ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Cетка Граху. Зайздрасць

Сетка граху

Вольга Пінкевіч, аўтар рубрыкі Нашае пракляцце пачалося з першароднага граху. Аднойчы мужчына і жанчына пазайздросцілі Богу. І цяпер мы, іх нашчадкі, жывём, выгнаныя з нашай нябеснай Радзімы, і шукаем праўду...
Усё зло на свеце пачалося са здрады. Але што стала прычынай? Анёл, найбліжэйшы сябра, пазайздросціў Божай магутнасці і здрадзіў. І зноў прычына ў зайздрасці.
    Зайздрасць стала самым першым грахом. І ўсё пачалося з яе. І бясконцыя пакуты чалавека на гэтай зямлі таксама пачаліся з зайздрасці. Я не ведаю больш ніводнага такога граху, які цягнуў бы за сабою столькі наступстваў. Зайздрасць выклікае гнеў: “Я цябе цярпець не магу! Ты не годны такіх ласкаў! Ненавіджу!”. Зайздрасць абуджае крыўды: “Чаму ён, а не я? Чым ён лепшы? Я ж не горшы за яго...”. Зайздрасць запальвае хцівасць: “У іх столькі грошай! Яны так цудоўна жывуць! Я таксама хачу столькі ж! А яшчэ машыну! Такую, каб яны ўбачылі і пазайздросцілі!..”. Зайздрасць заклікае да помсты: “Яна выбрала яго, а не мяне? Ну, нахабнік, толькі я цябе пабачу!”.
Зайздрасць нараджае пустаслоўе, плёткі, хлусню, пракляцці, нянавісць, непрабачэнне. Зайздрасць – дзіця няўдзячнасці. Мы задаём Богу адны і тыя ж пытанні: “Чаму камусьці шанцуе больш, чым мне? Чаму ў мяне так мала, а ў яго так шмат? Чаму ў кагосьці сям’я, праца, грошы, а ў мяне... Што я, Божа, такога зрабіў?”. Мы задаём гэтыя пытанні, але чамусьці не ўспамінаем, што менавіта ў нас ёсць таленты і надзейныя сябры, розум, больш-менш добрае здароўе і ўрэшце рэшт краіна, у якой няма вайны... Чамусьці нам не цікава, чым мы заслужылі гэта.
    Бясспрэчна, зайздрасць можа стаць добрай матывацыяй. Матывацыяй да таго, каб старанней працаваць, быць больш адказным, нястомным, матывацыяй да новых адкрыццяў і подзвігаў. Але дзякуй Богу, калі гэта стане адзіным наступствам зайздрасці! Падзяка, шчыра кажучы, з’яўляецца, напэўна, самым эфектыўным лекам на зайздрасць, гэта тое, што заўсёды перамагае самую горкую крыўду. Таму дзякаваць! За ўсё дзякаваць Богу! За тое, што маем, і за тое, чаго не маем.
    Наш міласэрны Айцец ведае нашыя сэрцы лепш, чым мы самі. Ён добра разумее, што пойдзе нам на карысць, а што не. І таксама Ён добра ведае, што зробіць нас сапраўды шчаслівымі. Калі верыць, што ўсё здзейсненае з Богам вядзе да шчасця, то адразу многае становіцца на свае месцы. Напрыклад, ты ўсім сэрцам закахаўся ў прыгажуню-дзяўчыну, а яна выбрала іншага. Як тут не пазайздросціць? Але аддай гэта Богу і, можа, праз год ты спаткаеш тую, якая стане табе сябрам і шчасцем на цэлае жыццё.
    Часам тое, чаго мы прагнем усёй душой, можа не прынесці нам шчасця. Мы гэтага не разумеем, але гэта разумее Бог. І як добры клапатлівы Тата, Ён нас беражэ, адводзіць ад мары-зманкі. А мы на Яго крыўдуем...
    Некалькі гадоў таму вучоныя, якія даследавалі такую з’яву, як памяць вады, зрабілі геніяльнае адкрыццё: самая моцная камбінацыя слоў, якая робіць структуру вады ідэальна правільнай, гэта “любоў і ўдзячнасць”. Ці зможа зло перамагчы таго, хто ўзброены любоўю і ўдзячнасцю? Моцна сумняваюся. Калі б Адам і Ева сапраўды былі ўдзячныя Богу, то не сатварылі б першароднага граху. А мы? Што мы? А мы б жылі ў раі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.