створаны скрыпторый, адкуль неўзабаве разышліся цудоўныя хрысціянскія кнігі.
Памёр Дамінік у 1073-м годзе. Людзі пачалі ўшаноўваць яго адразу пасля смерці. Манастыр Сан Себасцьян, які стаў адным з найвялікшых у свеце, перайменавалі ў гонар святога Дамініка.
Да 1931 года ў Іспаніі, калі каралева нараджала дзіця, мошчы Дамініка Сілоскага прыносілі ў палац і ставілі перад яе ложкам. Лічыцца заступнікам пастухоў і вязняў. Да яго звяртаюцца супраць насякомых і шалёных сабак. Успамін – 20 снежня.
Да якіх святых маліцца ў снежні? Св. Дамінік Сілоскі (20 снежня), св. Стэфан (26 снежня), св. Ян Апостал (27 снежня).
ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “Cisza”, Каміль Бэднарэк
Цудоўная песня для фону падчас разважанняў над жыццём. Песня так і называецца – “Цішыня”. Амаль увесь тэкст можна разабраць на цытаты. Да прыкладу некаторыя з іх: “Усё такое лёгкае і парадаксальнае”, “Згублены ў натоўпе, жадаючы знайсці сябе ў гэтым патоку, будую сваё жыццё на фундаменце любові”, “Сэрца сваім рытмам моцна мяне ўпэўнівае, што варта верыць у людзей”. Раю паслухаць. Упершыню гарантую, што Вам спадабаецца. Усім.
КНІГА МЕСЯЦА: “Пераступіць парог надзеі”, Ян Павел ІІ
У далёкім 1993-м годзе спаўнялася 15 гадоў Пантыфікату Яна Паўла ІІ. Святы Айцец даў згоду на тэлеінтэрв’ю. “Гэта павінна было стаць абсалютным прэцэдэнтам у гісторыі папства, якая ў мінулых стагоддзях бачыла ўжо ўсё. Усё, але ніколі яшчэ Наступнік Пятра не сядаў перад тэлекамерамі, каб на працягу гадзіны адказваць на перакрыжаваны агонь журналісцкіх пытанняў”, – успамінае аўтар кнігі, італьянскі журналіст і пісьменнік Вітторыё Мэссоры. Але гадавіна мінула, а запланаванае мерапрыемства па пэўных абставінах праведзена не было.
Ян Павел ІІ атрымаў пытанні журналіста і праз некаторы час перадаў яму праз дырэктара прэс-бюро Апостальскай Сталіцы наступнае: “Хоць я і не меў магчымасці адказаць Вам асабіста, але я не забыў пра Вашы пытанні. Яны зацікавілі мяне і, мяркую, не павінны застацца без увагі”.
Так і сталася. Як вынік, Вы трымаеце ў руках кнігу “Пераступіць парог надзеі”, дзе можна знайсці адказы на пытанні: як моліцца Намеснік Хрыста, чаму Бог хаваецца, ці можна спадзявацца на маладых і інш. Асабістыя прызнанні Яна Паўла ІІ, рэфлексіі і духоўныя парады, містычныя медытацыі, позіркі ў мінулае і ў будучыню, тэалагічныя і філасофскія разважанні.
Кніга выдадзена ў 1997-м годзе. Перакладзена на беларускую мову Крыстынай Лялько, сённяшнім галоўным рэдактарам часопісаў “Ave Maria” і “Наша вера”.
Чакаю Вашых лістоў! Да сустрэчы ў наступным годзе.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 55 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.