ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Адбылася ІІ Агульнабеларуская сустрэча святароў

З жыцця Касцёла

Св. Імша з удзелам біскупаў і святароў15 лістапада ў Мінску адбылася ІІ Агульнабеларуская сустрэча святароў. Сустрэча пад назвай “Lumen fidei – fidelitas sacerdotalis” (“Святло веры – святарская вернасць”), што атрымала натхненне з першай энцыклікі папы Францішка “Lumen fidei” (“Святло веры”), праходзіла ў касцёле святых Сымона і Алены і была прымеркавана да заканчэння Года веры.
У межах II Агульнабеларускай сус­трэчы святары ўдзель­нічалі ў малітве Літургіі гадзінаў, адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Духоўную канферэнцыю да прысутных прамовіў а. Станіслаў Памыкала SI. Святар прапанаваў удзельнікам сустрэчы паразважаць над пытаннем “ці ўмеем мы прыняць Божы народ”, заахвоціў маліцца аб тым, каб “па-сапраўднаму цэлебраваць Эўхарыстыю”, падкрэсліў важнасць малітвы Брэвіярыя ў святарскім жыцці.
Мітрапаліт Мінска-Магі­лёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да святароў у прывітальным слове, сказаў: “Мы вучым і заклікаем іншых да адзінства. Але, у той жа час, ці можам мы самі служыць іншым добрым прыкладам?”. “Мы павінны памятаць таксама аб тым, што пакліканы служыць, а не валадарыць, – падкрэсліў іерарх. – У нашым святарскім служэнні мы павінны браць прыклад з Езуса. Не быць толькі цэлебруючымі сакраманты аўтаматамі, але сапраўднымі слугамі”. Арцыпастыр звярнуў увагу на тое, што сёння “святарам трэба шукаць людзей”, “шырэй выкарыстоўваць новыя арэапагі сучаснасці”. Таксама Мітрапаліт пад­крэсліў, што “ўсе мы служым тым самым людзям і працуем на карысць таго ж самага Касцёла, і таму ўсе слугі алтара павінны ўключацца ў рэалізацыю агульнабеларускіх і агульнадыяцэзіяльных душпастарскіх праектаў, а не засяроджвацца толькі на лакальных”. Іерарх нагадаў пра важнасць для святароў пастаяннай “чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і пастарскай фармацыі”.
    У межах сустрэчы Мітрапаліт прэзентаваў другі том “Літургіі гадзінаў”, які ахоплівае “Перыяд Вялікага посту. Святы Пасхальны Трыдуум. Велікодны перыяд”, перакладзены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў пры ККББ.
   
Мы выканаем наша фундаментальнае заданне, калі не толькі будзем гаварыць пра Бога, але будзем пастаянна размаўляць з Ім у малітве, калі будзем кожны дзень памятаць, што нам не дастаткова толькі жыць з Евангеллем, што трэба жыць гэтым Евангеллем

    Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці, звяртаючыся да духавенства, нагадаў, што два месяцы таму сустракаўся з папам Францішкам, распавёў прысутным пра пытанні, якія тады задаў яму Пантыфік, і словы, якія прасіў перадаць беларускім святарам. Папа пытаўся, “якія святары ў Беларусі”, “ці з’яўляюцца яны прапаведнікамі Божай міласэрнасці, або суровыя да людзей і імкнуцца паказаць, наколькі людзі грэшныя”. “Я не баюся за святароў, якія робяць памылкі, якія слабыя, часамі падаюць, я баюся святароў карумпіраваных, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя бруду. Гэтыя святары ператварыліся ў функцыянераў, і, магчыма, яны ўжо ні ў што не вераць”, – такімі былі словы Святога Айца, якія перадаў Апостальскі нунцый. Па словах іерарха, Пантыфік падкрэсліў, што “нам патрэбны святары, годныя народа, які пакутаваў”, а таксама папрасіў перадаць святарам і біскупам Беларусі, “каб яны ішлі разам”, “гаварылі паміж сабой, адкрылі сэрцы адзін аднаму, бо ў Касцёле няма генерала і радавога – ёсць толькі браты”.
    Ксёндз доктар Уладзімір Гуляй прадставіў прысутным даклад “Святар на службе Касцёлу і грамадству ў сучаснай рэчаіснасці”, у якім, між іншым, адзначыў: “Святар не зможа плённа выконваць гэты падвойны акт святарства – надзяленне хлебам слова і хлебам Панскай Вячэры, калі спачатку не сагне перад людзьмі свае калені, накшталт свайго Настаўніка, у духу пакоры і служэння. (...) Кожнаму, хто просіць у яго дапамогі, святар павінен адказаць: «Я да тваіх паслуг. Я належу табе, таму што належу Езусу». (...) Неабходна весці давераных нам маладых людзей да Хрыста, стаўшы для іх нечым накшталт Бэтлеемскай зоркі, – адзначыў кс. Уладзімір Гуляй. – Мы выканаем наша фундаментальнае заданне, калі не толькі будзем гаварыць пра Бога, але будзем пастаянна размаўляць з Ім у малітве, калі будзем кожны дзень памятаць, што нам не дастаткова толькі жыць з Евангеллем, што трэба жыць гэтым Евангеллем”. “Святары не маюць пра­ва замыкацца ў сценах касцёльных будынкаў, у плябаніях, сакрыстыях, ціхіх кабінетах або ў коле блізкіх сяброў. Мы павінны ўдзельнічаць у перамене свету, павінны ісці да людзей і прапаведаваць ім Добрую Вестку ўсюды, дзе гэта магчыма”, – падкрэсліў выступоўца. Сучасны святар, па яго словах, павінен быць “добра адукаваным, дасведчаным у галіне задач, якія належыць выканаць, а ў першую чаргу падобным да Хрыста ў Яго пакоры, беднасці, чыстасці і любові да бліжняга”; “тонкім умельцам, спецыялістам-прафесіяналам і віртуозным лекарам, здольным распазнаць тонкія і глыбокія духоўныя з’явы”; “адукаваным чалавекам, які валодае мастацтвам слова, які мае густ, такт, чуласць, вытанчанасць і сілу”, і “ўсё гэта выконваць у прастаце праўды, у пакоры любові”.
    У межах сустрэчы былі праведзены круглыя сталы па тэмах: “Пытанні літургікі – літургічнае права і рэчаіснасць”, “Кананічнае права пра сакраманты. Касцёльны суд”, «Супрацоўніцтва са свецкімі вернікамі ў душпастарстве”, “Супрацоўніцтва і адзіная мэта. Супрацоўніцтва дыяцэзіяльных і манаскіх супольнасцей”, “Мас-медыя – сучасны сродак евангелізацыі”, “Дабрачыннасць”, “Харызма і экзарцызмы ў душпастарскім служэнні”, “Сям’я ў душпастарстве Касцёла”, “Салідарнасць паміж святарамі і іх адзінства з біскупам”, “Святарскае служэнне і грамадства”.
    Завяршэннем сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Cтаршыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі нагадаў, што, абвяшчаючы Год веры, Папа Бенедыкт XVI “заклікаў усіх вернікаў нанова адкрываць прыгажосць веры, ажыўляць любоў да Евангелля, а ў першую чаргу вызнаваць сваю веру ў поўнай меры і з большай упэўненасцю, каб кожны хрысціянін імкнуўся даваць праўдзівае сведчанне сваёй прыналежнасці да ліку вучняў Хрыста”. “Дэвіз нашай сустрэчы «Lumen fidei – fidelitas sacerdotalis» указвае на непарыўную сувязь паміж верай святара і яго вернасцю ўласнаму пакліканню, – сказаў біскуп. – Святло веры з’яўляецца жыватворнай крыніцай, з якой святарская паслуга чэрпае сваю паспяховасць, і адзіным трывалым фундаментам, на якім святар павінен будаваць сваю асобу”.
    “Год веры паволі набліжаецца да заканчэння, але наша пілігрымка веры працягваецца”, – дадаў старшыня ККББ і выказаў надзею, што гэтая сустрэча “пакіне прыгожы і трывалы след у нашых сэрцах і дапаможа нам яшчэ больш адказна і паспяхова спаўняць паслугу абвяшчэння Добрай Навіны, быць сведкамі Езуса Хрыста сярод людзей, да якіх Ён нас пасылае”.
    З гаміліяй да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх нагадаў аб “любові, якой Езус палюбіў нас і якой мы павінны любіць адзін аднаго”. “Гэтая любоў бязмежная, бо Езус яе пацвердзіў сваёй крыжовай смерцю і з гэтай любоўю прыходзіць да нас у сакрамантах святарства і Эўхарыстыі”, – адзначыў арцыбіскуп.
    “Святарства вырастае з Эўхарыстыі і яно найперш для Эўхарыстыі, а праз Эўхарыстыю – для Касцёла як Містычнага Цела Хрыста. Таму гэтыя два сакраманты нераздзельна злучаны і адзін служыць другому, каб на самой справе служыць людзям у іх пілігрымцы ў дом нябеснага Айца, – дадаў арцыпастыр. – Гэтае служэнне павінна адбывацца ў любові нас, святароў, адзін да аднаго і да даручаных нашай духоўнай апецы людзей. Яно таксама павінна адзначацца пачуццём еднасці паміж намі і з нашымі вернікамі, бо ў еднасці наша сіла”.
    “Мы заклікаем людзей да навяртання і спавядаем іх. Але яно патрэбна таксама і нам. Нам неабходна дазволіць Езусу нас абмыць, ачысціць, каб мы свяціліся святасцю свайго жыцця і веры. Людзі хочуць бачыць у нас святых слугаў, якія абвяшчаюць вечна жывое і актуальнае Божае слова, цэлебруючы сакраманты, асвячаюць людзей і, у любові ім служачы, будуюць хрысціянскія супольнасці”, – падкрэсліў іерарх.
    Арцыбіскуп нагадаў, што святарам у сваім служэнні “нельга быць наймітамі і ўцякаць ад драпежных ваўкоў”, “нельга глядзець на бязвер’е сучаснага свету з боку ці з балкона” – “у яго неабходна ўвайсці з вучэннем Хрыста”. “Пах нашага святарскага памазання неабходна несці ў свет, нельга замыкацца толькі ў «гетта» сваёй парафіі, манаскай супольнасці ці малітоўнай групы і руху, бо яшчэ так многа сэрцаў чакае Евангелля, – звярнуў увагу Мітрапаліт. – Вельмі актуальным заданнем святара з’яўляецца выйсце з самога сябе з мэтай пайсці да іншых, каб такім чынам самім удасканальвацца, пастаянна ажыўляць дар святарства, узрастаць у веры, надзеі і любові”.
    Іерарх пажадаў удзельнікам сустрэчы, каб Бог аднавіў у іх памазанне Святым Духам, каб яны былі здольнымі любоўю да Бога і бліжняга несці людзям пах святарства і весці іх да спаткання з Хрыстом.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.