ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Багацце

Дзіцячы куточак

“Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё”. (Мц 6, 19-21)
На адным востраве сярод мора-акіяна стаялі два зусім розныя гарады – горад заходні і горад усходні. Рознымі яны былі таму, што жыхары заходняга горада любілі зманлівую прыгажосць, а ва ўсходнім горадзе імкнуліся да сапраўднай прыгажосці.
    У заходнім горадзе людзі будавалі прыгожыя хаты з велізарнымі пакоямі, вакол хат садзілі дрэвы і кветкі, а вуліцы не толькі падмяталі, але нават мылі шчоткамі. Усім добра вядома, што знешняя прыгажосць патрабуе грашовых выдаткаў, бо калі што сапсуецца, то трэба ўсё неадкладна адрамантаваць, каб суседзі не насміхаліся. Многім хочацца мець шыкоўную машыну і яхту, каб падарожнічаць. Ды і для забаў таксама нямала грошай трэба.
Увогуле, дзеля грошай, на якія можна было купіць кучу розных прыгожых рэчаў, жыхары заходняга горада гатовыя былі працаваць з раніцы да позняга вечара. Але, працуючы доўга дзеля грошай і думаючы пра дарагія прыгожыя рэчы, жыхары часта не мелі часу паклапаціцца пра сапраўдную прыгажосць – сваю ўнутраную. Таму іх сэрцы павольна і непрыкметна астывалі.
    Нарэшце, так здарылася, што нягледзячы на вялікія багацці і прыгажосць горада, многія жыхары страцілі сваё ўнутранае сардэчнае цяпло і душэўнасць. Многія з іх маглі ўсміхацца, але шчасця і радасці яны не адчувалі. Некаторыя жыхары сталі звяртацца да дактароў, шукаючы лекі для шчасця і добрага настрою. А некаторыя аддавалі свае грошы самым таленавітым клоўнам, якія б змаглі іх развесяліць і хоць на некаторы час вярнуць шчасце.
    А ва ўсходнім горадзе не было такіх вялікіх і прыгожых хат, ды і дарагіх машын на вуліцах амаль не было. Тут людзі шукалі іншую прыгажосць – сапраўдную. Больш за багацце і грошы тут шанавалася шчодрасць і глыбіня душы, добрыя і сардэчныя адносіны паміж людзьмі, уменне сябраваць і дапамагаць іншым. У горадзе было шмат прыгожых касцёлаў, бібліятэк, музеяў, тэатраў, а людзі ўмелі атрымліваць задавальненне і радасць не ад рэчаў, а ад шчырых суполных малітваў, ад добрых адносін паміж сабою, ад прыгожых вершаў, музыкі, карцін і танцаў. Але галоўным было тое, што ва ўсходнім горадзе людзі заўсёды памяталі пра самае важнае правіла чалавечага шчасця. Яно было вельмі простым: умець любіць адзін аднаго, шанаваць сваё сумленне, імкнуцца да духоўнай прыгажосці і дзяліцца ёю, каб яна цешыла іншых людзей. Памятаючы пра гэта, людзі сваёй працай прыносілі адзін аднаму радасць і задавальненне.
    Аднойчы ў заходнім горадзе з’явіўся знакаміты мудрэц. Ён доўга шпацы­раваў па вуліцах горада, разглядаў багатыя хаты, дарагія машыны і стыльнае адзенне жыхароў, якое яны набывалі ў модных крамах. Чыста і акуратна было на вуліцах, ды вось толькі жыхары горада яму чымсьці не спадабаліся. Быццам бы і ветлівыя словы яны гаварылі, і ўсміхаліся ветліва, а знутры ад гэтых людзей нейкім незразумелым холадам веяла, як быццам сэрцы іх даўно астылі і сталі мёртвымі. Не захацелася мудрацу заставацца надоўга ў заходнім горадзе, таму павандраваў ён далей.
    І вось, прыйшоў ён ва ўсходні горад, пра які ніколі нічога не чуў. Горад быў самым звычайным, але ў ім жылі незвычайныя дзіўна прыемныя людзі. У іх поглядах і словах адчувалася адмысловая цеплыня, сардэчнасць і адкрытасць. Мудрэц вырашыў застацца і трохі пажыць ва ўсходнім горадзе. Здзівіліся жыхары заходняга горада, даведаўшыся пра гэтае рашэнне, і прыйшлі з пытаннем да мудраца.
    – Скажы нам, мудрэц, чаму ты абраў усходні горад і не захацеў жыць сярод прыгожых багаццяў нашага горада?
    А мудрэц ім адказаў:
    – Не хочацца мне жыць у вашым горадзе, дзе адны руіны і магілы.
    Усе людзі яшчэ больш здзівіліся, пачуўшы адказ, а потым вырашылі, што мудрэц, напэўна, зусім дрэнна бачыць, раз велізарныя палацы і багатыя хаты яму руінамі здаліся, а выдатныя паркі – могілкамі.
    Але мудрэц меў рацыю, ён быў упэўнены ў сваіх словах. Вялікія грошы і багацце жыхароў заўсёды прыцягваюць да сябе злодзеяў і людзей з дрэннымі намерамі. Так здарылася, што пра багацці заходняга горада даведаўся адзін прагны кароль. Ён сабраў вялізнае войска піратаў і разбойнікаў і прыплыў на караблях да вострава. Войска караля напала на заходні горад і цалкам разрабавала ўсе яго багацці, пакінуўшы пасля сябе адны разваліны ды магілы з забітымі.
    А ўсходні горад кароль вырашыў не чапаць. Грошай у ім было мала, а да касцёлаў, кніг, карцін, музыкі і тэатраў яму не было ніякай справы. Ды і людзі ўсходняга горада яму сваёй дабрынёй вельмі спадабаліся.
    Таму часта бывае, што зманлівая прыгажосць дарагіх рэчаў не толькі грошай патрабуе, але і непрыемнасці можа прынесці, ды і згубіць такую прыгажосць вельмі проста, а чалавечую прыгажосць, прыгажосць душы, музыкі і вершаў ніяк нельга адабраць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.