ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Мір

Парафіі і святыні

Дэканат Навагрудак
Упершыню Мір узгадваецца ў гістарычных крыніцах у 1395 г. як вялікакняская маёмасць. У 1434 г. падараваны вялікім князем Жыгімонтам Сеньку Гедыголдавічу. З 1434 г. – маёмасць роду Іллінічаў, якія пабудавалі тут знакаміты замак. З 1555 г. – цэнтр Мірскага графства, з 1568 г. – уласнасць князёў Радзівілаў. У 1579 г. мястэчка атрымала Магдэбургскае права, але няпоўнае.
    У 1550 г. касцёл у Міры пазначаны як ужо дзеючы, але ў той жа час адзначаецца і альтарыя, таму, магчыма, у сярэдзіне XVI ст. касцёла тут усё такі не было, а альтарыя дзейнічала ў замкавай капліцы.
    Тым не менш, традыцыйна лічыцца, што першы акт фундацыі на карысць касцёла ў Міры быў зроблены князем Мікалаем-Крыштафам Радзівілам па мянушцы Сіротка (+1616) ў 1587 г. Фундуш быў зацверджаны на Галоўным Трыбунале ВКЛ у 1588 г. Вуглавы камень быў асвечаны 21 мая 1585 г. віленскім біскупам Бенедыктам Войнам. Святыня была асвечана 18 кастрычніка 1587 г. у гонар нябеснага заступніка фундатара – св. Мікалая – ягоным братам, віленскім біскупам Юрыем Радзівілам (у гонар юбілею асвячэння ў нартэксе святыні ў 1937 г. біскупам-суфраганам пінскім К. Нямірам была ўсталявана мемарыяльная пліта). Аднак ужо ў 1599 г. драўляную святыню разабралі, каб пабудаваць велічны каменны касцёл.
21 мая быў асвечаны вуглавы камень новага касцёла. 31 жніўня 1605 г. віленскі біскуп Бенедыкт Война ўрачыста кансэкраваў новазбудаваную святыню (даты адзначаны на мемарыяльнай дошцы ў прытворы). Побач з касцёлам у 1609 г. збудавалі двухпавярховую плябанію (будынак разабралі ў 1880 г.). Таксама па фундацыі Сіроткі пры касцёле быў заснаваны шпіталь і школа для дзяцей. Будынкі касцёльнага комплексу моцна пацярпелі падчас ваенных дзеянняў 1654-1661 гг. і Паўночнай вайны. У 1710 г. князь Міхал-Казімір Радзівіл Рыбанька аднавіў касцёл, плябанію, два флігелі, гаспадарчыя пабудовы, заказаў адліць вялікі звон “Караль” у гонар перамогі над шведамі. У ХIХ ст. мясцовым парафіянінам быў паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч).
    Мікалаеўскі касцёл, у архітэктуры якога злучаюцца рысы рэнесанса і готыкі, уяўляе сабой трохнававую базіліку з прэзбітэрыем у выглядзе паўкруглага завяршэння цэнтральнай навы. Прэзбітэрый фланкаваны дзвюма сакрыстыямі са скругленымі вонкавымі вугламі, што надае святыні ў плане выгляд трохапсіднай. Да двухпавярховых сакрыстый прыбудаваны пяцігранныя аб’ёмы лесвіц (як і круглыя вежы лесвіц на галоўным фасадзе, яны завяршаліся шатровымі дахамі, надаючы касцёлу выгляд “чатырох гатычных вежаў па вуглах”), якія вядуць у фундатарскія малітоўныя ложы. Галоўны фасад пазначаны вялізнай і магутнай чацверыковай чатырох’яруснай вежай-званіцай, фланкаванай дзвюма невялікімі круглымі гатычнымі вежамі з лесвіцамі на хоры.
    Інтэр’ер, падзелены на тры навы шасцю слупамі, перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі над вокнамі. У XVIII ст. унутраную прастору ўпрыгожвалі 9 алтароў. У галоўным (першы алтар фундаваў сам Сіротка; быў скончаны ў кастрычніку 1604 г.) трох’ярусным алтары “сталярскай работы” над вялікім абразом Нараджэння Пана знаходзіўся абраз Трох Каралёў (Аб’яўлення Пана), завяршаў кампазіцыю абраз Абразання Пана; пры гэтым на кожнам ярусе была ўсталявана пара фігур святых. У левай наве былі ўсталяваны алтары Найсвяцейшай Тройцы і Перамянення Пана, у правай – брацкі алтар св. Казіміра і алтар Маці Божай Беззаганнай (з вотумамі). Яшчэ 4 алтары – Укрыжавання, св. Антонія, Езуса Антокальскага (усе тры з вотумамі) і св. Яна Непамука – стаялі “пры філярах”.
    У XIХ ст. кампазіцыя алтароў змянілася (ужо ў 1783 г. 4 алтары былі апісаны як “разваленыя і годныя больш да спалення, чым для апісання”) – іх стала 5, і ўсе яны цяпер былі двух’яруснымі. У галоўны алтар была перанесена фігура Езуса Антокальскага (у 1856 г. яе акружалі 39 вотумаў), у другім ярусе быў абраз св. Казіміра. У правым бакавым (у канцы навы) алтары змясцілі абраз Маці Божай з Езусам на руках, у сярэбранай шаце з каронамі (таксама ўпрыгожаны вотумамі), у другім ярусе быў абраз св. Аўгусціна. Левы бакавы алтар быў прысвечаны св. Юзафу, у другім ярусе знаходзіўся тытульны абраз св. Мікалая. Пры правым сярэднім “філяры” стаяў алтар св. Антонія з абразом св. Барбары наверсе. Пры левым – св. Яна Хрысціцеля з абразом Марыі Магдалены наверсе.
   
    Да нашых дзён захаваўся толькі галоўны алтар, створаны напрыканцы XVIII ст., сёння ён рэстаўрыруецца. Над уваходам знаходзіліся арганныя хоры (не захаваліся) на двух слупах, на агароджы якіх былі намаляваны 12 Апосталаў і Пан Езус у цэнтры. Пад касцёлам знаходзіцца невялікая крыпта, аб пахаваных там сведчылі мармуровыя пліты, умураваныя ў падлогу касцёла.
    Уваход на тэрыторыю касцёла ад рынкавай плошчы ў 1719 г. быў пазначаны вялікай мураванай фуртай, крытай глінянай чарапіцай з трыма капулкамі і крыжамі, дзе былі змешчаны 5 званоў: самы вялікі – “Радзівіл” (ці “Караль”), меншы – “Казімір”, яшчэ меншы – “Ружанцовы”, чацвёрты без назвы і “Сігнатурны”. Верагодна, вежа касцёла не цалкам выконвала функцыю званіцы. Пры гэтым звон “Радзівіл” быў такі вялізны, што для яго справа ад касцёла асобна паставілі брусавую званіцу.
    У пачатку XVIII ст. пры касцёле дзейнічалі Брацтва св. Антонія і Найсвяцейшай Тройцы, якія мелі ў касцёле адпаведныя “брацкія” алтары. Да Мірскай парафіі належалі капліцы ў маёнтках Астроўкі, Гарадзея і Горкі (цяпер усе тры вёскі ў Мінскай вобл., яшчэ ўзгадваецца капліца “ў Ушы Вайніловіча, суддзі земскага навагрудскага”, але гэты тапонім не знойдзены), у Турцы і ў самім Міры на могілках. Была капліца і ў Мірскім замку, яна знаходзілася ў другім ярусе ўваходнай вежы і была асвечана пад тытулам св. Крыштафа. З капліцы можна было трапіць непасрэдна да княскіх пакояў (на поўнач) і да баявых галерэй (на поўдзень).
    На хвалі рэпрэсій пасля падаўлення паўстання 1863 г. касцёл быў зачынены і ў 1865 г. перароблены ў праваслаўную царкву, касцёльнае начынне перавезлі ў Ішкалдзь (цяпер Баранавіцкі р-н). Пры гэтым над вежай з’явіўся вялізны і непрапарцыянальны цыбулепадобны купал.
    У 1805 г. ва ўсходнім куце мірскіх парафіяльных могілак пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы была асвечана капліца з бруса са сцяжкамі, бязвежавая, з арыентаванай на ўсход алтарнай сцяной акруглай формы і галоўным фасадам у выглядзе чатырохслуповага порціка. У алтары быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Тройцы. Асвяціў капліцу тагачасны плябан кс. Караль Уфракоўскі з дазволу віленскага біскупа Яна Касакоўскага. У 1911 г. кс. Адольфу Трумпеню, капелану мірскай капліцы, улады дазволілі правесці рамонт могілкавай капліцы, а таксама перабудаваць франтонную сцяну, не змяняючы знешняга выгляду. Аднак вернікі на чале з мясцовым землеўладальнікам Альбінам Хомічам перасунулі старую капліцу на 15 аршынаў і пры ёй за тры дні ўзвялі трохсценную прыбудову, большую за саму капліцу. Атрымаўся касцёл з хорамі на слупах. Зрабілі таксама сакрыстыю, падзяліўшы прэзбітэрый перагародкай. Аднак незадаволеныя ўлады вырашылі разабраць несанкцыянаваную пабудову.
    У 1914 г. мірскія католікі вырашылі будаваць новы каменны касцёл, быў нават зроблены праект. Аднак Першая сусветная вайна перашкодзіла распачаць будаўніцтва, а ў хуткім часе палітычнае становішча ў дзяржаве цалкам змянілася і парафіянам была вернута іх старажытная святыня – касцёл св. Мікалая. Цяпер касцёльную вежу зноў завяршыў вастраверхі шацёр.
    Да 1920-х гг. мірская парафія ўваходзіла ў склад Навагрудскага дэканата. З утварэннем у 1925 г. Сталовіцкага дэканата Пінскай дыяцэзіі мірская парафія не толькі ўвайшла ў яго склад, але і была прызначана цэнтрам дэканата. Сталовіцкі дэканат складаўся з 9 парафій: Мір, Жалязніца, Задвея, Ішкалдзь, Крошын, Паланечка, Сваяцічы, Сталовічы і Юшкавічы (акрамя Міра ўсе знаходзяцца ў Брэсцкай вобл.). З утварэннем у 1991 г. Гродзенскай дыяцэзіі мірская парафія ізноў вярнулася ў Навагрудскі дэканат.
    З надыходам савецкай улады ўсе каталіцкія святыні Міра былі зачынены: касцёл ў занядбаным стане стаяў доўгія дзесяцігоддзі, сёстры ў 1946 г. вымушаны былі з’ехаць у Польшчу, а іх дом быў разабраны, Троіцкую капліцу выкарыстоўвалі спачатку пад жыллё, а потым пад сховішча. Праўда, у 1970-я гг. касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння, і нават пачалася рэстаўрацыя святыні. Аднак набажэнствы аднавіліся толькі ў другой палове 1990-х гг., а рэстаўрацыя не скончана і дагэтуль.
    Па-за касцёлам захавалася пахаванне польскіх жаўнераў-стральцоў, загінуўшых у 1919 г. падчас вайны з бальшавікамі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.