ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Чым для мяне з’яўляецца Парафіяда?

На шляху да святасці

Паcля парафіядных спаборніцтваў некаторыя ўдзельнікі з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі падзяліліся сваімі меркаваннямі, а менавіта: адкуль яны даведаліся пра Парафіяду, чым для іх з’яўляецца гэтае рэлігійна-спартыўнае мерапрыемства і што ім спадабалася найбольш.
Казлоўская Вераніка, 17 год, парафія Унебаўзяцця НПМ у Адамавічах:
    Аб Парафіядзе я даведалася ад нашай сястры Веры. Вырашылі паехаць, бо гэта выдатная магчымасць карысна правесці час, пазнаёміцца з новымі асобамі, паспаборнічаць, праверыць свае сілы і паказаць свае таленты. У гэтым годзе ўдзельнічаю ўжо трэці па ліку раз. Пасля Парафіяды ў мінулым годзе мы пераконвалі сястру, каб паехаць яшчэ раз. Самае галоўнае, мы прыехалі сюды, каб умацаваць нашу веру і паказаць іншым людзям прыклад нашай веры ў Хрыста. Асабіста для мяне гэтае мерапрыемства з’яўляецца падарункам ад Бога. З радасцю даведваемся, што з кожным годам колькасць удзельнікаў узрастае. Цяжка сказаць, што найбольш спадабалася на Парафіядзе, так як усё было добра зладжана: музыка, спеў, цікавыя тэтральныя пастаноўкі, зычлівыя людзі і шмат іншага. Вялікі дзякуй за гэта арганізатарам!

    Сцяцкевіч Бажэна, 17 год, парафія св. Францішка Ксаверыя ў Гродне:
    Прымаю удзел у Парафіядзе ўжо некалькі гадоў запар. Упершыню даведалася пра яе ад свайго душпастара. Удзел у гэтым мерапрыемстве – гэта магчымасць сустрэць не толькі старых, але і новых знаёмых, паўдзельнічаць у спаборніцтвах і, перш за ўсё, атрымаць новы досвед супольнай малітвы са сваімі аднагодкамі. Вельмі падабаецца, што кожны год дадаецца нешта новае ў арганізацыі спаборніцтваў, што робіць Парафіяду штораз лепшай.
   
    Юрса Бажэна, 17 год, парафія св. апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы:
    Аб тым, што ладзіцца Парафіяда, прачытала ў газеце “Слова Жыцця”, а пазней пачула ў аб’явах у нашым парафіяльным касцёле. Для мяне гэтае мерапрыемтсва – гэта, перш за ўсё, узмацненне адзінства з Богам і моладдзю. Магчымасць адкрыць таленты, якімі адарыў мяне Бог. Усе пункты праграмы Парафіяды мне былі да спадобы, а ў першую чаргу, перажыванне эўхарыстычнай Ахвяры на чале з гродзенскім біскупам.
   
    Чашэйка Аксана, 19 год, парафія св. Вацлава ў Ваўкавыску:
    Пра Парафіяду ў Гродне даведалася ад сваёй сяброўкі, якая сказала, што там вельмі весела і можна даведацца шмат цікавага. Падабаецца, найперш, дух адзінства, які тут пануе, дзе адзін за аднаго перажываюць і падтрымліваюць. Падабаецца таксама і тое, што кожны дзень пачынаўся і заканчваўся супольнай малітвай.
   
    Маёрава Ганна, 16 год, парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе:
    Даведалася ад кс. Андрэя Кевлюка 3 гады таму. Мне вельмі цікава ўдзельнічаць у мерапрыемствах, дзе Касцёл знаходзіцца побач са спортам. Аднойчы прыняўшы ўдзел, зразумела, што Парафіяда сапраўды яднае людзей паміж сабой і з Касцёлам. Падчас яе разумееш, што мы – адзіная сям’я, таму што нават у паражэннях мы заўсёды адчувалі падтрымку і разуменне з боку сваіх калег.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.