ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Безыменны фундамент веры

На шляху да святасці

Як вядома, для веруючых асоб вельмі важным з’яўляецца аўтарытэт таго, на падставе чыйго сведчання мы прымаем за праўду тыя ці іншыя пастулаты. Безумоўна, для нас, хрысціян, гэтым першым аўтарытэтам з’яўляецца Стварыцель, які праз сваё Аб’яўленне перадаў нам збаўчую праўду аб Сабе. Аднак, існуе яшчэ адно, хоць, можа, і ўскоснае, але вельмі моцнае сведчанне аб праўдзівасці нашай веры. Гэтым сведчаннем з’яўляюцца вернікі папярэдніх пакаленняў, якія сваім жыццём прамаўлялі аб тым, што Бог ёсць, што Ён – гэта сэнс жыцця, за які тое ж самае жыццё можна аддаць. Да нас гэтае сведчанне дайшло ў вельмі разнастайных формах: прыклад розных асоб (вельмі часта невядомых і ананімных), сухія факты і статыстыкі, якія добра ілюструюць стан рэчаў на той момант, канкрэтныя гістарычныя здарэнні і многае іншае. Таму, можа, цяпер, калі мы перажываем Год веры, варта прыпомніць гэтыя моманты і гэтых асоб, для якіх вера з’яўлялася Праўдай, Сэнсам і, без перабольшвання, Жыццём.
    Матывам, які падштурхнуў мяне звярнуць на гэта ўвагу, былі пэўныя статыстычныя даныя, на якія я натрапіў, збіраючы матэрыял аб мінуўшчыне Касцёла на Гро­дзеншчыне. Аказваецца, што на 1945 год у Беларусі працавала 225 святароў, да 1953 года 130 з іх было арыштавана. Не менш цікавай з’яўляецца статыстыка судовых рашэнняў: згодна з выдадзенымі ў 1944 – 1952 гадах судовымі рашэннямі, 50% святароў атрымала 25 гадоў працы ў лагерах, а 30% – “толькі” 10 гадоў. Але гэтага, праўдападобна, аказалася замала, таму кожнага з іх пазбавілі грамадзянскіх праў на 5 гадоў з поўнай канфіскацыяй маёмасці.
Сапраўды, згодны, што гэта толькі сухая статыстыка. Аднак, калі засяродзіцца над ёй, то высновы будуць сапраўды жахлівыя. За кожнай лічбай і кожным працэнтам стаіць жывы чалавек, асоба, якая практычна была прыгаворана да павольнай смерці ад марозу, недахопу ежы і працы ў жудасных, бесчалавечных умовах. Адзінай прычынай такога жорсткага судовага рашэння было тое, што яны з’яўляюцца веруючымі, святарамі, прадстаўнікамі каталіцкага Касцёла. І гэта толькі святары, дакументацыя аб якіх больш-менш захавалася! А яшчэ сотні і тысячы невядомых звычайных вернікаў, памяць аб якіх, магчыма, існуе толькі ў постаці скупых архіўных даных!
    Спачатку маім намерам было напісаць некалькі радкоў аб якой-небудзь канкрэтнай асобе. Але сустрэча з голымі, у нечым нават цынічнымі, не прыкрытымі прыгожымі словамі фактамі змяніла мае планы. Можна без пафаса сказаць, што наш Касцёл і наша супольнасць пабудаваны на крыві вернікаў, нярэдка пралітай не на сваёй зямлі. Часта месцам іх астатняга спачыну была чужына, зямля, на якой ніколі не будуць гучаць словы пахавальных малітваў (бо вельмі часта невядома, дзе знаходзяцца магілы памерлых). Таму, прыпамінаючы імёны нашых продкаў, якія аддалі сваё жыццё за веру, трэба ў першую чаргу прыгадаць тых, чые імёны згубіліся дзесьці ў бурлівых дзеях. Аднак іх прыклад, іх вернасць, мужнасць, а самае галоўнае – моцная і жывая вера сталі тым моцным фундаментам, на якім існуе наш Касцёл, на якім асноўваецца наша вера!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.