ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Выхоўваць прыкладам і верай

З жыцця Касцёла

Развагі аб III Дыяцэзіяльным з’ездзе настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў
Настаўнік – чалавек, які, настаўляючы людзей на дабро, перадае ім сваю душу, узбагачае іх сваім духоўным вопытам і адначасова кіруе іх душамі. Можна бясконца пералічваць усе духоўныя якасці, якімі павінен валодаць сапраўдны Настаўнік, а можна ўсё пералічанае вызначыць толькі адным – прыкладам, якім ён павінен быць для тых, каго настаўляе. Каб быць узорам для калег, прыкладам для вучняў і для людзей, сярод якіх жывеш, каб з’яўляцца ўзорам міласэрнасці і літасці да бліжніх, трэба самому вучыцца, вучыцца кожную хвіліну, кожны дзень свайго жыцця.
Падзея, якая ўжо ў трэ­ці раз сабрала разам настаўнікаў, вык­ладчыкаў і выхавацеляў Гродзенскай дыяцэзіі, якраз і дазваляе гэта рабіць. Вучыць і вучыцца... Праца сейбітаў разумнага, добрага, вечнага самая важная і неабходная была ў ранейшыя часы і сёння, бо чалавеку, каб выбраць сапраўдную дарогу, патрэбна наша мудрае сэрца, патрэбны маці, бацька і, безумоўна, педагог.
Прысутныя на з’ездзе настаў­нікі, напэўна, самыя шчаслівыя людзі. Шчаслівыя таму, што з такой вялікай колькасці прад­стаўнікоў гэтай прафесіі Езус Журботны ў Росі паклікаў да сябе менавіта іх і даў магчымасць з такой карысцю правесці два дні свайго жыцця. Адклаўшы свае справы, свае паўсядзённыя клопаты, якія, на першы погляд, з’яўляюцца такімі важнымі, мы змаглі на першае месца паставіць Хрыста, аддаць перавагу Таму, хто з’яўляецца сэнсам жыцця, пабыць з Ім, адкрыць сваё сэрца, папрасіць прабачэння і дапамогі. А яшчэ паглыбіць сваю веру, узбагаціцца духоўна, атрымаць той зарад моцнай, напоўненай хрысціянскімі ідэаламі энергіі, якую мы, настаўнікі, фарміруем не толькі для сябе, але і павінны перадаваць падрастаючаму пакаленню.
    Праграма з’езда аказалася сапраўды насычанай, цікавай, пазнавальнай і карыснай. Інакш і не магло быць. Бо ў такім намоленым месцы, як санктуарый Езуса Журботнага ў Росі, дзе вітае Божая аўра, дзе пануе незвычайны спакой, дзе кожная травінка нясе адзнакі Божай прысутнасці, сапраўды павінны адбывацца цуды. І ў сэрцах настаўнікаў яны адбыліся, бо кожная хвіліна праведзенага тут часу дадала нам нешта новае, узмацніла нашу еднасць з Богам.
    Сустрэча пачалася святой Імшой, на пачатку якой усіх нас так горача прывітаў пробашч касцёла кс. Чэслаў Паўлюкевіч, святар, у якога хочацца вучыцца, якога хочацца слухаць і за якім, як за Хрыстом, можна ісці і не сумнявацца. Ад яго цёплых слоў, усмешкі, ад яго высокай духоўнасці, інтэлігентнасці, шчырых адносін, гасціннасці мы былі вельмі ўзрушаны і атрымалі зарад бадзёрасці на цэлы вечар і на наступны дзень. Падчас казання, якое прамовіў кіраўнік душпастарства настаўнікаў і выхавацеляў кс. Антоні Грэмза, была звернута ўвага на тое, дзеля чаго мы тут сабраліся, а таксама на тыя каштоўнасці, без якіх кожны хрысціянін, а тым больш настаўнік, не можа ўявіць сваё жыццё. Вера ў Бога ў Тройцы Адзінага, у Яго Любоў, Міласэрнасць, Апеку – гэта тое, да чаго павінен прыйсці кожны. Гэта магчыма тады, калі мы часцей будзем спатыкацца з Богам, асабіста і ўсе разам. А яшчэ трэба радавацца ўсяму, што пасылаецца нам у гэтым жыцці. Толькі так можна пераадолець тыя цяжкасці, якія сустракаюцца ў кожнага чалавека, тым больш настаўніка. Калі ў нашым сэрцы запануе радасць, радасць сустрэчы з Богам, давер Яму, то тады знікнуць разгубленасць, няўпэўненасць, злоба, недавер, нянавісць і ўсё тое адмоўнае, што, на жаль, сёння так часта спадарожнічае нашаму жыццю.
    Незвычайную атмасферу ў спатканне ўнесла і вячэрняя частка праграмы, падчас якой адбылася прэзентацыя груп. У вячэрняй цішыні з тым душэўным супакоем, які можна атрымаць было тут, у Росі, удзельнікі спаткання маглі падзяліцца радасцю, якую яны адчулі і адчуваюць у сваім жыцці, калі у ім на першым месцы стаіць Бог. Усе прыехалі з розных куткоў дыяцэзіі – з Гродна, Ліды, Шчучына, Воранава, Ваўкавыска, Забалаці, Парэчча, Вялікіх Эйсмантаў, Рацічаў, Доцішкаў, Адэльска. Сабраліся разам і атрымалі магчымасць падзяліцца ўсім тым, што ёсць на сэрцы ў кожнага: як прыйсці да Бога, як з Яго дапамогай пераадольваць цяжкасці, як жыць самому і выхоўваць маладое пакаленне. І ў канцы нашых разваг мы сапраўды адчулі сябе адзінай сям’ёй, таму што нас аб’яднала галоўнае: мы любім Бога, шукаем Яго, хочам несці Яго праўду і хочам жыць згодна з Яго наказамі. Мы ўсе маем крылле, бо ў нас ёсць вера, дзеля якой мы тут сабраліся і якую хочам паглыбляць.
    У такой цудоўнай атмасферы завяршыўся першы дзень працы, пасля якога ўсе ўдзельнікі з’езда змаглі ўладкавацца на начлег, арганізаваны пробашчам парафіі. І як прыемна на наступны дзень было пачуць словы аб незвычайнай гасціннасці, шчырасці, адкрытасці, цеплыні парафіян, за што ім, як і пробашчу кс. Чэславу Паўлюкевічу, мы засталіся бясконца ўдзячныя.
    Пасля ранішняй малітвы распачалася канферэнцыя, якую правёў кс. Ян Сарэла. І яшчэ раз мы атрымалі магчымасць паразважаць аб тых шляхах, часам вельмі складаных, якімі кожны прыходзіць да веры. Бог кліча людзей да сябе рознымі спосабамі. Галоўнае ў тым, каб мы адгукнуліся на Яго кліч і дапамаглі гэта зрабіць іншым. Бог не пакідае нікога, хто Яго просіць. Але толькі ад нас залежыць, ці прыйдзем мы да Яго, ці выберам іншы шлях. І як важна ў гэты момант мець асабістыя сувязі з Хрыстом, даверыцца Яму. Для гэтага мы павінны маліцца і вучыцца малітве, бо Бог чакае нашага сведчання. Менавіта настаўнікі павінны быць сведкамі Хрыста паўсюль: у сям’і, у адносінах з калегамі, у працэссе навучання і выхавання маладога пакалення. Гэта іх асноўная задача ў ХХI стагоддзі. Не проста жыць, а жыць з верай і быць сведкам адзінай Веры і адзінай Праўды. Напрыканцы прамовы як адзіная сям’я перад постаццю Езуса Журботнага ўсе прысутныя разам з ксяндзом ад шчырага сэрца прасілі аб памнажэнні веры, веры “поўнай, добраахвотнай, моцнай, адкрытай, радаснай, плённай, здольнай перамагчы цяжкасці, крытыку, сумненне, здольнай умацаваць у цярпеннях і выпрабаваннях”.
    Не менш цікавай была і наступная частка праграмы, дзе над тэмай “Адзінства Бога – нашае адзінства” ўдзельнікі разам з кс. Юрыем Павайбам, кс. Антоніем Грэмзам і спадаром Уладзімірам Леўшуком мелі магчымасць паразважаць у трох групах: I – Бог Айцец, II – Бог Сын, III – Бог Дух Святы. Бог у Троіцы – гэта той трохвугольнік, які нагадвае людскую супольнасць. Мы ўсе адказныя адзін за аднаго, аб’яднаныя верай і вялікай пашанай да Бога Айца – Стварыцеля, Сына Божага – Адкупіцеля, Духа Святога, які вядзе нас да неба. І кожны з прысутных, пранікнуўшыся развагамі аб гэтай Божай таямніцы, яшчэ раз вызначыў тыя жыццёвыя прыярытэты, якія дазволяць зразумець і прыняць Бога ў Тройцы Адзінага. Завяршэннем гэтай важнай падзеі стала святая Імша, якую цэлебраваў пробашч парафіі кс. Чэслаў Паўлюкевіч. Яго словы, накіраваныя да настаўнікаў у час казання, яшчэ раз дазволілі паразважаць аб тым, што з’яў­ляецца для нас сапраўднымі каштоўнасцямі, якая мэта нашага жыцця. Ці думаем мы пра Каралеўства Нябеснае, і які шлях вядзе туды? І кожны прысутны адчуў у сваім сэрцы тую ласку, якой надзяліў нас Бог ужо тым, што мы сабраліся тут разам і маем магчымасць шукаць гэты ключ да Неба, што мы вельмі прагнем Божай ласкі, якую потым хочам перадаць сваім сем’ям, калегам, вучням. Хіба не ў гэтым сэнс жыцця сапраўднага Настаўніка?
    Прыемным падарункам удзель­нікам з’езда стала выступленне музычнага гурта “Май” парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі з Квасоўкі пад кіраўніцтвам кс. пробашча Яна Занеўскага, якому настаўніцкая супольнасць выражае глыбокую ўдзячнасць за такіх выхаванцаў. У атмасферы цудоўнай музыкі, якой парадавалі нас маладыя выступоўцы, мы змаглі стаць Божымі дзецьмі, нягледзячы на свой далёка не малады ўзрост, змаглі адчуць сябе маладымі душой і целам і яшчэ раз своеасаблівым чынам выказаць сваю любоў да нашага Створцы.
    Трэці з’езд адбыўся ў санк­туарыі Пана Езуса Журботнага ў Росі. І гэта не выпадкова. Езус сам быў Настаўнікам і паклікаў нас да сябе, паклікаў, каб даць сілы і моцы ў такой адказнай справе, як выхаванне маладога пакалення. Мы павінны ўмацоўваць іх веру, веру радасную, моцную, шчырую, чыстую, несці любоў і сеяць тое, што сеяў наш Збаўца. Два дні, праведзеныя сумесна, сталі сапраўдным цудам для ўдзельнікаў. Яны з’ядналі, узбагацілі, натхнілі і, галоўнае, сталі стымулам для ажыццяўлення таго, да чаго імкнуўся і чаго жадаў Езус Хрыстус.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.