ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Усялюб

Парафіі і святыні

Дэканат Навагрудак
Мясцовы касцёл – гэта не толькі выдатны помнік сапраўднай готыкі нашай дзяржавы, але і самы ранні ўзор гэтага стылю ў Беларусі. Каля 1413 г. святыню пабудаваў Ян Няміра, канюшы вялікага князя Вітаўта, староста полацкі, уладар Усялюба (менавіта на ўмовах прыняць каталіцтва Ян Няміра адным з першых літоўскіх баяр атрымаў уласны герб на сойме ў Гародні ў 1413 г.). Па іншых звестках, касцёл узвёў яго сын Анджэй Няміравіч у 1433 г. (гэтая дата афіцыйна лічыцца першым узгадваннем аб Усялюбе, і менавіта гэты год лічыцца датай заснавання касцёла; такую дату называе і інвентар 1867 г.). Польскі гісторык Ахмяньскі называе датай пабудовы касцёла 1471 г., а фундатарам – Мікалая Няміравіча, намесніка віцебскага і смаленскага.
    Так ці інакш, каменны касцёл быў пабудаваны тут у першай палове XV ст. і асвечаны пад тытулам св. Яна Хрысціцеля. На жаль, першапачатковы выгляд святыня не захавала, але хутчэй за ўсё гэта быў прамавугольны залавы бязвежавы храм з пяціграннай апсідай, арыентаванай на ўсход, з адной сакрыстыяй з паўночнага боку. Сцены былі выкладзены з вонкавай цэглы ў тэхніцы гатычнай муроўкі і ўмацаваны контрфорсамі. Інтэр’ер перакрывалі зорчатыя скляпенні, якія абапіраліся на слуп у цэнтры малітоўнай залы. У тоўшчы сцен паўднёва-заходняга кута была зроблена лесвіца на хоры (і далей на паддашак), якія да канца XVIII ст. былі драўлянымі, а потым мураванымі. У сярэдзіне XVI ст. тагачасны ўладальнік Усялюба (з 1540 г.) полацкі ваявода Станіслаў Давойна зафундаваў бакавыя алтары – Найсвяцейшай Тройцы (1543 г.) і св. Юрыя (1545 г.), утварыўшы пры іх альтарыі.
У 1576 г. Усялюб стаў уласнасцю вядомага пратэстанта Радзівіла Рудога, які ператварыў касцёл у кальвінскі збор. Толькі ў 1642 г. святыня вярнулася ў лона каталіцкага Касцёла – 16 чэрвеня падкаморы ВКЛ князь Януш Радзівіл падпісаў дакумент на вяртанне плябаніі. У наступныя паўстагоддзя храм быў значна рэканструяваны – разабралі скляпенні над малітоўнай залай, счасалі контрфорсы бакавых фасадаў і апсіды, счасалі нервюры скляпенняў апсіды і сакрыстыі. Сцены звонку атынкавалі, дах накрылі пляскатай (пазней была заменена на хвалістую) чарапіцай. У 1710-я гг. да галоўнага ўвахода дабудавалі крухту, на дзвярах якой быў намаляваны св. Міхал Арханёл. Адноўлены касцёл 1 лістапада 1788 г. пад новым тытулам св. Казіміра, патрона ВКЛ, асвяціў канонік інфляндскі і смаленскі кс. Тадэвуш Лаппа.
    У XVIII ст. касцёл уяўляў сабой ужо атынкаваную звонку і ўнутры святыню з цаглянай падлогай і сутарэннямі пад ёй. Малітоўная зала была перакрыта плоскай драўлянай столлю, прэзбітэрый і сакрыстыя захоўвалі старажытныя скляпенні. Святыня была накрыта гонтай. Над высокім дахам узвышалася вежачка-сігнатурка. Галоўны ўваход бязвежавага фасада быў пазначаны крухтай. Інтэр’ер святыні ўпрыгожвалі тры алтары, створаныя па фундацыі Антонія Навасельскага, кашталяна навагрудскага: галоўны – Укрыжавання, левы – тытульны св. Казіміра (з абразом Маці Божай, які быў адзначаны 22 вотамі), правы – св. Яна Хрысціцеля. Трошкі пазней пры сцяне быў усталяваны чацвёрты алтар, прысвечаны св. Антонію. Пад касцёлам знаходзілася крыпта. Побач з касцёлам, насупраць брамы, стаяла драўляная званіца з трыма званамі: “вялікім, сярэднім і малым”. Драўляная плябанія была пабудавана ў 1804 г.
    Касцёл ізноў рэканструяваўся ў 1790 – 1810 гг. Галоўны фасад набыў сучасны неагатычны выгляд. Над прытворам узнеслася стромкая двух’ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая вежа-званіца. Бакавыя схілы фасада завяршаліся востраканцовымі пінаклямі. Верагодна, у той час была дабудавана і паўднёвая сакрыстыя. Хоры над уваходам абапіраліся на дзве “дарычныя” калоны, там быў усталяваны арган на 10 галасоў.
    У ХIХ ст. да ўсялюбскай парафіі былі прыпісаны капліцы ў Беніне і Вераскаве. Па-за касцёлам у 1837 г. (дата на фундаменце – 1839 г.) апошні ўладальнік мястэчка Юзаф О’Рурке (О’Руркі валодалі мястэчкам з канца XVIII ст.) пабудаваў капліцу-пахавальню. Гэта цагляны і атынкаваны будынак у стылі класіцызм, галоўны фасад пазначаны чатырохкалонным порцікам. У тыя гады колькасць вернікаў усялюбскай парафіі перавышала 2000 чалавек.
    У 1930 г. касцёл св. Казіміра рэканструявалі на сродкі графа О’Рурке, дах быў пакрыты бляхай. Касцёльны ўчастак быў абнесены бутавай агароджай з трохпралётнай уваходнай брамай перад фронтам касцёла. Злева ад святыні стаяла драўляная васьмігранная барокавая званіца.
    У гады панавання савецкай улады старажытны касцёл быў зачынены (парафія была знята з рэгістрацыі ў 1960 г.) і з часам ператварыўся ў жахлівыя руіны. Калі ў занядбанай святыні адбыўся пажар, старшыня калгаса нават забараняў тушыць полымя, жадаючы, каб ад храма нічога не засталося. Узор сапраўднай готыкі, каштоўнасць якога для нашай краіны нават цяжка пераацаніць, не быў нават залічаны ў “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”.
    Адраджэнне святыні адбылося толькі ў 1990-я гг. (намаганнямі тагачаснага пробашча навагрудскай парафіі, а сёння біскупа, А. Дзям’янкі). Касцёл быў асвечаны 14 верасня 1991 г. У 2003 г. былі нанова створаны алтары касцёла, якія прысвячаліся: галоўны – Укрыжаванню, левы бакавы – Маці Божай, правы – св. Казіміру. Перад уваходам у касцёл у 2002 г. была зроблена каплічка-грот з фігурай Маці Божай Лурдскай, перад якой кленчыць св. Бернадэта. Агароджа з буту падноўлена, уваходная брама ў выглядзе чатырох слупкоў цяпер знаходзіцца па баку вуліцы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.