ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Самая моцная зброя

Дзіцячы куточак


   “Ну і што з імі рабіць?” – разважала цётка Ліда, размешваючы цукар у кубку з кавай і паглядаючы на сваіх пляменнікаў.
    Паўлік і Максім не маглі спакойна сядзець на месцы, увесь час сварыліся і пакрыквалі адзін на аднаго. Пакуль цётка Ліда намазвала джэмам кавалак булачкі для іх сястрычкі Ані, за сталом адбылася сапраўдная вайна.
    – Ну, хопіць, так справа не пойдзе, – строга сказала цётка. – Максім, ты ж старэйшы, як табе не сорамна? Навошта ты стукнуў Паўліка? Я ўсё бачыла.
    – А ён першы пачаў. Сядзіць і абзываецца.
    – Не, ён першы, – захныкаў Паўлік.
    – А я чула, як Паўлік Максіма абзываў дрэннымі словамі, – паведаміла Аня.
    – Паўлік, гэта праўда? – спытала цётка Ліда.
Той нахмурыўся і моўчкі апусціў галаву. Максім кінуў пераможны погляд на брата.
    – З’ешце яшчэ па лустачцы хлеба з джэмам, а я вам штосьці раскажу, – прапанавала цётка Ліда.
    Вочы дзяцей нецярпліва загарэліся – яны любілі слухаць цётчыныя гісторыі.
    – Але спачатку я спытаю, якую вы ведаеце зброю?
    – Пісталет! – выпаліла Аня.
    – Кулямёт і граната! – услед за ёй крыкнуў Максім.
    – А я ведаю меч, – заявіў Паўлік.
    – Але гэта яшчэ не ўсё... – загадкава сказала цётка Ліда.
    – Танк! Бомба! Ракета! – пасыпаліся адказы дзяцей.
    – Правільна, але ёсць такая зброя, якая заўсёды б’е прама ў сэрца, ніколі не прамахваецца і робіць вельмі балюча. Ведаеце, пра што я?
    Дзеці прыціхлі, разважаючы. Што ж гэта можа быць?
    – Я вам падкажу, – усміхнулася цётка. – Паўлік, уяві, што Анечку хтосьці абазваў дрэнным словам. Што б ты адчуў?
    – Ух, я б яму даў!
    – А чаму?
    – Мне было б крыўдна і балюча за сястрычку.
    – Вось ты і адчуў бы на сабе сілу гэтай зброі.
    – А, я зразумеў! – закрычаў Максім. – Гэта зброя – дрэнныя словы, так?
    – Сапраўды. А вы заўважылі, што яны заўсёды трапляюць у цэль?
    – У сэрца?
    – Прама ў сэрца. І рану ад іх вылечыць вельмі складана. Бывае, што ніколі яна цалкам і не загойваецца.
    Цётка Ліда замоўкла і паглядзела на дзяцей.
    – А сказаць я вам хацела пра тое, што мы з вамі, дзеці, таксама салдаты. І ўдзельнічаем у самай вялікай вайне.
    – Як у вайне? А хто з кім ваюе? – тут жа пасыпаліся пытанні.
    – Ваююць два вялікіх войскі. Адно войска шматлікіх зласлівых анёлаў, а другое войска Езуса і Яго анёлаў!
    – А вы ведаеце якой зброяй можа карыстацца д’ябал? – спытала цётка Ліда.
    – Напэўна, яму падышла б уся зброя, якую мы называлі, – сказаў Паўлік.
    – Так, бо гэта ён прымушае людзей выкарыстоўваць пісталеты, кулямёты і гранаты, – пацвердзіў Максім.
    – Але вы забыліся пра яго галоўную зброю!
    – Дрэнныя словы! – сказала Аня.
    – Так, яго войска выкарыстоўвае ўсе дрэнныя словы і дрэнныя ўчынкі. А якую зброю выкарыстоўвае Езус?
    – Ну, напэўна, добрыя словы і добрыя, сумленныя ўчынкі.
    – Усё, што дорыць любоў, – сказала цётка Ліда, – ласкавасць, дабрыня, разуменне, дапамога, прабачэнне і многае іншае. Кожны дзень мы ўдзельнічаем у бітве за нашыя сэрцы, і два камандзіра ваююць, каб перамагчы.
    – А як нам вызначыць, на чыім баку мы ваюем? – спытала цётка Ліда.
    – Па зброі! – дружна сказалі дзеці.
    – Правільна! І тут нельга памыліцца. Калі мы гаворым дрэнныя словы, злуемся, сварымся і дрэнна сябе паводзім, то намі камандуе злая сіла. І яна раніць не толькі таго, каго мы крыўдзім. У нашым сэрцы гэты грэх надоўга пакідае дрэнны след. Але гэта яшчэ не ўсё. Гэтая зброя раніць сэрца нашага добрага Збавіцеля.
    – Так? – здзівіліся дзеці. – А чаму?
    – У Бібліі ж напісана: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. Значыць, калі мы крыўдзім чалавека, мы крыўдзім і яго Творцу. А яшчэ, за кожны наш грэх Езус пакутаваў на крыжы і Яму было вельмі балюча. Калі мы грашым, мы, як быццам, ізноў Яго ўкрыжоўваем.
    – Мы не ведалі гэтага, – сказаў Максім. – А ад гэтага зла можна як-небудзь пазбавіцца?
    – Можна, – ізноў усміхнулася цётка, – але яго не пераможаш ніякай зямной зброяй. Калі мы запрашаем Езуса валадарыць у нашым сэрцы, то Ён прабачае нас і змяняе злосць на дабрыню, нянавісць на каханне, і мы становімся падобнымі да нашага Камандзіра, з якім лёгка перамагаць зло. І я жадаю вам, дзеці, заўсёды заставацца на баку Езуса.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.