ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Данюшава

Парафіі і святыні

Дэканат Смаргонь
Касцёл быў заснаваны тут у 1483г. тагачаснымі ўладаль­нікамі маёнтка Саковічамі, але пара­фія была “найбяднейшай” і, верагодна, была патрэбна новая фундацыя. Новая святыня пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы была пабудавана па фундацыі полацкага ваяводы Яна Кішкі і яго жонкі Хрысціны, народжанай Друцкай-Сакалінскай, ад 21 красавіка 1620 г. (парафія эрыгавана ў 1627 г.). Драўляны храм, крыжападобны ў плане, дзейнічаў як парафіяльны касцёл Ашмянскага дэканата да другой паловы XVII ст., а потым як філія быў далучаны да сольскай парафіі. У 1728 – 1773 гг. тут дзейнічала езуіцкая місія ад калегіума ў Жодзішках, якую заснаваў шляхціч Мікалай Кошыц.
Старажытны касцёл да канца XVII ст. не захаваўся і на мяжы стагоддзяў набажэнствы адбываліся ў “шопе”. У 1809 г. на сродкі Марціна Кліманскага на ранейшым месцы – на правым беразе Віліі – быў пабудаваны новы драўляны касцёл у даволі эклектычным стылі: з рысамі барока і класіцызму. З гэтага часу Данюшава стала самастойнай парафіяй, асвяціў касцёл пад гістарычным тытулам завілейскі дзекан кс. Антоній Багіленьскі. Плябанія тут паўстала толькі ў 1820 г. Дагэтуль парафію абслугоўвалі бернардыны з Беніцы, якія таксама выкладалі ў парафіяльнай школцы.
    На фундаменце левай калоны галоўнага фасада касцёла выбіта дата – 1902 г. У гэтым годзе скончылася рэканструкцыя святыні, распачатая ў 1899 г. тагачасным пробашчам кс. Ніказыям-Юзафам Гінтаўтам-Дзевялтоўскім (1894 – 1903 гг.) з дапамогаю парафіян. У тыя гады дабудавалі апсіду з сакрыстыямі, над галоўным фасадам узнесліся 2 чацверыковыя двух’ярусныя вежы-званіцы пад шатровымі дахамі, аконныя праёмы набылі спічастую форму, а касцёлу былі нададзены таксама іншыя рысы неаготыкі.
    Сёння касцёл Найсвяцейшай Тройцы – гэта прамавугольны ў плане, дзвюхвежавы зальны храм з прамавугольнай апсідай з дзвюма сакрыстыямі. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе чатырохкалоннага дарычнага порціка, трохвугольны франтон якога ўпрыгожаны завяршэннем у стылі барока. Інтэр’ер перакрыты плоскай падшыўной столлю з дэкаратыўнымі разеткамі, больш вузкі прэсбітэрый – корабавым скляпеннем. Сёння ў касцёле 3 алтары: галоўны – Найсвяцейшай Тройцы (вялікі абраз змешчаны ў цэнтры чатырохкалоннай кампазіцыі, у інтэркалумніі выявы ўкленчыўшых анёлаў), левы бакавы з фігурай Пана Езуса, правы – з фігурай Маці Божай. Над уваходам размешчаны хоры на 4 слупах. Пад касцёлам знаходзіцца крыпта з уваходам з вуліцы. Плябанію пабудаваў кс. Эдвард Грыгалюнавіч (да 1850 г.), новую ў 1899 г. – кс. Гінтаўт. Будынак не захаваўся. Тэрыторыя храма абгароджана бутавым мурам з аднапралётнай брамай. Злева ад касцёла знаходзіцца грувасткі бутавы аднапавярховы будынак пад чатырохсхільным дахам – у 1906 г. кс. Ян Курчэўскі пабудаваў яго як званіцу над косніцай (трупярняй). Справа некалькі гадоў таму была ўсталявана каркасная званіца, а касцёльныя вежы абшыты бляхаю. Перад уваходам на касцёльную тэрыторыю ў I Сусветную вайну германскія войскі ў гонар “паспяховай пераправы нямецкай кавалерыі праз Вілію ў гэтым месцы ў 1915г.” паставілі мемарыяльную каплічку ў выглядзе бутавай піраміды, якую з 2000-х гг. завяршае фігура Панны Марыі. Падчас I Сусветнай вайны немцы разабралі званіцу і з яе цэглы выклалі грубкі ў касцёле, які прыстасавалі пад шпіталь. Старажытны звон знялі і адправілі ў Берлін – як асаблівую каштоўнасць. Ён быў вернуты толькі ў сярэдзіне 1920-х гг.
    У другой палове ХIХ ст, калі смаргонская парафія была ліквідавана, да данюшаўскай парафіі прыпісвалася капліца ў Залессі, дзейнічала тады і драўляная капліца на мясцовых могілках. Апошняя была пабудавана 13 мая 1809 г., адрэстаўрыравана намаганнямі кс. Руткоўскага і асвечана біскупам Красіньскім у 1862 г. пад тытулам св. Пятра. Знікла святыня падчас I Сусветнай вайны. Да першай паловы ХIХ ст. узгадвалася ў Данюшаве і капліца над залай у маёнткавым палацы, а таксама і палацавая капліца ў маёнтку Святляны. У 1930-я гг. далучылася капліца ў Дубатоўцы і колькасць парафіян дасягнула амаль 3000 вернікаў.
    У Данюшаве нарадзіўся і быў ахрышчаны ў Троіцкім касцёле кс. Ян Курчэўскі, вядомы гісторык Касцёла, магістр тэалогіі.
    У пасляваенны час савецкія ўлады зачынілі касцёл. Касцёльнае начынне выкінулі на вуліцу, каштоўныя рэчы адаслалі ў Смаргонь, а астатнее спалілі. Данюшаўцам тады ўдалося выратаваць няшмат: абраз Маці Божай (без шатаў), срэбнага голуба і ягнятка, якое і сёння стаіць над алтаром. Будынак касцёла, як і шмат іншых нашых святынь, быў прыстасаваны пад збожжасховішча, сцены святыні “абраслі” гаспадарчымі дабудовамі.
    Тым не менш, у 1970-я гг. святыня была аб’яўлена помнікам архітэктуры. Напрыканцы 1980-х гг. будынак касцёла нарэшце вярнулі католікам. Два гады працягвалася рэстаўрацыя, і сёння святыня дзейнічае. Як і раней, да данюшаўскай парафіі прыпісана капліца ў Дубатоўцы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.